Сямёра адважных
У раёне прайшоў конкурс прафесійнага
майстэрства “Настаўнік года-2013”, у якім прыняло ўдзел 45 педагогаў устаноў
адукацыі, уключаючы спецшколу-інтэрнат. Прааналізаваўшы прадстаўлены вопыт
работы, журы выбрала найлепшы, і яго аўтары і сталі ўдзельнікамі паўфіналу.
Педагогі прадставілі на суд журы
самапрэзентацыю, якая была прызвана ўсебакова раскрыць кожнага настаўніка, яго
дзелавыя і чалавечыя якасці, прафесіяналізм і светапогляды. Да гэтага задання
педагогі падышлі з уласцівай ім крэатыўнасцю, творчасцю і не без гумару. Кожная
візітоўка была яркай, запамінальнай і адметнай.
Разам з настаўніцай малодшых класаў гімназіі
Вольгай Баравіковай гледачы, напрыклад, ажыццявілі касмічнае падарожжа, падчас
якога адчулі святло творчасці, пошуку і развіцця і даведаліся, што працэс
навучання ідзе рer aspera ad astra (праз церні — да зорак). Выступленне
настаўніцы беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 4 Ірыны Пракопчык было
прасякнута любоўю да роднага краю, яго гісторыі і традыцый. Настаўніца рускай
мовы і літаратуры Алена Марціновіч з СШ № 2 сваім прафесійным крэда лічыць
несці святло, запальваць дзіцячыя сэрцы — нездарма яе вучні расказалі аб сваім
педагогу ў песні, падкрэсліўшы, што не любіць такога нельга. Яе калега са школы
№ 3 Галіна Вайцюк расказала аб сабе ў вершаванай форме, пастаралася раскрыць
усе грані таленту, якія паказала праз прызму стыхій прыроды.
Трэба зазначыць, што трэцяя школа паказала
высокі прафесійны ўзровень сваіх педагогаў: у паўфінал выйшлі ажно 3
настаўнікі. Жанна Прыбыльская, якая працуе ў пачатковым звяне, паказала свае
ўменні, аптымізм і іскрамётны гумар. Прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва
прадстаўлялі ў конкурснай праграме настаўнікаў інфарматыкі. Уладзімір Сасаў
вучыць таксама філасофскім адносінам да жыцця. А Максім Мікуліч з Ясенскага
вучэбна-педагагічнага комплексу правёў прэзентацыю ў не зусім звыклым фармаце,
прадэманстраваўшы магчымасці камп’ютарных тэхналогій і ўласны паэтычны дар, а
яшчэ праявіў сябе як арганізатар школьнага клуба вясёлых і знаходлівых.
У ходзе прэс-канферэнцыі педагогі не толькі
адказвалі на пытанні, што датычаць іх дзейнасці, павышэння прафесійнага росту,
а і выконвалі творчыя заданні: складалі сінквейн, артыкулы для “школьнага
слоўніка”.
Сёлетняя праграма конкурсу была даволі
насычанай: міні-ўрокі, урокі ў незнаёмым класе, псіхолага-педагагічнае
тэсціраванне, абарона вопыту. І вось — выкананы ўсе заданні, можна крыху і
перадыхнуць. Але — толькі не Вользе Баравіковай, Галіне Вайцюк і Максіму
Мікулічу. Наперадзе іх чакае абласны этап конкурсу, у якім яны будуць
адстойваць гонар раёна.