Новыя героі “Творчых узлётаў”
Напачатку
красавіка, пасля 4-х месяцаў “змагання”, былі вызначаны пераможцы штогадовага
традыцыйнага агляду дзіцячай мастацкай самадзейнасці “Творчыя ўзлёты”.
Кампетэнтнае журы пад кіраўніцтвам намесніка начальніка аддзела адукацыі Тамары
Салабута павінна было ацаніць сотні таленавітых юнакоў і адабраць найлепшых. А
гэта вялікая і складаная праца, калі ўлічваць, што ў заключным канцэрце прынялі
ўдзел больш за 150 маладых “зорачак”. Таму і не дзіўна, што ў фінале члены журы
доўга раіліся, як размеркаваць прызавыя месцы.
У выніку ў
намінацыі “Эстрадныя ансамблі” першае месца падзялілі дуэт, трыа і трыа
“Талісман” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, якіх падрыхтоўвалі, адпаведна,
Ганна Дудко, Мікалай Забаўскі і Святлана Кавальчук. У намінацыі “Эстрадныя
спевы і вакал” лепшымі былі Ганна Яблонская і Дар’я Мацевіч — выхаванцы Таццяны
Салімон, а таксама Наталля Запарожац (кіраўнік Ганна Дудко) з ЦТДіМ, і
падрыхтаваная Святланай Кавальчук вучаніца СШ № 2 Хрысціна Заяц. У намінацыі
“Харэаграфія” першую прыступку п’едэстала падзялілі паміж сабой танцавальны
калектыў СШ № 1 “Тальяначка” (кіраўнік Марына Клімовіч), калектыў Пратасевіцкай
школы (Наталля Еўдакімовіч), а таксама “Імпульс” (Хрысціна Ільіна) з ЦТДіМ. У
намінацыі “Народныя ансамблі” лепшым стаў узорны ансамбль народнай песні
“Журавінка” з ЦТДіМ (Таццяна Салімон). У намінацыі “Народныя спевы, сола”
перамагла Кацярына Пінчук з Клуба дзіцячага і юнацкага турызму і края-знаўства
(Наталля Грэнь). А лепшым вядучым названы Аляксандр Ляўчонак з Каменіцкай
школы-сада.
Прарывам
“Творчых узлётаў-2010” названа Лапіцкая школа. Яе вучні паказалі сябе моцнымі
спевакамі і ўзялі “срэбра” ў намінацыях “Эстрадныя ансамблі” і “Эстрадны
вакал”. У агульным заліку лідэрам “Узлётаў” стаў Цэнтр творчасці дзяцей і
моладзі і Лапіцкая школа, на другім месцы — СШ № 2, на трэцім — школа № 1.
Падводзячы
вынікі, Тамара Салабута адзначыла, што ўвесь канцэрт не пакідала адчуванне, што
мы знаходзімся на выступленні зорак рэспубліканскага ўзроўню. І сапраўды,
уражвала не толькі прафесійнае выкананне, але і мастацкае аздабленне нумароў,
кшталту касцюмаў. Словам, атрымалася са-праўднае шоу!
Ганна
МАЦКЕВІЧ.