СШ №2 г. Асіповічы: у свет прафесій — поруч

“Адным з важнейшых прызначэнняў школы з’яўляецца прафарыентацыя вучняў, якая павінна чырвонай ніткай праходзіць праз работу класнага кіраўніка”, — лічыць настаўнік СШ №2 Ірына Віктараўна Ванюк. І мае рацыю. Таму што яна разам з Таццянай Валер’еўнай Рыжанковай і Ганнай Адамаўнай Люцінга ужо выпусцілі сваіх прафесійна арыентаваных гадаванцаў у дарослае жыццё, падсумавалі вынікі і засталіся імі задаволены: большасць паступіла ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя вучэбныя ўстановы, а сёлета на школьным небасхіле “засвяціліся” зорачкі, якія ў ходзе правядзення цэнтралізаванага тэсціравання набралі максімальную ці набліжаную да яе колькасць балаў. Так, Андрэй Жлобіч па матэматыцы атрымаў сертыфікат з заветнай лічбай 100 (настаўнік Таццяна Аляксандраўна Бутава), па рускай мове — 98 (Алена Пятроўна Марціновіч), а па фізіцы — 93 (Надзея Мікалаеўна Сасава). Набрала максімальную колькасць балаў па рускай мове і Паліна Пінчук. А Вікторыя Чаропка паспяхова справілася з заданнямі па беларускай мове, і заканамерным вынікам сталі зноў жа 100 балаў (Ірына Віктараўна Ванюк), і толькі шасці не хапіла дзяўчынцы да сотні па выніках ЦТ па англійскай мове (Людміла Вячаславаўна Смірнова).
“І ўсё гэта дзякуючы таму, — лічыць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Кацярына Мікалаеўна Свіркова, — што калектыў СШ №2 ужо 3 гады працуе над укараненнем праекта дыферэнцыраванага навучання, рыхтуе вучняў па асобных дысцыплінах на павышаным узроўні. Акрамя ўзгаданых педагогаў, у праекце задзейнічаны і дапамагаюць вучням дасягаць добрых вынікаў настаўнікі замежнай мовы Наталля Барысаўна Іванова і Людміла Іванаўна Цвірко, выкладчыкі хіміі Людміла Паўлаўна Бабакова і біялогіі Юлія Аляксееўна Хвісевіч.
Профільнае навучанне пачынаецца з першых гадоў знаходжання ў школе. Распрацавана сістэма работы з вучнямі ўсіх класаў, якая ўключае, у залежнасці ад узросту, гутаркі, ролевыя гульні, прагляд відэафільмаў, дэбаты, экскурсіі на прадпрыемствы, сустрэчы з прадстаўнікамі ВНУ і СНУ Мінска, Віцебска, Магілёва. Праводзяцца мерапрыемствы на класных гадзінах і ў шосты школьны дзень. Мэта ўсёй гэтай пазакласнай работы — каб дзецям было лягчэй зарыентавацца ў разнастайнасці прафесій, знайсці свой накірунак і атрымаць якасную падрыхтоўку да навучання на наступнай адукацыйнай прыступцы. Для кожнага вучня складаецца індывідуальная адукацыйная траекторыя, па якой тыя рухаюцца ў розным тэмпе, але толькі наперад. Яна ўключае крэатыўныя кампаненты, напрыклад, карту інтарэсаў, самаадзнаку вучэбнай матывацыі, трэнінг вылучэння ідэй і г.д.
Важны ланцужок у сістэме профільнага навучання — псіхалагічная служба, якая праводзіць дыягностыку, вывучае схіль-насці і здольнасці кожнага школьніка паасобку. Псіхалагічны маніторынг па інфармацыйнай тэхналогіі “REFERENT” праводзіць псіхолаг Вольга Уладзіміраўна Налівайка. А Ала Анатольеўна Барадоўская вядзе факультатыўныя заняткі па тэме “Прафесія маёй мары”, якія старшакласнікі наведваюць з задавальненнем.
Безумоўна, прафесійнае арыентаванне дзяцей немагчыма без удзелу бацькоў, і тыя дапамагаюць у арганізацыі наведвання сваіх рабочых месцаў, даюць магчымасць папрацаваць на іх разам гадзіну-другую. З цікавасцю, напрыклад, наведвалі вучні раён цеплавых сетак, парфумерна-касметычную фабрыку “Сонца”, СААТ “Белга-Прам” і іншыя прадпрыемствы.
Профільнае навучанне сёлета пачалося ва ўсіх установах, якія даюць сярэднюю адукацыю, а таму калегі актыўна вывучаюць вопыт гарадской СШ-2. Гэта ўстанова — адзіная і ў вобласці, якая працуе па інавацыйным праекце дадзенага накірунку. I самае галоўнае — яе выпускнікі дакладна ведаюць, кім яны хочуць стаць. I мэтанакіравана ідуць да рэалізацыі мары.
Іна ЗАСКЕВIЧ.