Да 24 чэрвеня працягнуць сваю работу аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем дзяцей. Зараз яны працуюць пры 22 школах і Цэнтрах творчасці дзяцей і моладзі і карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Усяго занята аздараўленнем 900 школьнікаў, з іх 345 — вясковых.
Як заўсёды, дзеці маюць трохразовае харчаванне. Бацькоўская даплата складала ў залежнасці ад узросту школьнікаў ад 40 да 70 тысяч рублёў, дзяржаўная датацыя — 130 тысяч. Самыя шматлікія лагеры — сумесны гімназічны і дзіцяча-юнацкага клуба фізічнай падрыхтоўкі — 108 наведвальнікаў, а таксама ў САШ № 1 — 105 чалавек.
Выхаваўчая работа ў лагерах плануецца згодна з календаром знамянальных дат. Ахоплены ўсе кірункі: грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, экалагічнае, эстэтычнае і іншыя. Асаблівая ўвага надаецца далучэнню дзяцей да здаровага ладу жыцця. Калі ўзяць на практыцы, то ўсё гэта выглядае не так афіцыйна і мае цікавую форму: конкурсы і віктарыны, КВЗ і спартыўныя спаборніцтвы, прагляд фільмаў, экскурсіі і завочныя падарожжы, наведванне басейна і бібліятэк.