3 лютага – вечар сустрэчы з выпускнікамі

3 лютага – вечар сустрэчы з выпускнікамі

…  Старонкі школьнага жыцця

На двары – люты, апошні месяц зімы, якая  па- сапраўднаму  заявіла ў гэтым годзе  аб сабе. Снегу намяло столькі, што не прайсці  і не праехаць. Але гэта  не стане  перашкодай для тых,  хто імкнецца   на парог  роднай школы,  каб зноў акунуцца   ў дзяцінства,  адчуць  цяплыню, любоў і  радасць  ад  сустрэчы. 

 Кожны год у першую суботу лютага  наша Дараганаўская   школа як магніт прыцягвае да сябе былых вучняў. І гэты год не  стане выключэннем.   Са  студзеня ў сценах  роднай школы  збяруцца як  юбілейныя выпускі, так і тыя, хто  скончыў школу толькі  ў мінулым годзе.  Не выключэнне наведванне  школьнага музея, дзе  з хваляваннем праз 30, 40, 50 гадоў  можна дакрануцца да пажухлых ад часу   сведак гісторыі – рапартычак класаў,  сшыткаў,  школьных  лістовак, газет, сатырычных  паштовак, заметак, якія  становяцца сваеасаблівым “жывым голасам” і нясуць  ў  сябе вялікі эмацыйны зарад.  Выпускнікі школы будуць у гэтым годзе  прыемна ўражаны новымі экспазіцыямі, музейнымі прадметамі, што з’явіліся ў  былой школьнай зале пад час рэканструкцыі. А яшчэ  можна  патрымаць  у руках і пазнаёміцца з пісьмом  Яроцкай Юзэфы  якое  публікуецца ніжэй. 

“У школу  я пайшла ў 1934 годзе.

Вучыліся  мы ў старым панскім  памяшканні, што стаяла каля 2-павярховага драўлянага будынка дзіцячага дома. Там было некалькі  класных пакояў і жыў дырэктар  школы Вабішчэвіч. Пазней пабудавалі побач яшчэ  драўляны дом, дзе былі  два класныя прасторныя пакоі.

Каля школы раслі арэхі розных гатункаў, лістоўніцы, кедры, белая  акацыя, ліпа, клён, дуб, граб, вяз, сасна, елка, вярба, розныя  гатункі  бэзу, кустарнікі шыпоўніку, каліна і мноства невядомых  раслін. Гэта была прыгажэйшая мясціна  ў Дараганаве. Яшчэ  ў канцы Х1Х стагоддзя тут  побач з маёнткам Елізаветы  Фёдараўны  Дараган  быў разбіты прыгожы  парк выпісаным з-за мяжы майстрам садова-паркавай справы.

Першая мая настаўніца – Вольга Сяргееўна Цвяткова, добра пела, малявала і курыла. Праз два гады яе перавялі на працу ў  вёску Мачынск, дзе была пачатковая школа, а  нас вучыла Дайнава( імя  не памятаю).

 Ужо тады былі спаборніцтва паміж класамі па вучобе. На калідоры вывешвалі вынікі вучобы: хтосьці  ляцеў на самалёце, ехаў на паравозе, машыне, ці поўз на чарапасе. Усё  гэта было  ў малюнках. На перапынку за  пяць капеек мы куплялі  ірыску.

У чацвёртым класе мы вучыліся  на Смалярні. Там былі  два школьныя пакоі, настаўніцкая і маленькі калідорчык. Тут жа пры школе жылі прыбіральшчыца і  старажыха, пажылая жанчына – Шкіндзірыха.

У пачатковых класах працавалі:Крукоўская Марыя Іванаўна, Жлобіч Марыя, Трахімовіч.

Вучні старэйшых класаў вучыліся  ў старым драўляным будынку, а 5-6 класы ў новым будынку, што стаяў побач з старой школай.

Вокны нашага класа выходзілі ў двор школы, і я добра памятая, як у час заняткаў да нас прыйшлі ў клас  невядомыя людзі і знялі  партрэт Блюхера. Гэта было, здаецца мне,   у 1938 годзе, мы вучыліся тады ў 5-м класе.

У наступным годзе мы  ўжо вучыліся ў пакоі, вокны якога выходзілі на чыгунку. Праз вокны было добра відаць,як ішлі адзін з адным цягнікі  з узбраененнем і салдатамі. На чыгунцы была ўзкакалейка, таму цягнікі часта прыпыняліся на станцыі, і  мы на перапынках бегалі глядзець. Нам было вельмі цікава, што салдаты былі апрануты ў рознакаляровыя сцёганыя халаты і размаўлялі на незразумелай нам мове. Мусіць гэты было, калі я вучылася ў 6-м класе,  ў 1939- 1940 годзе, бо сямігодку я закончыла да вайны. У 1941 годзе мы ўжо вучыліся ў сталінскай школе, і пакой наш быў налева  першы ад уваходных дзвярэй.

Кожную суботу  на калідоры  строіліся класы, падводзілі вынікі вучобы і паводзін. Дырэктарам быў Мамчыц Канстанцін Іосіфавіч, чалавек высокі, касаваты, але хадзіў без акуляраў. Яго жонка- Зінаіда… выкладала  рускую літаратуру ў старэйшых класах. Яе вельмі баяліся ўсе вучні, бо літаратуру вучылі па крытыцы, напамяць цэлыя абзацы.

Язовіт Васілій  выкладаў у нас матэматыку ў 5-м класе. Задачы пісьмовыя былі вельмі складаныя для гэтага ўзросту, таму мы збіраліся групамі, хадзілі да настаўніка, але часам нічога не атрымлівалася ў нас. На ўроках, калі да нас нічога не даходзіла, ён хадзіў вельмі шпарка па класу і крычаў:”Багамазавы вы!” Чаму “багамазавы” я і зараз не ведаю.
Драніцкая, яго жонка,вяла беларускую мову. Грэкавіч Пётр Іванавіч выкладаў рускую мову. Выдатна маляваў і быў фізікам –Граковіч Пётр Мікалаевіч. Яго работы- партрэты правадыроў  упрыгожвалі школу. Ён працаваў у нас і пасля вайны,але нядоўга. Аднойчы яго вызвалі ў РАНО, і больш мы яго  не бачылі. Казалі,што ў час вайны ён быў у канцлагеры, прайшоў праз пакуты і выжыў. Чаму з ім так абышліся  – не ведаю? Працавалі  ў нас да вайны: Скрыпчынская, Клеўко (Клюйко),  Крукоўскі Аляксандр Мікалаевіч, апошні выкладаў матэматыку і хімію. Яго  ў 1937 годзе арыштавалі і больш  аб ім нам нічога  невядома.

У школе да вайны  была багатая бібліятэка.  Калі немцы размясціліся ў будынку школы, кнігі павыкідалі. Вялікая гара кніг ляжала на вуліцы.  Гледзячы на старэйшых сябровак, я прынесла да дому творы Шэкспіра, Мапасана,Гюго,але пабаяўшыся, што  немцы будуць біць за кнігі, схавала іх падпечак. Шкада, іх хутка “прачыталі” мышы.

 Клуб быў у нас у яўрэйскай сінагозе. Там вечарамі мы бавілі час: гулялі ў шашкі, праводзілі рэпетыцыі,асабліва ў модзе былі фізкультурныя пераміды. Тут часта выступалі нашы настаўнікі. Яны,разам з дзяжурнымі па станцыі  ставілі спектаклі па п’есах М.Астроўскага. Гэта былі выдатныя пастаноўкі.

 Калі пачалася вайна, школа некаторы час працавала. Хадзілі хто хацеў.Пасля будынак школы немцы забралі пад камендатуру. Мая малодшая сястра да вайны скончыла толькі 2 класы і вучыла яе Крукоўская М.М. У час вайны, яна і другія вучні хадзілі  ў школу на Смалярню, і вучыла яе Дзюба А.І. А вось мая малодшая сястра, павінна была пайсці ў школу ў 1941 годзе, і яна ў час вайны не вучыліся.

         Вакол школы быў  прыгожы сасновы лес. Немцы высеклі яго,  толькі тры сасны заставаліся каля царквы. Мясцовыя казалі, што немцы баяліся партызан, якія  маглі  падыйсці  да камендатуры, што  знаходзілася ў школе.  А яшчэ, мясцовыя казалі, што немцы чымсьці  апрацавалі зямлю, таму што вучні нашай школы кожны год вясной садзілі маладыя сосны, а яны не прыжываліся. З Акадэміі навук прыехалі вучоныя, узялі пробу зямлі і далі параду лясніцтву- правесці  апрацоўку глебы. Пасля ўжо пасажаныя сажанцы прыжыліся.

         Працуючы на  школьным агародзе мы  ўвесь сам знаходзілі шмат  зброі. Цяпер мне стала зразумела,чаму так багата гільз ад патронаў менавіта  на школьным двары.Немцы расстрэльвалі людзей у адным месцы: у закавулку паміж настаўніцкай і класам. Забітых закопвалі адразу ў сасонніку там дзе  зараз магіла. Колькі там пахавана –невядома. Зямля прыняла ўсіх.

         Савецкія войскі прыйшлі ў Дараганава   мне здаецца раніцай 26 чэрвеня1944 года і ішлі ланцугом па дарозе  паўз чыгунку ў напрамку Старых Дарог. 

          Пасля вайны мне страшна хацелася вучыцца, хаця, і не было магчымасцей. Трэба былі грошы. Я два гады працавала на чыгунцы ў сувязі разам з Акінчыцам Пятром Мітраховічам і   Ліхадзіеўскім Барысам. Мне  ўдалося ўгаварыць маму,  і я пайшла ў школу, трэба было хоць,што ўспомніць па асноўным прадметам, бо за 5-ць гадоў абсалютна ўсё забылася.

          У 1946 годзе адкрылі 8 клас. Мы спачатку вучыліся  некаторы час  (месяцаў два) у будынку сельскага савета, бо сталінскую школу рэмантавалі. Пры вызваленні Дараганава  школа была часткова разбурана  папаўшым   снарадам.Затым мы перайшлі ў сваю любімую школу. Я старанна вучылася. Марыла   паступіць  на якія-небудзь курсы. Мае мары прыйшлося адлажыць. Не было з чым і ў чым ехаць.Некалькі вучняў у 1947 годзе  пасля заканчэння 8 класаў паехалі вучыцца далей. Для адкрыцця 9-га класа вучняў не хапала. Мне прапанавалі стаць бібліятэкарам у школе і хадзіць у 9 клас. Я згадзілася. Бібліятэка была  ў настаўніцкай і займала толькі адну шафу і  ўсяго каля 10 кніг. Кнігі паступова пачалі паступаць. Працавала  я нядоўга, прыехала сястра дырэктара Аксана і яе паставілі на маё месца, а мяне перавялі на справавода.  

         Так я закончыла ў 1949 годзе 10 класаў, працуючы  справаводам. Нас было 10 чалавек: Жлобіч Галя, Ліннік Леанід, Шэвярнова Галя, Церах Юзэфа, Паланейчык Андрэй, Паланейчык Іван,Падзера Марыя, Паўліна( прозвішча не памятаю)  і радуціцкія- Сакалоўская Ала- бацька быў гісторык у школе і Геамінна Гема- бацькі яе прыехалі адкульсці. Гема дзесьці закончыла 10 класаў, але не паступіла вучыцца далей, таму хадзіла ў 10 клас, каб  паўтарыць матэрыял.

         Дырэктарам  быў Якаў Андрэевіч Жукоўскі выкладаў рускую літаратуру, завуч Бірук Канстанцін Андрэевіч выкладаў геаграфію.Дырэктар быў сакратаром партыйнай арганізацыі. Усе мерапрыемствы, сходы, выбары праходзілі ў школе пад яго кіраўніцтвам.

         Класным кіраўніком быў у нас Аляксандроў Мікалай Ціханавіч, ён жа  быў матэматыкам у школе.  Беларускую літаратуру  выкладаў  Непачаловіч І. Д., але не доўга. Хутка ён паехаў у Мінск і працаваць стала  Дзюба А.І., пасля Балтоўская А.  Фізруком  быў Цераш І. Б. Працавалі  яшчэ Красюкоў І В.Карэнка М.А.,  Заяц. Настаўнікі : Жукоўскі, Аляксандроў, Бірук хадзілі  ў шынелях і гімнасцёрках.

         Вучні майго выпуску паступілі вучыцца далей.  Шэвярнова Галя і Церах Юзэфа паступілі  ў педінстытут у Мінск. Ліннік Леанід  у судна- будаўнічы інстытут г. Горкі. Паланейчык Андрэй  стаў юрыстам, вучыўся ў Мінску, а Паланейчык Іван закончыў ваеннае вучылішча. Падзера Марыя і  Паўліна  сталі зубнымі дактарамі. Сакалоўская Ала і  Геамінна Гема разам з бацькамі  пакінулі  Дараганава і іх лёс мне невядомы.

Пры паступленні  ў інстытут я здала геаграфію на “пасрэдна”, таму ў першым паўгоддзі не атрымала стыпендыю. А за першае паўгодзе трэба было ў1949 годзе  плаціць за вучобу ў інстытуце 300 рублёў. У мяне іх не было.  І я рашыла буду хадзіць на заняткі, покуль не прагоняць. Не прагналі. Я не ведала чаму. І толькі калі прыехала на канікулы мама сказала, што настаўнікі  сабралі грошы, каб заплаціць за маю вучобу. Дырэктар быў па сваіх справах  у Мінску і гэтыя грошы  заплаціў.

У 1950 годзе плату за вучобу адмянілі. Я думаю, вам зразумела, у якім  даўгу я перад  настаўнікамі  Дараганаўскай школы.

 Я нізка схіляю галаву перад памяццю выдатных педагогаў: Жукоўскім Якавам Андрэевічам, Біруком Канстанцінам Андрэевічам, Аляксандровым Мікалаем Ціханавічам,Балтоўскай ( імя не памятаю). Я іх не падвяла. У 1971 годзе мне прысвоілі ганаровае званне  Заслужаны настаўнік Беларусі  Яроцкая Ю.С.

Ляцяць гады вельмі хутка … Жыццё імкліва бяжыць наперад, расстаўляючы ўсё на свае месцы. Рознымі дарогамі разышліся выпускнікі, але ўсіх  па-ранейшаму аб’ядноўвае наша родная школа, мілае сэрца Дараганава.”

 Аўдзейчык В.І.  Выкарыстаны матэрыялы музея.

Последние новости

Общество

9 мая 2025 года в Осиповичах движение транспорта будет ограничено

8 мая 2025
Читать новость
Армия

В Осиповичах сегодня открылся еще один арендный дом. Он расположился на улице Крыловича, 34

8 мая 2025
Читать новость
80 лет Великой Победе

Сегодня состоялось возложение цветов и венков к обелиску на братской могиле у д.Теплухи

8 мая 2025
Читать новость
Общество

Программа мероприятий,посвященных 80-й годовщине Победы советского народа в Великой Отечественной войне в Осиповичах.

8 мая 2025
Читать новость
Общество

Состоялся 42-й Международный Осиповичский марафон

8 мая 2025
Читать новость
Общество

Прямые линии в Осиповичах

8 мая 2025
Читать новость