З канца лютага да пачатку красавіка — найлепшая пара для краніравання дрэў

Гэтымі работамі ў ліку іншых клопатаў зараз і займаецца УКП ЖКГ. Працуюць па заяўленчым прынцыпе, часцей за ўсё падобныя звароты паступаюць ад жыхароў райцэнтра.
І не толькі галлё на дрэвах абразаюць камунальнікі, а яшчэ і высякаюць некаторыя шкодныя расліны. Напрыклад, нядаўна ад раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя было атрымана прадпісанне з пералікам 28 пунктаў росту інвазіўных дрэў, якія зараз і ліквідуюцца.
Як расказала галоўны спецыяліст райінспекцыі Юлія Хвісевіч, папярэднія гады мэтанакіравана вяліся работы па скарачэнні плошчаў, захопленых баршчэўнікам Сасноўскага і залатарнікам канадскім, што дало добрыя вынікі. Таму зараз больш увагі можна надзяліць барацьбе з іншымі шкоднымі культурамі. Сёння ў прыярытэце знішчэнне клёна ясенелістага і рабініі псеўдаакацыі (народная назва — белая акацыя). Імі ў 80-я гады актыўна засаджвалі вуліцы населеных пунктаў, ды толькі не ўлічылі таго факта, што гэтыя культуры хутка абсемяняюць навакольную тэрыторыю, перашкаджаючы росту і развіццю іншых дрэў. Таму зараз эколагі б’юць трывогу і нагадваюць усім землекарыстальнікам аб неабходнасці весці барацьбу з гэтымі раслінамі. Дарэчы, сёлета раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя выдзелена 32 976 рублёў на ачыстку тэрыторый ад “зялёных агрэсараў”.
Чым жа небяспечныя інвазіўныя культуры для чалавека і навакольнага асяроддзя? Дадзеная група нешматлікая, але аказвае значны негатыўны ўплыў на прыроду. Справа ў тым, што распаўсюджванне чужародных раслін пагражае экасістэмам і прычыняе шкоду сельскай гаспадарцы, прыродным біяцэнозам, а часам і здароўю людзей.
Самы небяспечны з гэтай “кампаніі” — баршчэўнік Сасноўскага, сок якога наносіць апёкі скуры чалавека.
Пылок залатарніка канадскага выклікае моцную алергічную рэакцыю, а сама расліна стварае праблемы для росту сельгаскультур.
Апалае лісце клёна ясенелістага настолькі едкае, што выцясняе дубровы. А ў чалавека выклікае палінозы.
Кара і плады рабініі псеўдаакацыі ўтрымліваюць рэчывы, якія валодаюць нейратаксічным дзеяннем.
Пералічаныя расліны пры знешнім прывабным выглядзе наносяць непапраўную шкоду асяроддзю. Таму выкарыстоўваць іх для дэкаратыўных мэт забаронена.