10 сентября в Осиповичах открыли детский дом семейного типа

Добрая навіна
І загучала: “Мама! Тата!”
Сёння ў райцэнтры адбылося ўрачыстае адкрыццё яшчэ аднаго дзіцячага дома сямейнага тыпу. Размясціўся ён на вуліцы Загараднай. Тры хлопчыкі і дзве дзяўчынкі знайшлі сваю сям’ю і клапатлівых бацькоў. Імі сталі Марыя і Аляксей Бібеткі, якія разам з рабятамі ўжо паспелі крыху абжыцца на новым месцы, бо засяліліся ў прадастаўлены дзяржавай будынак у сярэдзіне жніўня.
Марыя Аляксандраўна і Аляксей Сяргеевіч — прафесійныя псіхолагі, што толькі садзейнічае наладжванню стасункаў з малымі. Марыя працавала ў Дараганаўскай школе і яслях-садзе № 10, а яе муж — сацыяльны педагог СШ № 1, таму вопыт зносін з хлопчыкамі і дзяўчынкамі маюць даволі багаты.
Рашэнне прысвяціць сябе такой высакароднай справе прыйшло не адразу. Галоўнае, што яно стала агульным для сямейнай пары. Спачатку марылі аб прыёмным дзіцяці. І калі ім прапанавалі адразу пяцёра, задумаліся, але ненадоўга.
І вось паездка ў Вяззе ў аздараўленчы лагер — і першая сустрэча, пакуль толькі з мэтай знаёмства. Але ўбачыўшы патэнцыяльных выхаванцаў, аднагалосна рашылі: “Гэта нашы дзеці”.
Трохгадовы Данік і васьмігадовы Арцём з біялагічнай сям’і зусім нядаўна, толькі прайшлі этап прытулка, а таму ўражанні яшчэ зусім свежыя. З імі даводзіцца гутарыць больш, чым з іншымі, каб дапамагчы перажыць боль. Валерыя, Павел і Насця амаль аднаго ўзросту, таму пасябравалі адразу. І ўжо дапамагаюць бацькам даглядаць малодшых.
А словы “мама” і “тата” ў новым доме загучалі амаль адразу. Як і радасны смех. Акрамя бацькоў, у рабят з’явіліся і бабулі з дзядулямі: яны падтрымалі жаданне дзяцей ашчаслівіць малечу, даць ёй магчымасць расці і развівацца на ўрадлівай глебе.
Юныя жыхары дзіцячага дома сямейнага тыпу ўжо прывыклі да распарадку, хатніх абавязкаў. Старэйшыя ўдала распачалі навучальны год у СШ №№ 1 і 3, а самы маленькі ходзіць у Пратасевіцкі дзіцячы сад з казачнай назвай “Церамок”. Паша любіць гуляць у футбол, Насця асвойвае піяніна, Лера — цымбалы. А яшчэ рабяты збіраюцца запісацца ў танцавальны гурток. Словам, жыццё наладжваецца.
Ну а ўчарашнія ўрачыстыя хвіліны з новай сям’ёю падзялілі старшыня райсавета дэпутатаў Сяргей Сувееў, намеснік старшыні райвыканкама Ганна Землянухіна, а таксама шэраг прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый, прадпрыемстваў горада, прыватныя прадпрымальнікі. Зразумела, кожны хацеў не толькі павіншаваць сям’ю з наваселлем, але і аказаць дапамогу. Сучасная бытавая тэхніка, пасцельная бялізна, посуд, гульнёвае абсталяванне, кандытарскія і малочныя вырабы, прадукцыя кансервавага завода, мыючыя сродкі і нават туі і падпіска на раённую газету — такім разнастайным аказаўся спіс падарункаў. Благачынны Асіповіцкай акругі Васілій Белавус паспеў асвяціць новы дом і блаславіць яго жыхароў, а выхаванцы ЦТДіМ расквецілі афіцыйную цырымонію сваімі яркімі нумарамі.
Дзецям у гэтым доме будзе цёпла, радасна і ўтульна — такое перакананне засталося пасля наведвання новай сям’і. Няхай усе чаканні спраўдзяцца!
Фото Нины Царик