Гісторыя — навука, якую можна пазнаць не толькі гартаючы старонкі падручнікаў, але і з дапамогай іншых, больш крэатыўных метадаў. У гэтым пераканаліся ўдзельнікі пасяджэння экспедыцыйнага атрада “Юны патрыёт” клуба “Нашчадкі”, што правёў настаўнік гісторыі САШ № 2 Андрэй Лянчэўскі ў межах Дня адчыненых дзвярэй.
Тэма гучала так: “Традыцыям перамог верныя”, а раскрывалася яна праз знаёмства вучняў з сутнасцю ваеннай прысягі, яе гісторыяй і роллю ў жыцці абаронцаў Айчыны. Занятак праходзіў у памяшканні школьнага музея. Шырока выкарыстоўваліся сучасныя тэхнічныя сродкі навучання. А форма ваеннаслужачых розных часоў, якую апранулі школьнікі, дапамагала ім пераўвасобіцца ва ўдзельнікаў тых далёкіх падзей. Таму і словы прысягі даваенных часоў, гадоў вайны ў Афганістане, сучаснага беларускага варыянта з вуснаў будучых салдат гучалі надзвычай кранальна. Расказвалася аб адрозненнях кожнай рэдакцыі прысягі, раскрываліся прычыны яе змянення. Вучні разважалі аб якасцях, якія неабходныя воінам, што прысягаюць на адданасць сваёй краіне і народу, аб пераемнасці пакаленняў, рэканструявалі падзеі нялёгкіх для краіны часоў. Гучалі пранікнёныя вершы і нават песня, якую выконвалі, што сімвалічна, настаўнік і вучань. І наогул педагогі ўдзельнічалі ў правядзенні мерапрыемства не з пазіцыі “над вучнямі”, а на ўзроўні “поруч з імі”. Напрыклад, настаўнік дапрызыўнай падрыхтоўкі Сяргей Старасцін і Андрэй Лянчэўскі падзяліліся ўражаннямі аб уласным прынясенні прысягі, падмацаваўшы расказ фотаматэрыялам.
Тое, як захоўвалі героі нашага раёна вернасць дадзенай прысязе, удзельнікі клуба “Нашчадкі” праілюстравалі на прыкладах, узятых са здабыткаў “Юнага патрыёта”. Яскравым узорам можа служыць наш зямляк кавалер ордэна Чырвонай Зоркі Вячаслаў Чарнушэвіч. Яго жыццю і подзвігу была прысвечана калектыўная работа “Гарачае неба халоднай вайны”, прадстаўленая на раённы конкурс “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, дзе стала пераможцай. А зараз — новая перамога: Дыплом III ступені на рэспубліканскім конкурсе праектаў на лепшую арганізацыю шостага школьнага дня ў намінацыі “Расцім патрыётаў Беларусі”.
Клуб “Нашчадкі” наогул вядзе актыўную краязнаўчую і пошукавую работу. Працуе з архіўнымі матэрыяламі, арганізоўвае пошукавыя экспедыцыі, цікавыя сустрэчы, знаёмствы і паездкі, прымае ўдзел у конкурсах, дзеліцца здабыткамі ў выгля-дзе публікацый, адкрытых мерапрыемстваў. Вучні даглядаюць брацкую магілу, дзе пахаваны героі-землякі. Школьнікі падрыхтавалі праекты, з якімі прымалі ўдзел у шматлікіх конкурсах, тройчы станавіліся пераможцамі на рэспубліканскім узроўні: 2009 г. — перамога ў конкурсе да-следчых работ “Успомнім іх паіменна”, 2010 г. — дыпломы VI рэспубліканскага конкурсу “Вялікая Перамога ў памяці жыве” і “Вялікая Айчынная вайна і сучаснасць”. Акрамя таго, кіраўнік клуба за апошнія тры гады тройчы прадстаўляў матэрыялы на рэспубліканскія выставы навукова-метадычнай літаратуры педагагічнага вопыту. І ўсюды — вынікова.
Наведвальнікі пасяджэнні звярнулі ўвагу на не па-дзіцячы сур’ёзныя твары хлопчыкаў — удзельнікаў клуба. Ніякай уласцівай гадам гарэзлівасці і бестурботнасці — маўклі-вая засяроджанасць, гатоўнасць у любую хвіліну стаць на абарону Айчыны. Адчуваецца, што гістарычныя падзеі і героі, амаль равеснікі, да жыцця якіх дакрануліся ўдзельнікі клуба, зарадзілі ў адчувальных дзіцячых душах расткі грамадзянскай свядомасці і патрыятызму.
У 2007 годзе ў рукі выхаванцаў патрыятычнага клуба “Нашчадкі” САШ № 2 трапіў адзін цікавы дакумент з архі-ва музея гісторыі школы — віншавальная тэлеграма. У ёй паведамлялася, што Ваенны Савет узнагароджвае Чарнушэвіча В.В. ордэнам Чырвонай Зоркі “за паспяховае выкананне баявога задання Савецкага ўрада па абароне непарушнасці Савецкага Саюза і знішчэнне амерыканскага самалёта, які ўварваўся на тэрыторыю СССР 1 мая 1960 года з варожымі мэтамі”…
Рабяты адшукалі героя, сустрэліся са знакамітым земляком. Узгаданая пошукавая дзейнасць і паклала пачатак рабоце патрыятычнага клуба.
Кожны год праводзяцца пасяджэнні, прысвечаныя падзеям 1960 года. Усе яны — розныя па форме і зместу. Цікавай знаходкай стаў “круглы” стол “Халодная” вайна і лёс чалавека”, дзе навучэнцы выступалі ў ролі экспертаў па гісторыі, ваеннай справе і краязнаўстве. Праводзілася віктарына на дадзеную тэматыку. Вячаслаў Ві-кенцьевіч наведаў школьны музей, дзе пакінуў свой запіс у Кнізе водгукаў.