46 гадоў працуе ў ПМК № 95 “Вадбуд” Сяргей Русачкоў

46 гадоў працуе ў ПМК № 95 “Вадбуд” Сяргей Русачкоў

На прадпрыемства ён трапіў невыпадкова. Пасля школы скончыў Бабруйскае СПТВ № 8, дзе атрымаў прафесію механізатара меліярацыйных работ, і ў адпаведнасці са спецыяльнасцю ў 1978 годзе быў накіраваны ў ПМК № 95 “Вадбуд”.

А ў меліярацыйнай галіне ў той час адбываліся глабальныя пераўтварэнні: пачаліся маштабныя работы па асваенні зямельных рэсурсаў, пераходзе забалочаных тэрыторый у высокапрадукцыйныя сельскагаспадарчыя ўгоддзі. Таму да работы моладзь прыступала з асаблівым душэўным уздымам.

Вось і Сяргей працаваў на славу. На магутнай тэхніцы аб’ездзіў увесь раён, удзельнічаў ва ўсіх работах прадпрыемства. Прыемна было назіраць, як яшчэ ўчора парослая хмызам багна ператвараецца ў роўныя палеткі, на якіх заўтра закалосяцца жыта ды авёс. І калектыў падабраўся цудоўны: усе па-гаспадарску ставіліся да даручанай справы, ды і плячо калегам падставіць маглі, калі патрабавалася.

За гады працы Сяргей Мікалаевіч узмужнеў, назапасіў вопыту, зарабіў павагу ў калек­тыве. Мае самы высокі кваліфікацыйны разрад. Атрымаў і пачэснае званне “Ганаровы меліяратар”.

Час ідзе, а работа, якую выконваю, не мяняецца, — адзначае суразмоўца. — Разраўноўваю грунт, засыпаю траншэі, карчую пні, расчышчаю тэрыторыю. Без бульдозера ў правядзенні меліярацыйных работ наогул не абысціся. Пры будаўніцтве дамб, каналаў, дрэнажных сістэм, асушэн­ні і арашэнні зямель заўсёды неабходна магутная тэхніка.

Зараз, напрыклад, меліяратары задзейнічаны ў Заручэўі на сістэме “Сіняя” ААТ “Асіповічыаграпрамтэхзабеспячэнне”.

Здараецца працаваць не толькі на тэрыторыі свайго раёна. ПМК вобласці актыўна дапамагаюць адна адной у ходзе ліквідацыі вынікаў стыхіі або пры рэалізацыі буйных будаўнічых праектаў. Па вытворчай неабходнасці здараецца меліяратару выязджаць у камандзіроўкі і ў іншыя раёны. Напрыклад, нядаўна працаваў на Слаўгарадчыне і ў Бабруйскім раёне.

— Цяжэй за ўсё даводзіцца зімою, — разважае Сяргей Мікалаевіч. — Сёлета было шмат снегу, таму, перш чым прыступіць да работ, неабходна было вызваліць тэрыторыю ад снежнага покрыва. Але спраўляліся. Нямала клопату дастаўляюць і… бабры.  Мы пракладаем каналы, а грызуны перагароджваюць іх плацінамі. Плынь спыняецца, з-за чаго павышаецца ўзровень вады на палях. Ліквідуем плаціны, а праз нейкі час выяўляем, што збудаванні зноў узніклі, і на тых жа самых месцах.  У адным толькі Заручэўі
ліквідавалі пяць бабрыных хатак. Вось так і процідзейнічаем. 

А яшчэ ветэрана працы непакоіць, што сённяшняя моладзь не ўключае меліярацыю ў лік прыярытэтных сфер дзейнасці і выбірае іншыя напрамкі. Сяргей Мікалаевіч упэўнены: справа, якой ён займаецца, патрэбная і карысная для ўсіх. Да яе ён калісьці далучыў і сына. Леанід скончыў вучылішча меліярацыйнага будаўніцтва ў Бялынічах, а затым нейкі час працаваў побач з бацькам.

Сяргей Русачкоў не толькі дысцыплінаваны і адказны работнік, але і шчаслівы тата і дзядуля: мае траіх дзяцей і сямёра ўнукаў, а зараз разам з роднымі чакае нараджэння праўнучкі. Жыццё працягваецца!

Іна Заскевіч.

Последние новости

Общество

Як супрацьстаяць хатняму гвалту?

25 апреля 2026
Читать новость
Спорт и туризм

Международный Осиповичский марафон прошел 18 апреля

25 апреля 2026
Читать новость
Общество

Зачем спилили деревья

25 апреля 2026
Читать новость
Общество

Пра вопыт, давер, дапамогу

25 апреля 2026
Читать новость
Общество

Куда деть строительный мусор

25 апреля 2026
Читать новость
Общество

46 гадоў працуе ў ПМК № 95 “Вадбуд” Сяргей Русачкоў

25 апреля 2026
Читать новость