Асіповічы: коратка аб розным

Ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама на ўліку стаіць 14.571 пенсіянер, у тым ліку 865 адзінокіх, 74 ветэраны вайны, 149 асоб, якія перанеслі пакуты ад яе наступстваў. Выдаткі на выплату пенсій за мінулы год склалі 459,8 млрд руб. Сярэдні памер працоўнай пенсіі ў канцы года — 2,7 млн руб.
Гандлёвае абслугоўванне насельніцтва раёна ажыццяўляюць 530 аб’ектаў рознічнага гандлю, з іх 207 магазінаў, у тым ліку ў сельскай мясцовасці — 68; 6 гандлёвых цэнтраў, 11 аб’ектаў бытавога абслугоўвання. Жыхароў вёсак абслугоўвае 8 аўтамагазінаў, абсталяваных ізатэрмічнымі скрынямі. Летась тавара-зварот апошніх склаў 11,6 млрд руб.
Як паведамілі ў ЦРБ, адзінокім пажылым людзям паліатыўная меддапамога аказваецца ў Бабруйскім анкалагічным дыспансеры і на 35 койках сястрынскага догляду ў Дараганаўскай бальніцы, 10 койках Ялізаўскай і такой жа колькасці — Лапіцкай участковых бальніц.
“Падлетак і закон” — раённы “круглы стол” пад такой назвай прайшоў на базе СШ № 1. У ім прынялі ўдзел 21 школьнік, які знаходзіцца на прафілактычным уліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, і столькі ж, што стаяць на ўнутрышкольным уліку. Перад імі выступілі пракурор Аляксандр Канецкі, начальнік аддзялення па незаконным абароце наркотыкаў і процідзеянні гандлю людзьмі РАУС Вадзім Баложка, начальнік IСН Вячаслаў Яшкін.
У ДУКВП “Райсэрвіс”, каб расквеціць вясну больш яркімі колерамі, кіпіць работа ў цяпліцы. Майстар Святлана Фіняк расказвае, што працаўніцы займаюцца падрыхтоўкай расады. Перавагу аддаюць насенню стракатых кветак з яркай афарбоўкай і працяглым перыядам цвіцення, такіх, як сальвія, петунія, агератум, цэлозія. На зіму на цэнтральнай вуліцы высадзілі цюльпаны. Плануюць дадаткова разбіць клумбы.
Напярэдадні 8 Сакавіка жанчынам будзе карысна даведацца, што студыя прыгажосці “Срэбра” зараз пераехала на вуліцу Сумчанкі, 43 (насупраць “Оптыкі”).
“Станем бліжэй” — з такім дабрачынным праектам наведалі сталічныя валанцёры спецшколу-інтэрнат. Канцэрт вялі Арына Войт і Заал Ярадангуліеў, выступалі Дзіяна Шыманоўская, Павел Пашко, поп-група “Дэ-люкс”, танцавальны калектыў “Німфея” і другія. Выхаванцы не толькі пагля-дзелі выступленне, але і патанцавалі разам з ар-тыстамі, мелі з імі стасункі і атрымалі ў падарунак садавіну, салодкія ласункі, памперсы, так неабходныя многім. На памяць жа атрымалі і фотаздымкі, і станоўчыя эмоцыі.
Адметна, што валанцёрская група падключыла да праекта студэнтаў, работнікаў банка, усіх, хто неабыякавы да лёсу хворых дзяцей. Прыемна, што ў праекце прынялі ўдзел і асіпаўчане. Напрыклад, Наталля Махо-ніна з мужам прывезлі выхаванцам школы цацкі і вопратку.