Асіповічы: коратка аб розным

35,5 цэнтнера з гектара — сярэдняя ўраджайнасць збожжа па раёну на ўчарашнюю раніцу. Ужо зжата амаль 70% асіповіцкіх ніў.
Да раённага свята працаўнікоў вёскі “Дажынкі”, якое пройдзе сёлета ў новым фармаце, рыхтуецца Вяззеўскі сельсавет. Першачарговая ўвага надаецца добраўпарадкаванню аграгарадка: стану дарог, кантэйнерным пляцоўкам і г.д.
Амаль тысяча УКХ-прыёмнікаў рэалізавана землякам вузлом электрасувязі з красавіка, калі перастала існаваць правадное радыё. Цяперашняе зніжэнне попыту — за дзень рэалізуецца толькі некалькі штук — сведчыць, што пытанне сяброўства з ультракароткахвалевым эфірам жыхарамі Асіповіччыны вырашана.
Карыстаецца вялікай папулярнасцю адкрыты сёлета на беразе Асіповіцкага вадасховішча лясгасаўскі Дом паляўнічага: утульнае месца забраніравана ўжо да кастрычніка. Любяць сюды наведвацца аматары палявання не толькі з розных рэгіёнаў Беларусі, але і замежныя грамадзяне.
“Урокі дабрыні для школьнікаў” — дабрачынная кампанія, якая будзе праводзіцца з 4 жніўня па 15 верасня райарганізацыяй Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа сумесна з Цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Збор школьнага адзення, абутку, пісьмовых і спартыўных прылад — па вул. Дзмітрыева, 8. Даведкі па тэлефонах: 23-0-88, 51-1-28.
Тавары да новага вучэбнага года прапануе магазін № 24 ААТ “Гандаль”. Напрыклад, толькі ранцаў фірмы “Каджыа” ў “Дзіцячы свет” паступіла больш за сотню штук. У апошніх завозах — касцюмы і сарочкі для хлопчыкаў, трыкатажныя вырабы для дзяўчынак. Бліжэйшым часам асартымент пашырыцца школьнай формай ад фабрык Магілёўшчыны “Славянка” і “Вяснянка”.
Блокхаус, вагонка і дошка для падлогі — найбольш запатрабаваныя ў летні сезон матэрыялы, вырабляемыя Ліпенскім дрэваапрацоўчым цэхам. Добра ідуць тут справы і ў плане экспарту: за паўгоддзе рэалізавана 2.999 кубаметраў піламатэрыялаў абразных вільготных і 708 — сухіх хваёвых, што складае 128% да леташніх паказчыкаў.
Колькасць зуброў на Асіповіччыне зараз налічвае 254 асобіны. Больш за ўсё іх на тэрыторыі Градзянскага лясніцтва. Сумесна з расійскімі спецыялістамі распрацоўваецца праграма стварэння новых папуляцый, згодна з якой у перспектыве пры дамоўленасці частку гэтых магутных жывёл пераселяць у лясныя масівы суседняй краіны.