Школьныя музеі Асіповіцкага раёна: Вязаўніца

Школьныя музеі Асіповіцкага раёна: Вязаўніца

Для чаго ствараюцца музеі? Правільна, каб захаваць памяць пра гістарычныя падзеі, звязаныя з канкрэтнай мясцовасцю, пра тагачаснае жыццё-быццё нашых продкаў ды славутых людзей, якія праславілі родны край. Сярод тых, хто заняты высакароднай музейнай справай — школьныя настаўнікі. Не адно пакаленне вучняў выхавана на традыцыях, звязаных з музеем. Дзякуючы педагогам-энтузіястам сабрана шмат карыснага матэрыялу, у тым ліку і пра Вялікую Айчынную вайну.

Напярэдадні знамянальнай для нас даты — 70-годдзя Вялікай Перамогі — “раёнка” і вырашыла наведацца ў школьныя музеі Асіповіччыны, каб пазнаёміцца з экспазіцыямі, што тычацца ваеннага перыяду.

“Iшла вайна народная”

Так называецца раздзел краязнаўчага музея Вязаўніцкай базавай школы. Яго цяперашняя гаспадыня — настаўніца гісторыі і геаграфіі Тамара Сцяпанаўна Хальцова:

— Праз год нашаму музею споўніцца 30 гадоў. Каля яго вытокаў стаяў былы настаўнік гісторыі Мікалай Мінавіч Гаспадарык. Разам з вучнямі вёў пошукавую работу, наведваўся да старажылаў, запісваў успаміны былых удзельнікаў Вялікай Айчыннай. Калі быў назапашаны пэўны матэрыял, вы-дзелілі спецыяльнае памяшканне для размяшчэння экспанатаў. У асноўным фондзе іх звыш 500, у дапаможным — каля 400. Тое, што зараз размешчана на сценах, вынік работы былога кіраўніка. Як бачыце, на стэндах фотаздымкі былых ветэранаў вайны — удзельнікаў партызанскага руху і франтавікоў. Калі ўспомніць 70-80-я гады мінулага стагоддзя, то такія ж стэнды існавалі амаль ва ўсіх школах. На жаль, з часам яны ў некаторых навучальных установах зніклі, а ў іншых усё ж захоўваюцца — перайшлі ў альбомы. Нам таксама рэкамендавалі, пры магчымасці, замяніць існуючае афармленне на новае, больш сучаснае. Аднак вырашылі нічога не мяняць, а захаваць усё ў першапачатковым выглядзе. І многія наведвальнікі ўдзячны за гэта.

muzey-v-Vyazovnitse

Фотаздымкі ветэранаў

Іх некалькі дзясяткаў — ураджэнцаў бліжэйшых вёсак: Бозак, Малінаўка, Рафалін, Лабковіца, Пасекі, Семіровічы. Пра кожнага ёсць кароткія звесткі аб  удзеле ў вайне. Хтосьці быў партызанам, а затым змагаўся з ворагам на фронце. Некаторыя прайшлі дарогамі вайны ад пачатку да канца. Сярод іх — удзельнікі абароны Ленінграда муж і жонка Шпілеўскія. Антон Леанардавіч родам з Асіповіччыны, Алена Пятроўна — з Віцебшчыны. Лёс звёў іх у 1943 годзе на фронце, калі абаранялі подступы да Ленінграда. За праяўлены гераізм атрымалі медалі “За абарону Ленінграда”. У арсенале галавы сям’і — ордэны Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны. Пасля вайны маладая пара франтавікоў Шпілеўскіх прыехала на радзіму мужа. Да вайны ён закончыў педвучылішча — накіравалі настаўнікам у Вязаўніцкую школу, якую потым узначаліў. Многа добрых успамінаў пакінулі пасля сябе ветэраны вайны ў аднавяскоўцаў, былых вучняў.

Яшчэ пра аднаго настаўніка-ветэрана можна даведацца са стэнда — Мікалая Васільевіча Мычко. Да вайны працаваў у Рафалінскай пачатковай школе. Калі прыйшлі немцы, пайшоў у партызаны, пасля вызвалення раёна — на фронт. Быў паранены. Узнагароджаны медалямі “За адвагу”, “За баявыя заслугі”, “Партызану Айчыннай вайны”. Зараз жыве ў горадзе Ліда ў дачкі.

З успамінаў пра вайну

Яны сабраны ў спецыяльным альбоме, і гэтая каштоўная інфармацыя, як і раней, служыць для патрыятычнага выхавання школьнікаў. Па запісах можна прасачыць ваенныя шляхі-дарогі, па якіх прайшлі землякі.

Павел Логвінавіч Кажанец: “Нарадзіўся ў 1921 годзе ў Бозку. Тут рос, вучыўся ў пачатковай школе. Потым пайшоў у сямігодку, што ў Пасеках, дзе навучанне вялося на польскай мове. З прыходам халадоў бацькі не змаглі купіць ні адзення, ні абутку — пайшоў працаваць у калгас. 20 кастрычніка 1940 года прызвалі ў Чырвоную Армію. Служыў у Львове ў 323 мотапалку 81 Кіеўскай акругі. Там і сустрэў вайну. Праз два месяцы быў сур’ёзна паранены. Трапіў у Харкаў у шпіталь, які затым эвакуіравалі ў Свярдлоўск. Доўгіх 11 месяцаў выжываў. Медкамісія дала II групу інваліднасці. Застаўся там працаваць — шыў абутак для фронту. Мабілізаваўся пасля перамогі ў 1945 годзе”.

Дарэчы, інфармацыя пра Кажанца і яго фотаздымак змешчаны ў кнізе “Памяць. Асіповіцкі раён” у раздзеле “Яны вярнуліся пераможцамі”.

lozhka-muzey-Vyazovnitsa

Экспанаты расказваюць

Адзін з цікавых і незвычайных прадметаў — форменны марскі каўнер, на слэнгавай мове — “гюйс”. Яго падараваў музею П.Л. Кажанец, які прывёз гэты рарытэт з вайны. Расказваў, што атрымаў з рук матроса, якому рамантаваў абутак.

Не так даўно трапіла ў музей нямецкая алюмініевая лыжка, што праляжала ў зямлі з часоў вайны. На ёй — эмблема ваенна-паветраных сіл Германіі 1933-45 гадоў. Хто быў гаспадаром, пры якіх абставінах апынуўся ў ваколіцах Вязаўніцы? Загадка…

Родныя радавога Пракопія Мікалаевіча Клімава, ураджэнца Вязаўніцы, прынеслі ў музей фотаздымак, на якім — воінскае пахаванне ў пасёлку Скрудаліене Даўгаўпілскага раёна (Латвія), дзе пахаваны астанкі дарагога ім чалавека. Некалькі дзясяткаў гадоў таму нашчадкі Клімава там пабывалі…

Журнал наведванняў

Першы запіс у кнізе зрабілі настаўнікі і вучні пачатковых класаў школы ў 1986 годзе — падчас адкрыцця музея. Па словах Тамары Хальцовай, штогод сюды прыходзіць каля 300 чалавек. Калі падлічыць, то за ўвесь час дзверы музейнага пакоя адчынілі каля 10 тысяч наведвальнікаў. Большасць з іх — вучні школ раёна і студэнты, але былі і госці з іншых рэгіёнаў рэспублікі, з Расіі, Англіі, Італіі.

— Галоўнае — ім цікавяцца, а сабраныя матэрыялы служаць для напісання даследчых работ, правядзення выхаваўчых гадзін, — гаворыць Тамара Сцяпанаўна. — Музей пастаянна папаўняецца новымі экспанатамі, значыць — жыве!

Ніна ВІКТОРЧЫК.

Последние новости

Общество

Жыхароў аграгарадка Ясень абслугоўвае магазін Глускага адасобленага структурнага падраздзялення Клічаўскага райста

27 июля 2025
Читать новость
Общество

По данным Главного статистического управления Могилёвской области, розничный товарооборот Осиповичского района в I полугодии составил 181,5 млн руб

27 июля 2025
Читать новость
Общество

В “Белбланкавыде” всегда подберут желаемое

27 июля 2025
Читать новость
Общество

Гороскоп на 26 июля для всех знаков зодиака

26 июля 2025
Читать новость
Общество

Иностранцы без ВНЖ: как правильно сдать жилье и узаконить трудовые отношения

25 июля 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко дал интервью одному из наиболее известных мировых изданий

25 июля 2025
Читать новость

Рекомендуем