История образования в Дарагановском крае (продолжение)

Юбілей
Гісторыя адукацыі ў Дараганаўскім краі
(Працяг. Пачатак у № 39, 45).
Пасляваенны час
У гады Вялікай Айчыннай вайны заняткі праводзіліся ў іншых будынках, а ў Дараганаўскай школе была нямецкая камендатура.
Немцы жылі на другім паверсе, унізе размяшчаліся розныя дапаможныя памяшканні. У адным класе быў пакой для допытаў. Некаторых арыштаваных расстрэльвалі каля школы. Баючыся партызан, лес вакол школы высеклі. За час вайны, як даведаліся ад Ларысы Сідараўны Стоцкай, будынак значна пацярпеў ад снарадаў і пажараў. Пры адступленні немцы хацелі поўнасцю знішчыць яго, аднак гэтая задума не ўдалася.
Пасля вызвалення адразу ж пачалі рамонт школы, аднак да навучальнага года не паспелі. Вучыліся ў старых школах і ў царкве, што стаяла непадалёк. Класы былі вялікія, па 40-45 вучняў. Іх наведвалі дзеці рознага ўзросту, розніца часам дасягала 3-4 гадоў. Даводзілася працаваць у тры змены, у вялікай цеснаце, падзяліўшы памяшканні толькі школьнымі дошкамі (перагародак не было). Настаўнікі на перапынках пераходзілі з аднаго будынка ў другі. Заняткі трэцяй змены заканчваліся ўжо пры лямпах. Матэрыяльная база была вельмі беднай: не хапала падручнікаў, сшыткаў, геаграфічных карт.
Школе дапамагалі як маглі. На пасяджэннях выканкама Дараганаўскага сельсавета за 1945 год двойчы ўздымалася пытанне аб рабоце ўстановы адукацыі. Рашэннем выканкама ад 30 ліпеня 1945 года будынак сельскага савета часова перадаецца пад школу. Дырэктару Мельніку С.П. ставіцца задача ў кароткі тэрмін правесці рамонт школы і абсталявання, нарыхтаваць дроў.
У 1945 годзе школа яшчэ лічыцца няпоўнай сярэдняй. На канец 1945/1946 навучальнага года ў ёй было 496 вучняў. Тыя, хто жадаў атрымаць сярэднюю адукацыю, ездзілі або ў Асіповічы ў чыгуначную школу (цяпер СШ-2), або ў старадарожскую беларускую. Школьнікі не толькі вучыліся, а яшчэ і пасля заняткаў дапамагалі адбудоўваць установу адукацыі. Меншыя вучні секлі дрот для цвікоў, дапамагалі тынкаваць сцены. Старэйшыя выконвалі больш складаныя работы.
* * *
У 1944 годзе, адразу пасля вызвалення, сталі рыхтаваць для прыёму дзяцей-сірот Дараганаўскі дзіцячы дом. А будынак быў у вельмі дрэнным стане. У першую чаргу пакрылі страху гонтай, зрабілі рамонт, прывялі ў парадак печкі-грубкі. Зрабілі для сталовай самаробныя сталы, табурэты. Завезлі трафейныя доўгія вузкія жалезныя ложкі і папяровыя нямецкія матрацы, якія набілі саломай. Падушкі таксама былі саламяныя. Суконныя шэрыя коўдры выдзелілі ваенныя. Посуд давялося збіраць па вёсках. Міскі былі гліняныя, паліваныя і непа-ліваныя. Лыжкі драўляныя, фабрычныя і самаробныя. Трапляліся алавяныя і нават медныя. Відэльцаў, канечне ж, не было. На кухні захавалася цагляная пліта з духоўкай. Абсталявалі невялікую пякарню, дзе выпякалі хлеб з жытняй мукі. Былі завезены якія-ніякія прадукты. А да жніўня ўжо прынялі першую партыю рабят — чалавек 60. Гэта былі дзеці загінуўшых партызан, расстраляных і забітых на фронце воінаў.
Святло ў дзіцячым доме — газавыя лямпы, якія можна было пералічыць на пальцах. Таму пакоі асвятляліся капцілкамі, свечкамі. Лямпу запальвалі на кухні і ў сталовай вечарамі. Сталовая служыла і пакоем, дзе рыхтавалі ўрокі, і чытальняй. У вольны час вечарам усе збіраліся там, каб паслухаць цікавыя кнігі. Гарэла лямпа, палілася печачка, а ўсе слухалі займальныя аповеды.
У верасні 1944 года дзеці пайшлі ў школу. Сучасная сярэдняя была разбурана і спалена ў вайну. Вучыліся ў розных дамах, якія былі абсталяваны пад школы. Падручнікаў не хапала, не было сшыткаў, ручак, чарнілаў. Пісалі на дошцы і хто на чым. Ручкі былі самаробныя, а чарнілы рабілі з сажы або наростаў на дубовым лісці (такія белаватыя шарыкі). Не хапала абутку, таму летам хадзілі босымі. Праўда, адзенне паступала па лініі Чырвонага Крыжа. Прыходзілі пасылкі з вопраткай і прадуктамі. Тады ў дзяцей была сапраўдная радасць. Абноўкі атрымлівалі да святаў, падарункі таксама.
Хаця выхаванцаў кармілі тройчы на дзень, ежа была малакаларыйнай. Хлеба давалі 500 грамаў. Цяжкі, дрэнна выпечаны, важыў многа, а кавалачкі былі маленькія, асабліва на сняданак і вячэру. Тлушчаў было мала. Яны ішлі для запраўкі супу з аржаной сечкі. І ўсё ж у гэтыя цяжкія часы дзеці зусім не галадалі.
Ішоў час, краіна залечвала раны, жыццё паляпшалася. Змяніўся ў лепшы бок і быт у нашым дзіцячым доме. З’явілася дапаможная гаспадарка: конь, дзве каровы, парася. Быў выдзелены ўчастак зямлі, дзе сіламі работнікаў і выхаванцаў садзілі бульбу, сеялі жыта, пшаніцу, агародніну. Самі сябе забяспечвалі бульбай, капустай, морквай, буракамі. Летам дзеці хадзілі ў лес па ягады, грыбы, ірвалі ля рэчкі шчаўе. Усё гэта разнастаіла ежу. Участак зямлі быў за пяць кіламетраў у лесе на месцы былога хутара. Дабіраліся туды пешшу. А пад час жніва і сенакосу жылі там у буданах, каб своечасова сабраць ураджай і скасіць-згрэбці сена. Хлапчукі даглядалі коней, а дзяўчынкі дапамагалі даіць кароў, карміць парасят, завялі качак. Вырошчвалі і расаду кветак, якую потым высаджвалі на клумбы.
У дзіцячым доме функцыянавалі розныя гурткі: танцавальны, харавы, драматычны, рукадзелля, юных мастакоў. У 1945 годзе ўпершыню ўдзельнічалі ў рэспубліканскай алімпіядзе мастацкай творчасці школьнікаў. І паспяхова: быў узнагаро-джаны граматай танцавальны гурток.
У 1948 годзе ў дзіцячы дом прыслалі новага дырэктара Юрыя Міхайлавіча Яшчака — маладога, энергічнага. Гэта пры ім з’явіліся фаянсавыя талеркі, сапраўдныя лыжкі і відэльцы. У сталовай на сталах засцялілі абрусы.
У 1952 годзе была пабудавана новая прасторная сталовая і кухня. Лес нарыхтоўвалі і вазілі работнікі дзіцячага дома і старэйшыя выхаванцы. У гэты час у дзіцячым доме з’явілася свая грузавая машына, ды і коней дабавілася. Пабудавалі побач з домам летнюю кухню і пры ёй сталовую ў выглядзе тэрасы. З’явіліся веранды і альтанкі. Быў пасаджаны сад з яблынямі, вішнямі, парэчкай. Набылі пяць пчаліных вулляў.
Дзеці амаль поўнасцю самі сябе аб-слугоўвалі: мылі падлогу ў пакоях, дзяжурылі ў сталовай і па кухні, рэзалі і калолі дровы, насілі ваду на кухню, для лазні, якую пабудавалі каля рэчкі, прыбіралі тэрыторыю, палолі градкі і клумбы.
Летам вельмі радаваліся адкрыццю лагернага сезону. Праходзіў ён заўсёды ўрачыста, з піянерскім вогнішчам, гульнямі, танцамі, песнямі. Спецыяльна рыхтавалі розныя забавы, самадзейнасць. Летам купаліся ў рэчцы, загаралі. Хадзілі ў паходы, ездзілі на экскурсіі ў Маскву, Мінск, Бабруйск, іншыя месцы. У 1952 годзе завуч Уладзімір Канстанцінавіч Рудовіч арганізаваў паход па рацэ Пціч да ўпадзення яе ў Прыпяць на лодках, якія зрабілі самі.
Летам 1954 года дзіцячы дом удзель-нічаў у рэспубліканскім злёце піянераў у Мінску, куды былі пасланыя лепшыя выхаванцы: Валодзя Анціховіч, Лена Бісай, Валя Шкутко і іншыя.
Быў і свой радыёвузел, адкуль трансліраваліся перадачы аб жыцці дзіцячага дома, дыктарамі-выхаванцамі чыталіся вершы, цікавыя апавяданні, перадаваліся песні. Шэфы падарылі патэфон. Па невялікім тэ-левізары “Рэкорд”, які стаяў у зале, глядзелі розныя цікавыя перадачы. Кінамеханік прывозіў фільмы, для прагляду якіх была спецыяльна абсталявана кінабудка. У пяці- дзясятых гадах ужо з’явіўся электрарухавік, а з ім у вячэрнія гадзіны — электрычнасць.
Ішоў час, дзеці станавіліся дарослымі і, як птушаняты, выляталі з роднага гнязда. Усім, хто добра вучыўся і жадаў спасцігаць навуку далей, давалася права скончыць дзесяць класаў. А многіх пасля сямі класаў накіроўвалі ў школы ФЗН, рамесніцкія вучылішчы. Таму выхаванцаў нашага дзіцячага дома можна было сустрэць ва ўсіх кутках былога Савецкага Саюза.
Летам 1984 года была арганізавана першая сустрэча былых выхаванцаў Дараганаўскага дзіцячага дома, а ў жніўні 1986 — другая. Яны былі незабыўнымі: столькі ўспамінаў, шчасця ад таго, што пабывалі ў мясцінах свайго дзяцінства, суму аб незваротных днях, іх радасцях і стратах.
Мікалай Тамашоў.