Асіповічы: коратка аб розным

Стаянка па захоўванні транспартных сродкаў прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “Асіповіцкая аўтамабільная школа” ДТСААФ за студзень-кастрычнік прыняла каля 1.300 аўтамашын. Такая платная паслуга карыстаецца попытам не толькі ў асіпаўчан, але і гасцей горада. Усяго за студзень-кастрычнік арганізацыя зарабіла такім чынам каля 230 млн рублёў.
Персанальная выстава творчых работ 9-гадовай навучэнкі дзіцячай школы мастацкіх рамёстваў Эльвіры Фікс праходзіць зараз у гарадской дзіцячай бібліятэцы. Летась дзяўчынка прымала ўдзел у XVI Міжнародным фестывалі анімацыйных фільмаў “Анімаёўка”, дзе была адзначана дыпломам “За майстэрства”.
Паслугамі паштовага аддзялення сувязi № 1 карыстаецца прыкладна 5 тыс. гараджан. Большая частка з іх — актыўныя падпісчыкі раённай і рэспубліканскай прэсы. Так, газету “Асіповіцкі край” выпісвае 861 чалавек, “СБ. Беларусь сегодня” — 228, “Железнодорожник Беларуси” — 168, ”Во славу Родины” — 110.
Градзянскі сельсавет актыўна займаецца выяўленнем безгаспадарчых і непрыгодных для жылля дамоў. Сёлета гаспадарам такіх пабудоў накіравана 18 прадпісанняў з прапановай прывесці іх у належны стан або ліквідаваць наогул. Усяго ж за 8 гадоў з тэрыторыі сельсавета знікла 49 хат.
Комплексны пункт прыёму № 3 КБА аказвае насельніцтву розныя бытавыя паслугі. Жадаючыя могуць узяць на пракат рэчы, здаць у чыстку дываны і дублёнкі, прынесці брудную бялізну ў пральню. Тут купляюць і вырабы швейнага і трыкатажнага цэхаў камбіната. Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца пасцельныя рэчы. Тавараабарот ад аказаных паслуг за студзень-кастрычнік склаў каля 224 млн рублёў.
Аўтапарк № 19 штомесяц прадае больш за тысячу месячных і дэкадных білетаў для праезду ў гарадскім транспарце. За студзень-кастрычнік першых пасажыры купілі 11.636, другіх — 5.620. Выручка ад продажу склала 1.617,6 млн руб. Зараз кошт праязнога на месяц складае 133.900, на дэкаду — 46.900, разавага талона — 3.500 рублёў. Набыць дакументы на праезд можна ў касах аўтастанцыі, аўтобусных кантралёраў і вадзіцеляў, а таксама на пошце.
Асіповіцкая кінавідэасетка актыўна займаецца рамонтам кінатэатра “Родина”, у якім хутка можна будзе паглядзець фільмы ў фармаце 3D. Пакуль установа прапануе гледачам прагляд кіно ў раённым Цэнтры культуры і адпачынку, у тым ліку і прадукцыю, прысвечаную 80-годдзю беларускага кіно. Школьнікі і выхаванцы дзіцячых садкоў далучаюцца да кінамастацтва непасрэдна ў сваіх альма-матар. За 9 месяцаў такім чынам быў абслужаны 6.371 глядач, з іх у горадзе — 5.603.