37 гадоў на элеватары: гісторыя майстра Ларысы Сокал з Асіповічаў

Сельская гаспадарка і перапрацоўчая вытворчасць патрабуюць ад работнікаў спецыяльных ведаў, неверагоднай адказнасці, уважлівасці ды шчырай адданасці сваёй працы. Менавіта такімі якасцямі валодае майстар элеватара № 1 Асіповіцкага вытворчага ўчастка ААТ «Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў» Ларыса Сокал. На родным прадпрыемстве яна працуе амаль чатыры дзясяткі гадоў.
Ларыса Сокал нарадзілася ў вёсцы Шыпы Карытненскага сельсавета, якой, на жаль, ужо няма на сучаснай карце раёна. Пасля школы дзяўчына выбрала не зусім жаночую, але запатрабаваную спецыяльнасць «тэхнік-будаўнік». Аднак лёс распарадзіўся так, што пасля заканчэння Бабруйскага сельскагаспадарчага тэхнікума па размеркаванні яна трапіла не на будаўнічую пляцоўку, а на асіповіцкі млынкамбінат. Гэты выпадак і вызначыў яе далейшае жыццё.
Ларыса пачынала апаратчыкам апрацоўкі зерня, затым асвоіла прафесію аператара, зараз займае пасаду майстра.
У яе падначаленні знаходзіцца дзясятак чалавек, а ў зоне адказнасці — 65 тысяч тон зерня: менавіта столькі складае аб’ём элеватара № 1.
У абавязкі майстра элеватара ўваходзіць шмат задач. Трэба размясціць паступаючае на прадпрыемства зерне з кузаваў і вагонаў, размеркаваць зерне, якое захоўваецца, на млын і ў два крупяныя цэхі, граматна арганізаваць работу падначаленых людзей. Ларыса Мікалаеўна нясе поўную матэрыяльную адказнасць за цэласць збожжа. Кожная прынятая тона павінна быць не толькі захавана ў колькасным эквіваленце, але і не страціць якасці. Таму трэба сачыць за тэмпературай і вільготнасцю, не дапускаючы псавання сыравіны. Да таго ж работа на элеватары патрабуе шмат фізічных сіл, а таксама пастаяннай уважлівасці і хуткасці рэакцыі. Вытворчасць з’яўляецца выбухованебяспечнай, таму майстар пільна сочыць за парадкам і чысцінёй на ўсіх участках, арганізоўвае працу падначаленых па ўборцы канвеераў і працоўных зон.
Нялёгкая праца на працягу 37 гадоў на адным вытворчым участку. На пытанне, што трымае яе тут столькі гадоў, Ларыса Сокал адказвае проста: «Падабаецца работа!»
У яе змене працуюць выдатныя дзяўчаты, з якімі жанчыне ўдалося знайсці агульную мову і ўзаемаразуменне. А гэта вельмі важна, калі ў калектыве ўсе працуюць зладжана і з разуменнем.
Пасля змены, поўнай шуму і пастаяннага руху, лепшым адпачынкам для Ларысы Мікалаеўны становіцца ўтульны ўласны дом. Яе хобі — тое, што прыносіць спакой і радасць: праца на агародзе, кансерваванне, вязанне. Але галоўнае шчасце — вялікая і дружная сям’я. Разам з мужам, які доўгі час працаваў механізатарам у сельгаспрадпрыемстве, выхавалі трох сыноў. Дзеці выбралі карысныя і важныя прафесіі: адзін працуе ў сельскай гаспадарцы, другі звязаны з будаўніцтвам, а малодшы стаў урачом. Яны падарылі Ларысе Мікалаеўне пяцёра ўнукаў — чатыры дзяўчынкі і хлопчыка. У выхадныя і святы сям’я збіраецца разам, і дом напаўняецца смехам і цеплынёй.
Алена Суета
