На працягу двух месяцаў па абласцях краіны праходзіць прэзентацыя кнігі “Імя тваё — настаўнік”

На працягу двух месяцаў па абласцях краіны праходзіць прэзентацыя кнігі “Імя тваё — настаўнік”. У яе ўвайшлі 129 педагагічных дынастый, у якіх налічваецца чатыры і больш пакаленняў педагогаў. Ініцыятарам стварэння зборніка стаў Беларускі прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі. Асіповіччыну ў кнізе прадстаўляе дынастыя Пішчовых.

Усе прывыклі бачыць ля школьнай дошкі жанчын-настаўніц. Прадстаўнікі моцнага полу пераважна ўладараць у спартыўнай зале ці майстэрні, і то ўсё радзей. А між тым сучасныя дзеці маюць вялікую патрэбу менавіта ў мужчынскім навучанні і выхаванні.

Сям’я Пішчовых у гэтым сэнсе зламала звыклы стэрэатып: на працягу 100 гадоў мужчынам гэтага роду перадаецца педагагічны “ген”. Прычым шэсць прадстаўнікоў слаўнай дынастыі скончылі Магілёўскае педвучылішча, а затым Магілёўскі дзяржаўны педінстытут. Наогул, гэта цудоўная сям’я моцная сваімі традыцыямі. Паступаць — дык у Магілёў і менавіта ў пед. Працаваць — дык па магчымасці ў сваім раёне, а калі пакідаць малую радзіму, то дзеля выкладання ў сталічнай ВНУ. У спадарожнікі жыцця выбіраць — тых, з кім агульныя інтарэсы і светапогляды, безумоўна, педагогаў. Многія члены гэтай сям’і прысвяцілі сваё жыццё навучанню хлопчыкаў і дзяўчынак Асіповіччыны.

Агульны педагагічны стаж сям’і Пішчовых — 321 год.

Заснавальнікам дынастыі родныя лічаць дзядулю, Мікалая Лукіча, які ўсё жыццё настаўнічаў на Магілёўшчыне. Пачынаў у 1929 годзе, а з 1933 да     1969-га, калі выйшаў на пенсію, працаваў дырэктарам Сінюжскай пачатковай школы. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаны ордэнамі Славы і Айчыннай вайны, медалём “За баявыя заслугі”. Выхаваў дваіх дзяцей.

Яго сын Уладзімір Мікалаевіч пасля атрымання прафесійнай адукацыі прыехаў працаваць у пасёлак Татарка, дзе 51 год займаўся педагагічнай справай. Нейкі час працаваў намеснікам загадчыка райАНА, узначальваў пасялковы Савет дэпутатаў. Спартсмен, цудоўны арганізатар, у шасцідзясятых гадах пабудаваў у пасёлку адзін з лепшых стадыёнаў у раёне, за што быў узнагароджаны медалём “За развіццё спорту на вёсцы”. У яго арсенале шматлікія граматы, знак пераможцы сацыялістычнага спаборніцтва.

У час вучобы будучы настаўнік пазнаёміўся са студэнткай Таццянай Іосіфаўнай, з якой яму было наканавана ісці рука аб руку. Яна аказалася надзіва добразычлівым, працавітым чалавекам. Былыя вучні і цяпер памятаюць сваю першую настаўніцу, удзячны ёй не толькі за навучанне грамаце, але і за тое дзіўнае душэўнае святло, якім напоўніла іх сэрцы, даўшы зарад дабрыні на ўсё жыццё. У працоўных кніжках гэтых двух людзей значыцца толькі адно працоўнае месца — Татаркаўская сярэдняя школа. Таццяне Іосіфаўне прысвоена званне “старшы настаўнік”, яе мужу — “настаўнік-метадыст”. У асабістым арсенале шматлікія ўзнагароды.

Заканамерна, што ў іх сям’і выраслі тры будучыя педагогі.

Кацярына Уладзіміраўна шмат гадоў адпрацавала настаўнікам абслугоўваючай працы Татаркаўскай СШ. Яе залатыя рукі ўмеюць усё: шыць, вязаць, тварыць цуды з прыроднага матэрыялу. Вырабы з бяросты, саломкі дэманстраваліся на шматлікіх выставах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Сваімі ведамі і вопытам настаўніца актыўна дзялілася з вучнямі.

Па бацькоўскім шляху пайшла яшчэ адна дачка, Ганна Уладзіміраўна. Калі традыцыйны Магілёўскі педінстытут застаўся ў мінулым, прыступіла да педагагічнай дзейнасці — і зноў жа там, дзе вырасла. Дзесяцігоддзе адпрацаваўшы ў Татарцы, працягнула вучобу ў магістратуры і аспірантуры. Кандыдат педагагічных навук. Працавала загадчыкам кафедры педагогікі, а потым намеснікам дэкана Белдзяржуніверсітэта фізкультуры, дацэнтам Белдзяржуніверсітэта імя М. Танка. Мае шматлікія публікацыі, аўтар метадычных распрацовак, навуковых работ.

Выкладае і яе муж, Анатолій Рыгоравіч Давыдоўскі, кандыдат біялагічных навук, прафесар. Аўтар і сааўтар больш за 165 навуковых работ, працуе ў Белдзяржуніверсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі.

Акрамя дачок, педагагічную ніву абраў і сын, Мікалай Уладзіміравіч. Пасля фізмата МДПІ 44 гады настаўнічае ў Жорнаўскай школе. Прычым талена-віты педагог праз нейкі час быў прызначаны завучам, а апошнія 26 гадоў узначальвае ўстанову адукацыі. Узнагароджваўся ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі краіны, абласнога ўпраўлення па адукацыі.

Спадарожніца яго жыцця, Святлана Сцяпанаўна, настаўніца пачатковых класаў, вельмі творчы, мэтанакіраваны чалавек. Кіраўнік школьнага метадычнага аб’яднання настаўнікаў, удзельнік абласной канферэнцыі “Выхаванне ў вясковай школе”. Арганізавала фальклорны ансамбль “Звончыкі”, які неаднаразова станавіўся лаўрэатам раённых конкурсаў.

Сталі педагогамі і двое сыноў жорнаўскіх настаўнікаў. Сяргей Мікалаевіч і Міхаіл Мікалаевіч скончылі Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, аспірантуру. Кандыдаты тэхнічных навук. Дацэнты. Абодва адзначаліся спецыяльным фондам Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, граматамі Міністэрства адукацыі краіны. Удзельнікі маладзёжнага інавацыйнага форуму. Лаўрэаты рэспубліканскіх конкурсаў навуковых работ. Дасягненняў у маладых людзей шмат. Зараз Міхаіл выкладае ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце, Сяргей працуе ў Міністэрстве адукацыі краіны.

Пералічваць педагогаў з адгалінаванняў генеалагічнага дрэва сям’і Пішчовых можна бясконца. У вышэйназванай кнізе адзначаны толькі прамыя нашчадкі.

Чым прадыктаваны выбар усімі менавіта гэтай прафесіі? Дырэктар Жорнаўскай СШ Мікалай Пішчоў мяркуе: “Можа, тым, што ў пасляваенныя гады настаўнікам прадастаўлялася жыллё пры школах. Іх дзеці раслі літаральна каля школьных парт, з маленства гулялі і засыналі пад гукі ўрокаў, якія ішлі за сценкай, бегалі з вучнямі на пераменах, “дыхалі” атмасферай школы, каб праз дзясятак-паўтара гадоў вярнуцца сюды ўжо ў якасці настаўнікаў. А, магчыма, паўплывала тое, што за вячэрай і ў выхадныя дні мы чулі абмеркаванне педагагічных планаў бацькоў, бачылі іх паважлівыя адносіны да сваёй справы. Настаўніцкія дзеці ў ліку першых прымалі ўдзел ва ўсіх школьных мерапрыемствах. Аб якой яшчэ прафесіі яны маглі марыць?”

 

 

Последние новости

Год благоустройства

Скорректированы Правила благоустройства и содержания населенных пунктов

20 июля 2025
Читать новость
Общество

В преддверии Дня металлурга корреспондент АК побывала в цехе алюминиевого литья Осиповичского завода автомобильных агрегатов

20 июля 2025
Читать новость
Общество

20 июля – День металлурга

20 июля 2025
Читать новость
Общество

От мечты — к успеху. Специалист по работе с молодежью отдела кадров и технического обучения ОЗАА встретилась с ребятами в воспитательно-оздоровительном лагере “Родник”

19 июля 2025
Читать новость
Общество

Гороскоп на 19 июля для всех знаков зодиака

19 июля 2025
Читать новость
Власть

“Действуйте, не глядя ни на что!” Что Лукашенко потребовал от главы Минсельхозпрода

18 июля 2025
Читать новость

Рекомендуем