Нядаўна ў сталіцы Літвы прайшла канферэнцыя IDEA Exchange для моладзі, якая захапляецца дэбатамі. 140 школьнікаў, студэнтаў і трэнераў з Беларусі, Расіі, Украіны, Эстоніі і Латвіі прынялі ўдзел у мерапрыемстве, арганізаваным Міжнароднай адукацыйнай асацыяцыяй “Дэбаты” і Грамадскай адукацыйнай установай “Дэбатны цэнтр”. Дэлегацыя з Беларусі, у складзе якой быў і асіпаўчанін-гімназіст Яўген Ліхалап, была самай шматлікай — 48 чалавек. Чым жа моладзь займалася на канферэнцыі?
— Для школьнікаў былі прадугледжаны два варыянты: альбо падрыхтаваць прэзентацыю на адну з заяўленых арганізатарамі тэм, альбо прайсці курс па навучанні дэбатам фармату World Schools*, — распавядае Яўген. — Я выбраў апошняе. Чыталі лекцыі і судзілі дэбаты прадстаўнікі з Шатландыі, Аўстраліі, Македоніі і Нідэрландаў. Дарэчы, прый-шлося прапусціць два вучэбныя дні, але з адмі-ністрацыяй гімназіі праблем не было — удзел у падобных мерапрыемствах у нас падтрымліваецца. Падчас канферэнцыі згуляў у міні-турніры па дэбатах у толькі што вывучаным фармаце. Як вынік, наша каманда ў чатырох раўндах перамагла тройчы. З чаго раблю выснову, што навучанне не прайшло дарэмна і матэрыял засвоены досыць паспяхова.
У перапынках быў час абмеркаваць гульні ці лекцыі, абмяняцца вопытам, проста пастасавацца. А напрыканцы насычанага дня гулялі па Вільнюсу. Архітэктура горада ўражвае: неверагодная колькасць старажытных будынкаў, цэркваў і касцёлаў. Падымаліся на самую высокую кропку гэтага легендарнага горада, туды, дзе колісь стаяў замак князя Гедыміна. Жыхары ветлівыя і ўважлівыя. Карацей, нашай дэлегацыі ўсё спадабалася, плануем прыехаць на канферэнцыю і ў наступным годзе, каб сустрэцца з сябрамі і атрымаць новыя веды.
Ганна ФАРЫДОВІЧ.
* Фармат World Schools — па меркаванні саміх дэбатчыкаў найлепшы з усіх вядомых фарматаў, бо ў ім аб’яднаны лепшыя рысы фармату дэбатаў Карла Попера і Брытанскага парламенту.