Калісьці была прыходскай школай

Адгучалі школьныя званкі. Самы час падвесці вынікі чарговага навучальнага года і ўпісаць у школьны летапіс яго асаблівыя падзеі. Напрыклад, для Жорнаўскай сярэдняй школы імя М.П. Каралёва гэта быў год 55-годдзя. Адлік сучаснага этапу вядзецца ад афіцыйнага адкрыцця новага будынка — 19 снежня 1970 года, аднак гісторыя адукацыі ў аграгарадку пачалася значна раней.
У цэлым навучальная ўстанова вядзе радавод ад невялікай прыходскай школы XIX стагоддзя і за гады існавання неаднаразова змянялася, застаючыся пры гэтым цэнтрам асветы і культуры для жыхароў Жорнаўкі і навакольных вёсак.
Ужо ў 1884 годзе ў Жорнаўцы існавала царкоўна-прыходская школа — у наймаемай кватэры выкладаў мешчанін Антон Шаціла, які скончыў народнае вучылішча. У школьнай кнізе таго часу налічвалася 15 хлопчыкаў. Гэтыя архіўныя звесткі прыводзіць даследчык Віктар Уладзіміравіч Хурсік, чыё імя і работы дапамагаюць захаваць памяць аб мясцовай гісторыі. Аб развіцці школьнай адукацыі ў Жорнаўцы Хурсік расказаў і ў адной з глаў свайго гістарычнага нарысу «Белы лебедзь у промнях славы: Магдаліна Радзівіл» (Выдавецтва «Пейто», 2001, г. Мінск).
Ва ўспамінах настаўніцы Паліны Мядзёлкі чуецца жывы голас, які малюе далёкае мінулае: дом, адведзены княгіняй пад школу, два класы — доўгія сталы і лаўкі, пустыя сцены. Недахоп дапаможнікаў і абсталявання прыходзілася пераадольваць уласнымі сіламі: педагогам і спонсарам трэба было самім ездзіць за падручнікамі, майстраваць школьную дошку і здабываць крэйду. Тым не менш ужо праз тры месяцы вучобы першакласнікі бегла чыталі па лемантары (беларускамоўны буквар — аўт.), а матулі дзякавалі настаўніцы за першыя поспехі сваіх малых. Гэтыя сведчанні падкрэсліваюць, як самаахвярнасць першых настаўнікаў закладвала асновы адукацыі ў нашай вёсцы.
Паліна Мядзёлка:
— Вучыліся дзеці ахвотна, цешыліся, што кожнае прачытанае слова было ім зразумела. Для старэйшых вучняў, якія ўжо ўмелі чытаць, акрамя беларускай мовы, выкладалася руская. Гутаркі на прыродазнаўчыя, гістарычныя і геаграфічныя тэмы прыходзілася весці самой, карыстаючыся сваёй памяццю і некаторымі дапаможнікамі. Арыфметыка выкладалася на беларускай мове, аднак з рускай тэрміналогіяй: беларускай тэрміналогіі, як і беларускіх падручнікаў па арыфметыцы, таксама не было.
Жорнаўская СШ беражліва захоўвае традыцыі. За гады свайго існавання ёю пройдзены шлях ад маленькай прыходскай да сучаснай школы з развітым вучэбным і пазакласным жыццём.
Значную работу па захаванні школьнай гісторыі вядзе настаўнік Вольга Міхайлава. Нават на пенсіі яна працягвае актыўна ўзаемадзейнічаць з дзецьмі: праводзіць урокі і пазакласныя заняткі, выхоўваючы ў вучняў павагу да гісторыі і нашых каштоўнасцей. Па яе ініцыятыве ў школе створаны школьны ваенна-патрыятычны музей, які ўтрымлівае калекцыю дакументаў, фатаграфій і экспанатаў, прысвечаных гісторыі школы, подзвігам землякоў і жыццю вёскі. Музей стаў навучальнай і выхаваўчай пляцоўкай: экскурсіі, тэматычныя ўрокі, сустрэчы з ветэранамі дапамагаюць навучэнцам глыбей зразумець гісторыю і ўмацоўваюць сувязь пакаленняў.
Кожны настаўнік робіць важкі ўклад, дапамагаючы нам не толькі памятаць мінулае, але і будаваць будучыню школы, дзе ў кожнага дзіцяці ёсць выдатная магчымасць атрымаць трывалыя веды і стаць дастойным грамадзянінам сваёй краіны.
Кацярына Бараш
