Гурток “Мастацкае слова” пад кіраўніцтвам настаўніка беларускай мовы і літаратуры Наталлі Ганчаронак працуе ў гімназіі ўжо чацвёрты год

На занятках гэтага гуртка няма доўгіх лекцый. Усё пабудавана на жывым узаемадзеянні: інтэрактыўныя гульні, лато па сродках мастацкай выразнасці, складанне партытур вершаў, чытанне па ролях. Сямікласнікі, якія калісьці проста цікавіліся літаратурай, сёння дзесяцікласнікі, што не ўяўляюць суботы без рэпетыцый, разбораў тэкстаў і сцэнічных эцюдаў. Яны не проста наведваюць заняткі, а літаральна жывуць беларускім словам.
За гэты час невялікая група гімназістаў ператварылася ў моцную каманду. Дванаццаць чалавек — стабільны склад, які амаль не змяніўся — разам з педагогам разбіраюць не толькі класічныя, але і сучасныя літаратурныя творы, працуюць з тэкстамі рознага фармату, звяртаюць увагу на мастацкія сродкі стварэння тэксту, чытаюць вершы і не толькі.
— Галоўная мэта гуртка — папулярызаваць беларускую мову, паказаць яе прыгажосць, мілагучнасць, вобразнасць, — расказвае Наталля Генадзьеўна. — На занятках мы не проста знаёмімся з творам, мы пранікаем у яго глыбіню: вучымся разумець характары герояў, аўтарскую пазіцыю, мастацкі стыль аўтара, бо для таго, каб палюбіць мову, трэба яе пачуць, прагаварыць, перажыць. І гэты падыход дае вынік: тое, што пачыналася як гульня, стала для дзяцей спосабам выказаць сябе, свае думкі і пачуцці праз роднае слова.
Асобая ўвага надаецца сцэнічнай мове і драматычным эцюдам. Дзеці вучацца трымацца на сцэне, перадаваць характар героя, даносіць да гледача аўтарскую думку. Як прызнаецца кіраўнік гуртка, напачатку самым складаным было перамагчы скаванасць дзяцей, іх няздольнасць раскрыцца і страх публікі. Зараз яны адчуваюць сябе свабодна, бо валодаюць не толькі тэкстам, але і сваімі эмоцыямі, голасам, рухам. Выхаванцы гуртка рыхтуюць літаратурныя кампазіцыі да Дня роднай мовы, ставяць драматычныя ўрыўкі, напрыклад, з п’есы “Несцерка” Віталя Вольскага, актыўна ўдзельнічаюць у мерапрыемствах гімназіі (у хуткім часе пачнуць рыхтавацца да святкавання юбілея Максіма Багдановіча), літаратурных конкурсах, у тым ліку рэспубліканскім “Жывая класіка”, займаюцца даследчымі работамі па літаратуры і дасягаюць станоўчых вынікаў: летась заваявалі Дыплом II ступені на раённым узроўні. Аднак галоўны вынік, на думку педагога, не ва ўзнагародах:
— Практычна ўсе ўдзельнікі гуртка пайшлі ў профільную беларускую групу дзясятага класа з паглыбленым вывучэннем мовы. І я бачу, якую ролю адыгралі нашы заняткі ў гэтым выбары: у дзяцей развіта маўленне, яны дакладна выказваюць свае думкі. А галоўнае, яны палюбілі родную мову па-сапраўднаму.
Алена Суета.
