Асіповіцкія школьнікі вярнуліся з абласной алімпіяды з добрым настроем

З абласной алімпіяды, якая праходзіла на мінулым тыдні, зборная раёна вярнулася з добрым настроем: 15 дыпломаў і заахвочвальны водгук – дастойны вынік. Адметна, што амаль палова ўсіх узнагарод належыць гімназістам. Самыя высокія планкі ўзялі Аляўціна Балвановіч па рускай мове і Павел Герман па гісторыі, у ліку пераможцаў Паліна Батура (абслугоўваючая праца), Дзіяна Бондар (руская мова і літаратура), Лізавета Лагімахава і Анастасія Ефімовіч (грамадазнаўства), Ганна Булойчык (астраномія).
Не падвялі і вучні СШ № 3: Яўген Аўдзейчык стаў лепшым, а Ганна Пестава заняла трэцяе месца па матэматыцы, на такім жа ўзроўні Павел Татур (руская мова і літаратура). З суседняй СШ № 2 вызначыліся Мікіта Налівайка (хімія), Андрэй Шаруба (фізіка) і Ягор Масалкоў (гісторыя) — кожны атрымаў Дыплом ІІІ ступені, а Таццяна Мажэйка з СШ № 1 прывезла заахвочвальны водгук па французскай мове. Сярод сельскіх школьнікаў паказалі клас вучань Ялізаўскай СШ Павел Бушкоў — на ІІ месца юнака вывела родная мова, а таксама Андрэй Хлус з Вяззеўскай СШ, у якога трэці вынік па тэхнічнай працы.
Удзельнікі алімпіяднага руху ведаюць, наколькі карпатлівая работа — якасна і рознабакова падрыхтавацца да інтэлектуальнага спаборніцтва. Гэта патрабуе шмат часу не толькі з боку выхаванцаў, але і педагогаў. Удалыя выступленні вучняў — і іх дасягненні. Асаблівых віншаванняў заслугоўвае настаўніца гісторыі і грамадазнаўства з гімназіі Наталля Уладзіміраўна Лук’яненка, у якой адразу тры пераможцы, прадэманстравалі глыбокае веданне рускай мовы і літаратуры дзве вучаніцы настаўніка-метадыста Таццяны Львоўны Амбрушкевіч. Двойчы вікторыя і ў Валянціны Уладзіміраўны Куцік з СШ № 3. Дзякуй таксама Інесе Уладзіміраўне Няверка, Людміле Паўлаўне Бабаковай, Галіне Вячаславаўне Быкавай, Антаніне Баляславаўне Тумашык, Аляксандру Нікіфаравічу Ляўкову, Маргарыце Міхайлаўне Лагімахавай, Надзеі Мікалаеўне Сасавай, Неаніле Львоўне Цыганок, Святлане Віктараўне Пышнай.
Алімпіяда працягваецца. Жэня Аўдзейчык, Дзіяна Бондар, Аляўціна Балвановіч, Павел Бушкоў і яго цёзка Герман увайшлі ў склад абласной каманды і ўжо рыхтуюцца да выступлення на самым высокім узроўні — рэспубліканскім. Верым, што і на апошнім этапе асіповіцкія школьнікі будуць у ліку прызёраў.