Актыўныя канікулы

419 хлопчыкаў і дзяўчынак з задавальненнем наведвалі школьныя аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем, якія працавалі ва ўсіх школах горада і раёна.
Традыцыйна падчас зімовых канікул педагагічныя работнікі падрыхтоўваюць для дзяцей шмат цікавых мерапрыемстваў. Вось і мінулыя два тыдні прайшлі для рабят насычана і з карысцю. Нават тыя, хто не наведваў школьныя лагеры, прыходзілі ва ўстановы адукацыі, каб разнастаіць канікулы і паўдзельнічаць у спартыўных спаборніцтвах, віктарынах, інтэлектуальных гульнях і іншых актыўнасцях.
Добрыя справы заўсёды добрыя. Але вось калі яны яшчэ і цікавыя, то дзеці з вялікім задавальненнем у іх удзельнічаюць. Конкурс на лепшую кармушку ў СШ № 4 праводзіцца штогод па ініцыятыве школьнага лясніцтва. Навучэнцы 5-11 класаў змайстравалі каля 30 крэатыўных кармушак, праявілі не толькі фантазію, але і ўменне працаваць з рознымі матэрыяламі. І, канечне, корм для птушак збіраюць усёй установай. Зараз усе кармушкі развешаны на тэрыторыі школы, а дзеці рэгулярна напаўняюць іх зернем.
Праект “Са сцягам гімназіі па ўсёй Беларусі” працягвае радаваць гімназістаў. Навучэнцы 9-10-х класаў адправіліся ў старажытны Полацк, дзе наведалі музей беларускага кнігадрукавання і Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр, а таксама атрымалі незабыўныя эмоцыі на канцэрце арганнай музыкі ў знакамітым Сафійскім саборы.
Навучэнцы пачатковых класаў Пратасевіцкай СШ апынуліся ў зімняй казцы разам з героямі спектакля “Марозка” ў абласным драматычным тэатры імя В. Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску.
Яркімі і змястоўнымі момантамі для дзяцей на канікулах сталі экскурсіі. Акрамя раённага гісторыка-краязнаўчага і Дараганаўскага школьнага комплекснага краязнаўчага музеяў, хлопчыкі і дзяўчынкі наведалі Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Музей славы Магілёўшчыны. Таксама школьнікі розных устаноў адукацыі раёна пазнаёміліся з экспазіцыяй маштабнай выставы дасягненняў краіны “Мая Беларусь” у Мінскім міжнародным выставачным цэнтры “БелЭкспа”.
Канікулы таксама адзначыліся святочнымі мерапрыемствамі, прысвечанымі Новаму году і Калядам. Словам, дзеці не толькі адпачылі, але і ўзбагацілі свае веды, развілі творчыя здольнасці і ўмацавалі сяброўскія сувязі.
Алена СУЕТА
