Ў раёне прайшоў выязны семінар работнікаў лясгасаў вобласці

Вясна — гарачая пара не толькі для аграрыяў. Нараўне з пасадкай сельскагаспадарчых культур у краіне разгортваецца штогадовая кампанія па аднаўленні лясоў. Менавіта гэтай тэме і быў прысвечаны выязны семінар-нарада, на які сабраліся дырэктары, галоўныя ляснічыя, начальнікі гадавальнікаў лясгасаў Магілёўшчыны. Узначаліў мерапрыемства першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Аляксандр Драгун.
Месца збору ўдзельнікаў семінара — лясны гадавальнік Асіповіцкага доследнага лясгаса, які заснаваны на тэрыторыі Ліпеньскага лясніцтва ў 1978 годзе. Менавіта тут вырошчваюць пасадачны матэрыял для лесааднаўленчых работ лясгаса: розныя віды хвойных і ліставых дрэў (сасна, елка, дуб, бяроза, ясень, клён, ліпа і інш.). Акрамя асноўных лесаўтваральных парод, у гадавальніку можна ўбачыць (і набыць па прымальным кошце) і больш за 60 відаў дэкаратыўных раслін: ядлоўцы, туі, кіпарысавікі, буякі і г.д.
Пры вырошчванні пасадачнага матэрыялу ў Ліпеньскім гадавальніку выкарыстоўваюць перадавыя прыёмы агратэхнікі.
Гэта і разглядалі-абмяркоўвалі ўдзельнікі семінара. Дарэчы, кожны лясгас прывёз і свае ўзоры раслін, каб можна было параўнаць, як умовы вырошчвання ўплываюць на хуткасць росту елак, соснаў, альхі аднаго ўзросту. Падчас азнаямлення з практыкай вырошчвання пасадачнага матэрыялу ў адкрытым і закрытым грунце, а таксама з закрытай каранёвай сістэмай вызначылася, што вялікую ролю ў гэтым працэсе маюць не толькі ўгнаенні, тэрміны, глыбіня пасадкі, але і звычайныя грунт, торф і вада. Іх якасць, якая, натуральна, адрозніваецца ў кожным з раёнаў, уплывае на хуткасць і гушчыню прарастання насення. Таму, як падкрэсліў Аляксандр Драгун, аналізу зыходнай сыравіны трэба ўдзяляць увагу ў першую чаргу. Для гэтага ў Мінлясгаса ёсць усе магчымасці і нават спецыяльная лабараторыя.
Абмеркавалі і магчымасці і вопыт выкарыстання рознай лясной тэхнікі, якая дазваляе механізаваць некаторыя працэсы лесагаспадарчых работ. Адметна, што ў Ліпеньскім гадавальніку ёсць і свае цікавыя распрацоўкі пасадачных агрэгатаў, якія таксама прадэманстравалі гасцям.
— Якасць аднаўлення лясоў — адзін з важных, стратэгічных кірункаў лясной гаспадаркі, — адзначыў Аляксандр Драгун. — Мы сабраліся не каб знайсці хібы ў працы, а абмеркаваць, што можна зрабіць для ўдасканалення сітуацыі. Патрэбна ўзяць лепшае з вопыту кожнага лясгаса і выкарыстоўваць гэта паўсюдна. Усе элементы тэхналогіі павінны належным чынам забяспечвацца: толькі ў гэтым выпадку можна дасягнуць выніку.
А ад якасці дзейнасці кожнага, хто задзейнічаны ў функцыянаванні гадавальніцкай гаспадаркі, напрамую залежыць якасць лесааднаўлення ў цэлым.