Асіповічы: коратка аб розным

У лясгасе паведамілі, што ўсіх жадаючых змогуць забяспечыць ялінкамі да свята. Цэнтральнае, Асіповіцкае і Акцябрскае лясніцтвы будуць прапаноўваць лясных прыгажунь з 21 па 31 снежня. У горадзе з 22 снежня пачнуць працаваць ёлачныя базары на плошчы Леніна і каля гандлёвага цэнтра “Сіці Мол”. Зялёнае дрэўца можна будзе набыць з 10.00 да 18.00. Кошт залежыць ад памеру: да 1 м — 6 рублёў, 1,1-2 м — 7,5 руб., 2,1-3 м — 15,6 руб.
Кінатэатр “Радзіма” падчас тыдня беларускага кіно 16 снежня ў 12.00 праводзіць паказ фільма “Кіндэр-Вілейскі прывід”. А выхаванцы ясляў-сада № 6 змаглі павесяліцца, паглядзеўшы “Прыгоды Несцеркі”. Мультфільм паказалі ім прама ва ўстанове адукацыі.
ЗВЭС Магілеўскага філіялу РУП “Белтэлекам” з 22 снежня пашырае лінію тарыфнага плана “ЯСНА”, які ўключае высокахуткасны інтэрнэт, інтэрактыўнае тэлебачанне ZALA і безлімітную тэлефонную сувязь. З’явіцца новы тарыфны план “ЯСНА-25”, які дазволіць павялічыць колькасць тэлеканалаў і хуткасць інтэрнэта. Да канца года плануецца закрыць гарадскую каардынатную станцыю, што дазволіць перавесці тэлефоны ў лічбавы фармат.
У раённым Цэнтры народных рамёстваў і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з 12 па 20 снежня праходзіць выстава работ вучняў студыі “Чароўныя ўзоры”. А з 19 па 30 будуць экспанавацца вырабы майстроў раёна “Снежныя ўзоры” з саломкі, ільну і іншых матэрыялаў. Гледачы ўбачаць святочныя кампазіцыі, кераміку, цацкі, сняжынкі і розныя іншыя рэчы. Наведацца сюды зможа кожны жадаючы.
Прадстаўніцтва “Белдзяржстраху” па Асіповіцкім раёне, якое днямі адзначыла 95-годдзе, аказвае 17 відаў абавязковага і больш за 70 відаў дабраахвотнага страхавання. Усё большую папулярнасць набывае страхаванне медыцынскіх выдаткаў, маёмасці і кватэр, адказнасці веласіпедыстаў і ўладальнікаў кватэр, “АвтоКАСКА” і інш. Толькі за 10 месяцаў заключана больш за 20 тысяч дагавароў. Выплата страхавога пакрыцця ажыццяўляецца своечасова.
На базе раённага цэнтра фізічнай падрыхтоўкі 17 снежня ў 10.00 адбудзецца турнір па плаванні “Калядныя старты”. Сярод удзельнікаў будуць не толькі мясцовыя школьнікі, але і рабяты з Бабруйска, Магілёва, Жлобіна і Слуцка.
Кансервавы завод асвоіў новы від прадукцыі — салёныя агуркі, якая рыхтуецца да продажу. У гэтым месяцы прыгатавана паўтары тоны квашанай капусты, за месяц запланавана выпусціць каля 20 тысяч 3-літровых слоікаў яблычнага нектару. Акрамя таго, зараз вядзецца выпуск марынаванай агародніны (морква, буракі і капуста).