Школьныя музеі Асіповіцкага раёна: Дараганава

Школьныя музеі Асіповіцкага раёна: Дараганава

Кніга наведвальнікаў за больш чым 30 гадоў існавання музея ўтрымлівае сотні падзяк за змястоўныя экскурсіі. Экспазіцыі пастаянна абнаўляюцца, пошукавая работа дырэктара музея Жанны Каралені і мясцовых вучняў прыносіць новыя звесткі па гісторыі дараганаўскага краю, цікавыя экспанаты. Апошніх налічваецца ўжо каля 4.000. Распачала ж стварэнне музея настаўніца Зінаіда Рыгораўна Верашчака, унеслі сваю лепту ў развіццё і Л.Каленік, І.Радзевіч, Т.Чучына, С.Бародзіч.

Daraganovo-muzey

Экспазіцыя размясцілася ў 6 тэматычных раздзелах, адзін з якіх — “Ніхто не забыты, нішто не забыта”. У асноўным ён прысвечаны дзейнасці партызанскай брыгады імя Катоўскага, якая дыслакавалася на тэрыторыі Дараганаўскага сельсавета: фотаздымкі партызан, біяграфічныя даведкі, асабістыя рэчы, успаміны пра вайну. Ёсць трохвуголь-нікі з фронту, перыядычныя выданні ваеннага часу, лістоўкі, спісы загінуўшых на фронце, у партызанах, знішчаных фашыстамі мірных жыхароў. Аднавяскоўцы-франтавікі перадалі на захаванне шмат узнагарод. Баявыя перададзены ў Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Я.Р.Раманава, а тут засталіся толькі юбілейныя. Шмат матэрыялаў прысвечана ахвярам фашысцкага генацыду. У архівах захоўваюцца ўспаміны М.В.Жарава, У.С.Свярдлова — былых вязняў Крынкаўскага лагера зняволення, створанага на месцы былога санаторыя; копіі допытаў паліцэйскіх з вёсак Дараганава і Крынкі. За апошні перыяд фонды музея папоўніліся ўспамінамі 14 сведкаў падзей Вялікай Айчыннай вайны. Займаюць належнае месца творчыя, пошукавыя і навукова-даследчыя работы вучняў. Асобна выдзелена экспазіцыя пра праведнікаў свету, ёсць медаль і граматы Лідзіі і Міхаіла Міхадзюкоў і Фёдара Мятліцкага, якія выратавалі ў вайну мясцовых жыхароў Ларысу Стоцкую з сястрой Вольгай. Пастаянна папаўняецца фонд з ваеннай амуніцыяй, рэшткамі зброі часоў вайны.

— Наш музей — візітоўка дараганаўскага краю, — гаворыць Жанна Караленя. — Сёлета ён заняў першае месца ў раёне сярод музеяў баявой славы ўстаноў адукацыі. Ёсць і свой сайт, дзе змешчана шмат цікавай інфармацыі. Пошукавая работа не спыняецца. У Цэнтральны архіў Мінабароны Расіі, што ў Падольску, накіраваны запыт па земляку з Радуціч Кузьме Ерко, які быў удзельнікам скідвання з самалёта Сцяга Перамогі на Рэйхстаг 1 мая 1945 года. Пяты год вядзецца вышук невядомага лётчыка, які пахаваны ў Мязовічах. Чакаем з архіва і фота камандзіра партызанскай брыгады імя Катоўскага № 161 Андрэя Сямёнавіча Шашуры.

Каштоўная знаходка

Такой лічацца дакументы са знойдзенага ў 2009 годзе асіповіцкім пошукавікам Андрэем Зайцавым ваеннага архіва 214 паветрана-дэсантнай брыгады. Сейф з дакументамі знаходзіўся ў былым засыпаным калодзежы ў раёне Брыцалавіч. Знаходка аказалася адзінай у сваім родзе за апошнія 25 гадоў на тэрыторыі Беларусі. Чаму дакументы з сейфа 214 ПДБ маці Андрэя Вера Адамаўна Зайцава вырашыла перадаць у Дараганава? Лічаць тут, за вялікую пошукавую работу, вынікам якой сталі знойдзеныя рэшткі 12 чырвонаармейцаў і партызан, за праведзенае ўрачыстае іх перазахаванне.

muzey-Daraganovo

І яшчэ дэталь. У адным з пісьмаў ветэранаў вайны, якое захоўвалася ў архіве Ленінскага музея былой Дараганаўскай санаторна-лясной школы, называлася кніга “В бой уходили десантники” аўтараў І.І. Громава і В.Н.Пігунова. Яе ўдалося знайсці ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Мінску. На 183 старонцы апісаны бой дэсантнікаў з 214 ПДБ за станцыю Дараганава, якім камандаваў ад’ютант Павел Дараганаў. У тым баі 7 ліпеня 1941 года было забіта 17 варожых салдат і выведзена са строю 2 аўтадрызіны. І сімвалічна, што дакументы гэтай брыгады атрымалі вечную прыпіску ў Дараганаве.

Перад вамі — шашка кавалерыйская

для каманднага і начальніцкага складу Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі ўзору 1927 года з цемляком. Перададзена Верай Зайцавай тры гады таму. Шашка знойдзена ў лясах каля Карытнага на месцы баёў кавалерыстаў з 1-га коннага рэйду пад камандаваннем А.І.Бацкалевіча.

Пасля праведзеных пошукавых экспедыцый фонды папоўніліся яшчэ экспанатамі: драўляна-металічнай асновай кавалерыйскага сядла з урочышча Буцін; падковамі і часткамі кавалерыйскай збруі; фотаздымкам пачатку 40-х гадоў кавалерыста Паўла Восіпавіча Васкабойнікава, які пахаваны ў брацкай магіле каля мясцовай школы.

Рама ад нямецкага самалёта

З’явілася яна ў музеі не так даўно. Нават цяжка здагадацца, што гэта за прылада. Як і ў кожнага экспаната, у прадмета свая гісторыя. У 1944 годзе на тэрыторыі Дараганаўшчыны быў паветраны бой. Немцы збілі савецкі самалёт, а свой пасадзілі недалёка ад вёскі Паўлаўка, што на мяжы са Старадарожскім раёнам. Партызаны не пакінулі ў жывых фашыстаў — непадалёк ад Фалічаў расстралялі. Мясцовае насельніцтва знайшло прымяненне таму самалёту: сталь пайшла на выраб вёдзер, лыжак і іншага, раму ж зацягнулі на дрэва і зрабілі буслянку. А калі буслы перасталі там сяліцца, то вырашылі аддаць яе ў музей. Ініцыятыва належыць пляменніку Віктара Чыжыка — Аляксандру Гарбачу.

muzey-Daraganovo-furazhki

Песеннік

Экспанат трапіў у музей дзякуючы былой медсястры Дараганаўскай санаторна-лясной школы Валянціне Шахінай, а належыць Надзеі Нанілінай, ураджэнцы Карэліі. Яна з 1938 па 1959 год запісвала ў сшытак песні, у тым ліку і ваеннага часу. Ёсць там і патрыятычная “Кацюша“, але з іншым зместам:

Про того, кого она невольно
Полюбила, точно жизнь свою,
Про того, кто нынче под Кексгольмом
Защищает родину свою.
Финских елей снежные вершины,
Дым, огонь и орудийный гром.
Он, водитель боевой машины,
Сквозь леса несется напролом.

Карта Бранскай і Варонежскай абласцей

Выдадзена гітлераўцамі ў 1943 годзе. Невядома, як апынулася на гарышчы аднаго з дамоў у Крынцы. Знайшлі яе выпадкова: Рыгор Шумін купіў домік пад дачу і, калі разбіраў яго, каб перавезці ў Каўгары, карта і трапіла на вочы. Знаходку перадаў у музей.

Асабістая лётная кніжка

Да пэўнага часу захоўвалася ў Зінаіды Данілаўны Камісаравай, сястры падпалкоўніка Сяргея Комліка — ураджэнца Дараганава, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, лётчыка 2-й гвардзейскай Севастопальска-Берлінскай дывізіі. Першы запіс у дакуменце зроблены ў 1939 годзе, апошні — у сорак сёмым. А паміж імі — палёты. Спачатку — вучэбныя, затым — баявыя. І — гарады: Арол, Бранск, Гомель, Львоў, Севастопаль, Брэст, Мінск, Кішынёў, Выбарг, Бабруйск, Будапешт, Брэслау, Штутгарт, Кёнігсберг, Данцыг. Апошні бой — 25 красавіка 1945 года: бамбіў Берлін. Пасля вайны лятаў на цяжкіх бамбардзіроўшчыках. Жыў у Кіеве, пахаваны на малой радзіме.

Ніна ВІКТОРЧЫК.

Последние новости

Общество

Гороскоп на 21 августа для всех знаков зодиака

22 августа 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко рассказал о скором визите в Китай и встрече с Си Цзиньпином

21 августа 2025
Читать новость
Власть

Производство ракет – в центре внимания Лукашенко. Президент требует определиться с развитием отрасли

21 августа 2025
Читать новость
Общество

“Знакомый парень во время конфликта избил меня. Как его наказать?” Отвечает участковый инспектор милиции

21 августа 2025
Читать новость
Общество

Гороскоп на 21 августа для всех знаков зодиака

21 августа 2025
Читать новость
Власть

“Фундамент для масштабного рывка есть”. Главное из переговоров Лукашенко и Пезешкиана в Минске

20 августа 2025
Читать новость

Рекомендуем