Псіхолагі раяць нам кожныя 3-5 гадоў мяняць месца работы — каб не застаівацца, атрымліваць новыя веды і эмоцыі. Гэта значыць, што за свой працоўны стаж Наталля Курыцкая магла б зрабіць так як мінімум 6 разоў. Але яна на працягу 31 года ходзіць на працу ў дзіцячы садок і лічыць сябе шчаслівай…
Таямніца гэтага ўзнёслага пачуцця простая: наша гераіня з дзяцінства ведала аб сваім прызначэнні і марыла быць падобнай на любімую выхавальніцу Лідзію Пракопаўну. Наталля скончыла Мурманскае педвучылішча, у 1979 годзе прыехала з мужам у Асіповічы і ўладкавалася ў садок № 2 “Рамонак”.
— Трыццаць адзін год праляцеў так непрыкметна… За гэты час мне ніколі не было тут нудна. Я — розная, жыццё — рознае, усе дзеці — таксама розныя, штогод толькі маладзею з імі. Сама заўсёды ў дынаміцы, таму не заўважаю ні свайго ўзросту, ні камплекцыі, — кажа жанчына з усмешкай.
Пастаяннае знаходжанне ў дзіцячым акружэнні навучыла яе ўдумліва ставіцца да ўсіх падзей навокал, стойка пераносіць складанасці неспакойнай прафесіі. Наталля Курыцкая лічыць, што ў першую чаргу трэба любіць выхаванцаў, стасавацца з імі як з сябрамі, не саромецца прасіць прабачэння. Тады малечы будуць адказваць даросламу тым жа.
Для любога выхавальніка вельмі важна знайсці і ўзаемаразуменне з роднымі дзятвы. Наталля Пятроўна імкнецца далучыць “сваіх” тат і мам да актыўнага ўдзелу ў жыцці садка. Яны ахвотна наведваюцца на бацькоў-скія сходы, прымаюць удзел у ранішніках і спартакіядах. Калі нехта спрабуе адмовіцца, тады выхавальніца прыводзіць слушны аргумент: “Падумайце, калі ласка, наколькі будзе важным для дзіцяці тое, што вы знаходзіцеся побач і робіце нешта разам”.
У сваю дзейнасць жанчына імкнецца ўкараняць новыя педагагічныя прыёмы. 8 гадоў таму яна стала карыстацца методыкай Зайцава па навучанні чытанню. Заняткі з дзеткамі пачынаюцца з 3-гадовага ўзросту, і праз пару гадоў большасць з іх ужо могуць бегла чытаць па складах.
Яе прафесія, як лічыць, неразрыўна звязана з творчасцю:
— Нам трэба быць артыстамі: танцаваць, спяваць, імправізаваць! Жыццё малых у садку павінна нагадваць свята. Сама пастаянна ўдзельнічаю ў нейкіх мерапрыемствах ці канцэртах. На ранішніках іграю розных персанажаў: Карлсана, Дзеда Мароза (самая частая роля), Снегавіка, Бабу-Ягу, Мядзведзя, Казу. Нядаўна выступіла на раённым конкурсе “Песня застаецца з чалавекам”.
А ці ёсць якая-небудзь аддача ад таго, што ўкладаеш усю душу ў свой занятак? Яшчэ якая! Пад час выпускных бацькі з малечамі кажуць такія прыемныя словы ўдзячнасці, што амаль кожны раз Наталля Пятроўна плача. Не забываюцца на любімую выхавальніцу дзеці і тады, калі ідуць у школу. Прыходзяць у садок спачатку з бацькамі, потым — самі. І яна па магчымасці наведваецца ў САШ № 3, дзе вучыцца большасць яе выпускнікоў.
Тыя, хто знаходзяцца далёка ад роднага горада, знаходзяць жанчыну праз інтэрнэт у сацыяльнай сетцы. Як напрыклад, двайняты Толя і Дзіма Могутавы. Хлопцам, якія зараз жывуць у Амерыцы, ужо па 23 гады. Вельмі падабаецца перапісвацца са “сваімі” пасталеўшымі дзецьмі ды пераглядаць іх віртуальныя фотаальбомы і ёй.
Закончыць расказ пра абаяльную выхавальніцу хацелася б цытатай з партфоліа, якое яна рыхтавала на леташні конкурс “Педагог года”. Гэтыя словы належаць яе калегам: “Можа быць, намаляваны партрэт атрымаўся занадта ідэальным? Вядома, як і ў любога чалавека, у Наталлі Пятроўны ёсць свае недахопы, але яны застаюцца дзесьці там, у яе прыватным жыцці, і на рабоце не праяўляюцца”.
Филиал “Осиповичский завод железобетонных конструкций” ОАО “Дорстроймонтажтрест” отмечен Дипломом I степени XXII республиканского конкурса “Лидеры в строительстве Беларуси-2025”
5 июля 2025
Общество
Коллектив РУП “Могилёвоблгаз” завоевал Гран-при IX молодежного фестиваля “Мы едины — мы молодежь”.
5 июля 2025
Общество
“Аўталаўка — гэта свята!” — так лічаць жыхары малых населеных пунктаў Асіповіцкага раёна
4 июля 2025
Общество
Международный молодежный патриотический проект “Дорогами Памяти и Славы” в Осиповичах
4 июля 2025
Год благоустройства
У абласным этапе рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне паверхневага воднага аб’екта асіповіцкі гарадскі пляж заняў першае месца
4 июля 2025
Общество
Прямая линия с первым заместителем председателя Осиповичского райисполкома