3 сакавіка ў сталіцы пройдзе Рэспубліканскі жаночы форум “Жанчына і будучыня вёскі”

Асіповіччыну на ім прадставіць педагог Каменіцкай сярэдняй школы Ала Шалыпіна.
Кандыдатура выбрана невыпадкова. Ала Васільеўна з жыццём вёскі знаёмая не па чутках, яна — сельскі жыхар, жанчына, матуля, гаспадыня, педагог. І спіс гэтых сацыяльных роляў можна працягваць. А галоўнае тое, што з усімі імі яна спраўляецца на выдатна.
Ала Шалыпіна настаўнічае ўжо не адзін дзясятак гадоў. Прычым да педагагічнай дзейнасці прыйшла не адразу. Хоць яе школьныя настаўнікі бачылі ў здольнай выпускніцы будучую калегу, тым не менш пасля школы дзяўчына скончыла сельгасакадэмію. Але прызванне паклікала ў школьны клас, таму, адпрацаваўшы пэўны час селекцыянерам, паступіла на біяфак БДУ, а потым стала выкладаць біялогію і хімію юным жыхарам Каменічаў. І пра першую адукацыю не забылася: яна знайшла прымяненне ў даследчай дзейнасці, якую педагог актыўна вядзе з вучнямі. На працягу дзесяці гадоў восем работ яе навучэнцаў атрымалі прызавыя месцы на рэспубліканскім узроўні і шэсць стыпендый прэзідэнцкага фонду па падтрымцы адоранай моладзі. Педагог і сама стала стыпендыятам фонду Прэзідэнта.
Навуковай дзейнасцю яе вучні займаюцца вельмі ахвотна.
— Не так і шмат цікавых захапленняў у вёсцы, — тлумачыць настаўнік, — таму калі рабятам даецца магчымасць стаць юнымі даследчыкамі, пакорпацца ў літаратуры, з’ездзіць у Нацыянальную акадэмію навук, правесці нейкія доследы, самыя кемлівыя і дапытлівыя захапляюцца і ўжо самі прапаноўваюць тэмы. А яны розныя, галоўнае — прыбліжаныя да рэальнага жыцця, зразумелыя і прыдатныя да прымянення. Напрыклад, першая работа была прысвечана захаванню яблыкаў у моху, лістоце, пілаванні.
Чарговае даследаванне датычылася захавання папуляцыі сон-травы ў мясцовым лесе, якое знайшло водгук у раённай інспекцыі па ахове прыроды і навакольнага асяроддзя і адабрэнне Нацыянальнай акадэміі навук. Яшчэ адну тэму падказаў вучань, які прапанаваў разабрацца, чаму марудна чырванеюць памідоры ў цяпліцы. Усё атрымалася: і матулі хлопчыка дапамаглі, і работу абаранілі, і цікавасць да вынаходніцтва ў дзяцей падтрымалі.
Любяць рабяты праводзіць і хімічныя доследы. У сельскай школе не развернеш паўнавартасную лабараторыю, але частку работы педагог пераносіць у Магілёўскі педуніверсітэт або Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства ці нават Акадэмію навук.
— Вучні зусім не абавязкова стануць у будучым біёлагамі, — мяркуе Ала Васільеўна. — Кожны павінен знайсці сябе ў той справе, да якой ляжыць душа. Аднак удзел у навукова-даследчай дзейнасці ні для каго не праходзіць бясследна. Рабяты пачынаюць верыць ва ўласныя магчымасці, адкрываюць для сябе займальны свет навукі, вучацца працаваць у камандзе, фарміруюць уменне шукаць варыянты рашэнняў, даводзіць пачатае да лагічнага завяршэння — усё гэта спатрэбіцца ў любой галіне і сферы дзейнасці.
Збіраючыся на форум, педагог разважае: “Такія маштабныя мерапрыемствы — гэта заўсёды цікава: новыя знаёмствы, разнастайная інфармацыя, яскравыя ўражанні, ідэі і натхненне. Ад Рэспубліканскага жаночага форуму я таксама чакаю жывога адкрытага дыялогу. У сучасным свеце, які вельмі хутка мяняецца, жанчынам, як ніколі, важна аб’яднацца, каб абмяняцца вопытам і знайсці новыя кропкі апоры. Спадзяюся ўбачыць і пачуць канкрэтныя гісторыі поспеху, а таксама інструменты самарэалізацыі. Мне цікава, як жанчыны з розных галін — бізнесу, культуры, сацыяльнай сферы — рашаюць адны і тыя ж праблемы і якія ідэі мы зможам выкарыстаць у сваёй практыцы”.
Іна Заскевіч
