Наталля Пахоменка, прадпрымальнік

— Выбары — адказны момант для раёна, вобласці, дзяржавы ў цэлым, бо мы вызначаем нашу будучыню. Менавіта дэпутаты стануць прымаць законапраекты, у адпаведнасці з якімі мы будзем жыць, працаваць і развівацца.
Усе грамадзяне маюць шанц выказаць уласнае меркаванне, падтрымаць кандыдатаў, з інфармацыяй пра якіх папярэдне пазнаёміліся, каб рабіць выбар свядома. Гэта праяўленне грамадзянскай адказнасці кожнага.
Ад будучых дэпутатаў мы чакаем сустрэч з выбаршчыкамі, абмеркавання злабадзённых пытанняў, адкрытага дыялогу, работы ў органах кіравання. Дарэчы, раней даводзілася мець стасункі з дэпутатам, агучвала праблемы — і знаходзіла разуменне і падтрымку.
На выбары заўсёды хаджу ў асноўны дзень галасавання, бо люблю гэту святочную, прыўзнятую атмасферу, калі на ўчастку іграе музыка, працуе буфет, можна сустрэць шмат знаёмых. На мінулыя выбары, напрыклад, хадзіла разам з мужам, быў сонечны, радасны дзень, панаваў добры настрой, што вельмі запомнілася.
Наогул, выбары выклікаюць у мяне толькі станоўчыя эмоцыі. Я заўсёды за стварэнне, развіццё, плённую працу, супраць любога разбурэння, негатыву. Краіна павінна квітнець, эканоміка расці, моладзь ствараць сем’і, нараджаць дзяцей. Вельмі люблю сваю Айчыну і канкрэтна горад Асіповічы, дзе нарадзілася, жыву і будую бізнес. Ні разу нават і ў думках не жадала пакінуць Радзіму, бо тут мой дом.