Пад такой назвай у гімназіі прайшла нядаўна чарговая раённая навукова-практычная канферэнцыя. У ёй прымалі ўдзел вучні школ Асіповіччыны, якія вывучаюць гісторыю роднага краю і актыўна вядуць пошукавую работу па аднаўленні імён загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай, займаюцца разам з дарослымі ваенна-гістарычнай рэканструкцыяй, шмат падарожнічаюць, каб больш дасканала ведаць жыццё людзей, што насяляюць нашу зямлю.
Па словах дырэктара раённага цэнтра турызму і краязнаўства Святланы Барысевіч, педагогі дашкольнай адукацыі вядуць значную работу па выхаванні ў падлеткаў пачуцця патрыятызму. Праводзячы экспедыцыі, вучні збіраюць шмат цікавых і карысных звестак, якія бяруцца за аснову пры напісанні навукова-даследчых работ. З імі ўдзельнічаюць у розных абласных і рэспубліканскіх конкурсах, якія праходзяць у рамках акцыі “Жыву ў Беларусі — і тым ганаруся”.
Перад пачаткам работы канферэнцыі ў фае была арганізавана выстава значкоў вядомага ў горадзе калекцыянера Валерыя Чупахіна, які не толькі прадэманстраваў дзецям вынік свайго захаплення, але і адказаў на шматлікія пытанні. Прычым некаторыя з іх самі з задавальненнем займаюцца збіральніцтвам.
“Жыве сабе чалавек на-дзённымі клопатамі, хвалюецца за дзень заўтрашні, звыкла глядзіць на добра знаёмыя краявіды і не здагадваецца пра тое, што даўным-даўно ў гэтых мясцінах…”, — гучаць словы вядучай. На сцэну падымаюцца вучні Ілья Папоў з СШ № 4, Таццяна Баравікова і Вольга Карашкова з Ясенскага і Ліпенскага ВПК д/с-СШ, якія знаёмяць прысутных з работамі “Летапіс г. Асіповічы” і “Гісторыя ст. Ясень і в. Ліпень” (кіраўнікі Алена Анціховіч, Леанід Бязручка і Вольга Падвойская). У справаздачах аб праведзенай пошукавай дзейнасці рабяты выклалі багата новай інфармацыі аб даследуемых мясцінах. Прэзентацыя кожнага з іх змя-шчала паданні аб паходжанні назваў, дакументы і фотаздымкі людзей, якія мелі дачыненне да апісваемых падзей.
Пра знойдзеныя дакументы 214-й паветрана-дэсантнай брыгады і іх перадачу ў Асіповіцкі гісторыка-краязнаўчы музей можна было даведацца з даклада, які падрыхтаваў мясцовы краязнаўца Дзмітрый Саўрыцкі. Сугучна з яго работай прайшла дэманстрацыя ваеннага абмундзіравання 1941 года, над рэканструкцыяй якога працаваў педагог дадатковай адукацыі Андрэй Торбін. Яго выхаванцы Радзівон Пішкоў, Аляксей Марозаў, Павел Савін і Аляксей Дзенісевіч выступілі ў ролі маладых байцоў Чырвонай Арміі.
Адзінаццацікласніца з СШ № 3 Анастасія Дзяргач разам з педагогам Клаўдзіяй Жаўрыд спынілі ўвагу на даследаванні “Іх імёны не будуць забыты”.
Не абмінулі школьнікі і тэму “Дзеці і вайна”. Яе раскрывалі вучні з СШ № 2, № 4, Вяззя і Татаркі Аляксандр Рудкевіч, Юлія Сугака, Дзмітрый Прашковіч, Уладзіслаў Званскі пад кіраўніцтвам педагогаў Андрэя Лянчэўскага, Таццяны Лёлінай, Ніны Лапікавай і Віталія Лагуціна.
Анастасія Пруднікава і Алег Торапаў пад кіраўніцтвам выкладчыка Юрыя Сцяпанава падрыхтавалі даследаванне “Вызваленне Асіповіцкага раёна. 1-ы Данскі корпус”. А Крысціна Зык і Ганна Ванюкова з Дараганаўскага ВПК д/с-СШ прэзентавалі матэрыял, які адлюстроўваў асноўныя напрамкі дзейнасці гуртка “Дараганазнаўства”, што займаецца ўстанаўленнем імён загінуўшых у гады вайны, вядзе іншую даследчую работу.
Падчас мерапрыемства гучалі вершы і песні пра нашу краіну і родныя мясціны, пра гераізм салдат той вайны, якія падрыхтавалі выхаванцы ансамбля “Музычны ваяж” пад кіраўніцтвам Наталлі Грэнь. А фіналам канферэнцыі стала ўзнагароджванне ўдзельнікаў Дыпломамі і памятнымі прызамі.