Медалiст — iмя ганаровае №52

Наўрад ці хто можа пэўна сказаць, колькі каштуе
залаты медаль за выдатную вучобу ў школе. Вядома, на ўвазе маецца не яго
намінальная вартасць — яна зусім нязначная, а іншы бок. І гэта вымяраецца
колькасцю ўкладзенай дзецьмі, настаўнікамі, бацькамі працы ды розных
перажыванняў-хваляванняў.

Скажаце, дзеля чаго ўсё? Толькі каб мець
невялікія прывілеі — права першачарговага залічэння пры роўнай колькасці балаў
ды высокую адзнаку ў конкурсе атэстатаў? Не! Значыць, імкнуцца да ведаў дзеці
не дзеля выгод. І з кожным годам на Асіповіччыне колькасць медалістаў узрастае.
А сёлета яна рэкордная за апошнія часы — 19! І з іх 18 — залатыя!

10 чэрвеня адбылося ўрачыстае ўручэнне
заслужаных узнагарод лепшым выпускнікам. На мерапрыемства запрашаліся таксама
адміністрацыі вучэбных устаноў і класныя кіраўнікі, мамы і таты. Далучыліся да
ўзнагароджвання і кіраўнікі прадпрыемстваў, дзе працуюць бацькі медалістаў —
матэрыяльная падтрымка ніколі не лішняя.

З прывітальным словам выступіў намеснік старшыні
райвыканкама Аляксандр Шаўлюга. Ён падкрэсліў, што на гэтых юнакоў і дзяўчат
раён мае асаблівыя спадзяванні. Асіповіччына будуецца, развіваецца, і творчыя,
ініцыятыўныя, граматныя кадры — а менавіта такімі і стануць нашы медалісты —
патрэбны заўсёды.

Пра кожнага з выпускнікоў падрабязна расказвалі
дырэктары школ. Адчувалася, што гэтымі дзецьмі сапраўды ганарацца і расстаюцца
з імі з сумам у душы. Але ёсць нагода і радавацца: пуцёўкі ў вялікае жыццё
атрыманы, засталося толькі адзначаць у іх пункты новых перамог.

Ад імя бацькоў выказаў прызнанне ўсім, хто меў
дачыненне да вучобы дзяцей, настаўнік гісторыі САШ № 2 Андрэй Лянчэўскі. А
дзякаваць і сапраўды ёсць за што і школам, і аддзелу адукацыі, і кіраўніцтву
рэгіёна, і дзяржаве ў агульным.

Гімназістка Таццяна Кутынка ўпэўнена гаварыла аб
тым, што медалісты-2011 пастараюцца трымаць марку і далей набываць новыя
якасныя веды, каб быць паспяховымі і ў будучым працоўным жыцці.

Сёння — наш расказ пра кожнага з медалістаў. І
няхай не крыўдуюць яны на тое, што не пералічылі ўсіх дасягненняў,
месцаў-дыпломаў — тады трэба было б адводзіць не адну старонку, а некалькі
нумароў “раёнкі”. Дарэчы, многія ўжо не адзін раз былі героямі артыкулаў
“Асіповіцкага краю”. Ёсць упэўненасць, што і далей будзе яшчэ шмат нагод пісаць
пра гэтых маладых людзей.

А атрыманыя медалі няхай застануцца для юнакоў і
дзяўчат прыемным фактам пацвярджэння іх вышэйшай “пробы” на ўсё жыццё!

Юлія Бруёк, гімназія

Сціпласць, дабрыня, абаяльнасць, творчасць,
жыццёвая энергія — усе гэтыя якасці ўласцівы для Юліі. Дзяўчына сур’ёзна
займалася навукова-даследчай дзейнасцю, была пераможцай і прызёрам
навукова-практычных канферэнцый па хіміі і гісторыі. Мае ІІІ дарослы разрад па
лёгкай атлетыцы.

Яна прыгожа танцуе, неаднаразова прымала ўдзел і
была дыпламанткай у раённых і абласных конкурсах мастацкай самадзейнасці.

Імкнецца ўсяго ў жыцці дабівацца сама. І гэта ў
яе добра атрымліваецца!

Дар’я Забаўская, гімназія

Былы сакратар гімназічнай “пярвічкі” БРСМ.
Актыўная ўдзельніца ўсіх школьных мерапрыемстваў, святочных праграм. Прымала
ўдзел у рэспубліканскім конкурсе навукова-даследчых работ, дзе і атрымала
Дыплом ІІ ступені па англійскай мове.

Сярод захапленняў Дашы — бальныя танцы, спевы.
Яна — член узорнага калектыву аматараў папулярнай песні “Хваля”.

Эмацыянальная, вясёлая, грацыёзная. Пра такіх
кажуць “душа кампаніі”. Яе разнастайныя таленты і здольнасці дапамагаюць у
жыцці.

Таццяна Кутынка, гімназія

Яна — лідар, чалавек з актыўнай жыццёвай
пазіцыяй. Былы прэзідэнт гімназічнага органа самакіравання “Гімназічная ліга”.
Жывая і дружалюбная, эрудзіраваная і таленавітая.

Таццяна лічыць, што сур’ёзнае імкненне да
якой-небудзь мэты — палова поспеху ў яе дасягненні.

За пяшчотнай і прывабнай знешнасцю схаваны моцны
характар. Мае рознабаковыя інтарэсы, захапляецца навукамі гуманітарнага цыкла.
Невыпадкова, што стала дыпламантам у конкурсе “Мележаўскія чытанні-2011” у Гомелі. Добры аратар.
Умее захапіць ідэяй іншых.

Ірына Моцевіч, гімназія

“Толькі пра таго можна сказаць, што ён дасягнуў
поспеху, хто здолеў скарыстацца яго вынікамі” — вось яе жыццёвае крэда.
Спалучае ў сабе і сціпласць, і абаяльнасць, і сілу, і настойлівасць. Заўсёды
прыйдзе на дапамогу.

Самае галоўнае захапленне Ірыны — мовы.
Рознабаковае іх вывучэнне дапамагло дзяўчыне дасягнуць высокіх вынікаў.
Неаднаразова перамагала ў алімпіядах па англійскай і рускай мовах. Зусім не
дзіўна, што свой лёс марыць звязаць з лінгвістыкай.

Анастасія Прановіч, гімназія

Крэатыўнасць і нестандартнасць мыслення, любоў
да ўсяго жывога, жаданне падтрымаць і дапамагчы — галоўныя якасці Анастасіі.

Смелая і ўпэўненая ў сабе, умее адстойваць
уласную думку, валодае арганізатарскімі здольнасцямі. Добрая і самаадданая
сяброўка. Карыстаецца аўтарытэтам сярод гімназістаў і настаўнікаў.

Захапляецца біялогіяй і хіміяй, не аднойчы
станавілася пераможцай і прызёрам алімпіяд па гэтых прадметах. У будучыні
бачыць сябе медыкам.

Аляксандра Санковіч, гімназія

Натура настойлівая і мэтанакіраваная.
Неаднаразовы прызёр навукова-практычных канферэнцый, пераможца абласнога
конкурсу па гісторыі. Уладальніца Дыплома І ступені на “Мележаўскіх чытаннях-2011”. Прымала ўдзел у
Рэспубліканскім конкурсе творчых работ па сацыяльна-гуманітарных навуках, дзе
заняла ІІ месца.

Валодае цудоўнымі творчымі здольнасцямі: добра
спявае, танцуе, малюе. З’яўлялася ўдзельніцай фестывалю маладзёжнай песні ў
рамках акцыі “Квітней, Беларусь!”

У Аляксандры “запалены” свой “агеньчык” на
гімназічнай Алеі Зорак.

Алена Скарына, гімназія

Узорная гімназістка. Сціплая, прывабная,
добразычлівая. Мае актыўнае стаўленне да акаляючага свету і падзей. Гэта
дзяўчына з адкрытаю душою і шчодрым сэрцам.

На яе думку, самая галоўная формула поспеху —
уменне будаваць узаемаадносіны з людзьмі.

Лена духоўна багаты чалавек: цікавіцца класічнай
музыкай, добра іграе на скрыпцы, увогуле вельмі рамантычная дзяўчына. Тым не
менш, бліжэйшыя гады збіраецца прысвяціць вывучэнню эканомікі.

Яраслаў Вікторчык, САШ № 1

У гэту навучальную ўстанову прыйшоў з Каменіцкай
школы ў 2008 годзе. Таленавіты хлопец адразу выклікаў інтарэс у педагогаў і
аднакласнікаў арыгінальнасцю і нестандартнасцю мыслення. Ён не толькі
ўдзельнічаў у розных алімпіядах, пісаў навукова-даследчую работу, але і на
выдатна закончыў дзіцячую школу мастацтваў па класе габоя.

Сёлета Яраслаў атрымаў Дыплом ІІІ ступені на
рэспубліканскай алімпіядзе па інфарматыцы — гэтаму прадмету ён прысвячаў увесь
свой час. Неўзабаве без здачы тэсціравання хлопец стане студэнтам І курса
Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі.

Шырокі кругагляд, начытанасць дапамагалі яму
быць актыўным членам каманды знатакоў пры ЦТДіМ. Юнак сур’ёзна захапляецца
турызмам.

Аліна Корбаль, САШ № 1

Крок за крокам, часам заседжваючыся да позняй
ночы за падручнікамі, яна ўпэўнена ішла да залатога медаля. Зараз у атэстаце
дзяўчыны па 14 прадметах з 17 стаіць адзнака “10”. Самакрытычнасць,
працавітасць і настойлівасць дапамагалі дасягаць добрых вынікаў не толькі ў
вучобе, але і ў творчай дзейнасці. Яна на выдатна закончыла дзіцячую школу
мастацтваў па класе харэаграфіі і фартэпіяна.

Кожны год Аліна прымала ўдзел у алімпіядах па
рускай мове, геаграфіі, біялогіі. Неаднаразова займала прызавыя месцы.

Чулая і бескарыслівая, яна заўсёды дзялілася
сваімі ведамі з таварышамі, карысталася безумоўным аўтарытэтам сярод
аднакласнікаў.

Крысціна Марозава, САШ № 1

Актыўная, ініцыятыўная. Выдатная вучоба,
таварыскасць, абаяльнасць — гэта прыцягальныя бакі дзяўчыны. Асноўны напрамак
яе цікавасці — мастацка-эстэтычная дзейнасць. Ні адзін канцэрт, выступленне
агіт-брыгады, творчы конкурс не абыходзіліся без яе ўдзелу. Яшчэ ў дзіцячым садзе
Крысціна стала тонка адчуваць прыгажосць мастацтва танца. Менавіта на сцэне яна
лёгка выказвае эмоцыі, пачуцці, адносіны да жыцця.

Ветлівая, тактоўная. Шчырасць дапамагае адчуваць
радасць ад зносін з людзьмі, дзяўчына высока цэніць узаемаразуменне і
сяброўства. Сярэбраны медаль — важная перамога ў яе жыцці.

Дзмітрый Лянчэўскі, САШ № 2

Чалавек з шырокім колам інтарэсаў. Розных дасягненняў
хлопец мае нямала. Яго заўсёды захапляла вывучэнне мінулага краіны. Сам
гаворыць, што яму надзвычай цікава пазнаваць гісторыю нашых продкаў, знаходзіць
усё новыя і новыя факты. Доўгі час Дзіма сур’ёзна займаўся вывучэннем
беларускай народнай творчасці. З фальклорным калектывам “Вясёлка” пабываў у
многіх гарадах Беларусі.

Узначальваў школьны атрад “Юны патрыёт”.
Валанцёрская работа з ветэранамі, клопат пра воінскія захаванні, праводзімыя
патрыятычным клубам “Нашчадкі”, — вось спіс добрых спраў, якія ўпісаны ў
гісторыю суполкі ім і яго таварышамі.

У вольны час юнак любіць іграць на гітары.

Мацвей Свіркоў, САШ № 2

Ён — хлопец унікальны. Шмат чытае, са-праўдны
інтэлектуал. Яго поспехі — гэта вынікі працы над сабою. Каля 7 гадоў займаўся
ва ўзорным тэатральна-лялечным калектыве “Лялька”. Тэатр для Мацвея — найлепшая
магчымасць рэалізаваць сябе: хлопец не толькі добра іграе, але і прапануе свае
ідэі як сцэнарыст.

Быў удзельнікам краязнаўчых канферэнцый,
брэйн-рынгаў па гісторыі. З гонарам выступаў у Мінску на міжнародным турніры
“Мастацтва палемікі”. Юнак з любоўю адносіцца да сваёй працы, пастаянна
знаходзіцца ў стане творчага пошуку, генерыруе ідэі і ажыццяўляе іх.

Анастасія Налівайка, САШ № 2

Яе любімы школьны прадмет — хімія. Дзяўчына шмат
часу аддавала розным до-следам, уважліва вывучала хімічныя элементы перыядычнай
сістэмы. Акрамя гэтага, Насця была адным з лепшых экскурсаводаў школьнага
музея. Яе экскурсіі праходзілі ярка і запамінальна. Пастаянна ўдзельнічала ў англійскіх
святах — ёсць такая традыцыя ў школе.

 Галоўнае
ж захапленне дзяўчыны — музыка. Медалістка згодна са сваім любімым кампазітарам
Шастаковічам, які лічыў, што музыка робіць чалавека духоўна багатым, дзякуючы
ёй можна ўбачыць жыццё ў розных танах і фарбах.

 На
будучыню мае планы цалкам зямныя — стаць студэнткай медуніверсітэта.

Дана Бадзеева, САШ № 3

Цікаўная, добрасумленная, арганізаваная. Моцная
ўнутрана, яна прад’яўляе да сябе высокія патрабаванні і ніколі не здраджвае
сваім прынцыпам.

Вучаніца была актыўнай удзельніцай  алімпіяднага руху: 4 разы станавілася
прызёрам раённых алімпіяд, з іх тройчы — па рускай мове, заняўшы ў 11 класе І
месца. Вынікова вучылася ў школе мастацтваў № 2, займала прызавыя месцы ў
музычных конкурсах раёна і вобласці.

 Дана
прымала актыўны ўдзел у жыцці класа і школы. Яшчэ ў пятым класе ўступіла ў
экалагічнае маладзёжнае грамадскае аб’яднанне “Дзеля жыцця на Зямлі”, у
дзейнасці якога пакінула свой значны след. Яе імя 8 гадоў запар заносілася ў
Кнігу Гонару школы.

Кацярына Пестава, САШ № 3

Любімы прадмет — матэматыка: 9 гадоў запар яна
была пераможцай школьнай алімпіяды па гэтай дысцыпліне. Мае дыпломы І ступені ў
раённых і абласных этапах.

З пачатковай школы — актыўны член ЭМГА “Дзеля
жыцця на Зямлі”. Удзельнічала ў розных конкурсах навуковых работ сярод моладзі
па біялогіі і хіміі. Была ў экспедыцыі па маніторынгу флоры, фаўны і водных
аб’ектаў Асіповіцкага раёна. За сваю паспяховую дзейнасць Каця тройчы
станавілася лаўрэатам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па
сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў! Выдатна адвучылася ў музычнай
школе, іграе на фартэпіяна і гітары. 4 разы перамагала ў конкурсе “Вучань
года”.

Яўгеній Пракоп’еў, САШ № 4

Хлопец разумны і інтэлігентны. Мае дапытлівы
розум і заўсёды стараецца шукаць рашэнні ў розных іх варыяцыях. Яму адкрыў свае
таямніцы свет атамаў, малекул і часціц. А яшчэ малады чалавек упэўнены, што
“лепш за горы могуць быць толькі горы, на якіх ты яшчэ не бываў”. Цяжкасці,
якія сустракаюцца на шляху да ведаў, толькі даюць запалу рухацца далей і шукаць
адказы на ўсё новыя пытанні. Кожны чалавек абавязкова павінен пакарыць сваю
вяршыню!

Аляксей Стэльмах, Градзянецкая СШ

Сур’ёзна адносіўся да дысцыплін гуманітарнага
цыкла, праяўляў зайздросную актыўнасць на ўроках. Юнак шмат чытае мастацкай
літаратуры. Свае думкі заўсёды выказвае лагічна, абгрунтавана, на ўсё мае
ўласнае меркаванне. Умее сябраваць, карыстаецца павагай сярод аднагодкаў.
Аляксей заўсёды гатоў прыйсці на дапамогу. Ахвотна выконваў даручэнні,
спраўляўся з імі своечасова і добрасумленна.

З павагай ставіцца да спорту, займаўся ў
спартыўных секцыях.

Эліна Панамарова, Лапіцкая САШ

Яе крэда — “калі ты будзеш цікаўным, ты будзеш
шмат ведаць”. Пазнавальны інтарэс, старанне і эрудыцыя дапамаглі дзяўчыне ў
старэйшых класах стаць пераможцай раённай і абласной алімпіяд па англійскай
мове.

На працягу 10-11 класаў Эліна праяўляла вялікую
актыўнасць у грамадскім жыцці роднай вучэбнай установы: выступала са спевамі,
з’яўлялася нязменнай вядучай школьных свят і вечароў. Яна — лідар школьнага
конкурсу “Вучань года” ў 2010 і 2011 гадах.

Павел Дражын, Каменіцкі ВПК дзіцячы
сад-сярэдняя школа

На працягу ўсіх школьных гадоў ён імкнуўся
атрымліваць грунтоўныя веды. Мае рознабаковыя інтарэсы: камп’ютар,
навукова-папулярная і мастацкая літаратура, тэхніка, музыка.

Юнак быў актыўным удзельнікам турыстычных
злётаў, пешых і веласіпедных паходаў па родным краі, конкурсаў юных
выратавальнікаў-пажарных і юных інспектараў руху. Не абыходзіліся без удзелу
Паўла спаборніцтвы па спартыўным арыентаванні і пераадольванні паласы перашкод,
што і прыносіла поспех камандзе.

Ён — надзейны сябар, цікавы і памяркоўны
субяседнік.

Падрыхтавала
Валянціна КОРБАЛЬ.

 

Последние новости

Общество

Неделя нулевого травматизма

13 сентября 2025
Читать новость
Общество

Гороскоп на 13 сентября для всех знаков зодиака

13 сентября 2025
Читать новость
Власть

“Вчера согрешил, съел”. Лукашенко признался, что страшно любит картошку

12 сентября 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко: в этом году хороший урожай, будем с хлебом и картошкой

12 сентября 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко рассказал о планах связать Минск и города-спутники быстрым транспортным сообщением

12 сентября 2025
Читать новость
Благоустройство

В а.г. Вязье Осиповичского района активно проводится ремонт улично-дорожной сети

12 сентября 2025
Читать новость