Асіповічы: коратка аб розным

БЯСПЛАТНЫЯ ПАСЛУГI ветэранам Вялікай Айчыннай і сем’ям загінуўшых ваеннаслужачых у гады вайны аддзел сацыяльнай дапамогі райвыканкама аказвае амаль тры гады. Зараз сацыяльныя работнікі клапоцяцца пра 39 такіх чалавек. Першапачаткова на ўліку іх было 51.
ПРАЦЯГВАЕЦЦА КАПРАМОНТ шматпрофільнага маладзёжна-падлеткавага цэнтра “Равеснік”, а таксама пачаты будработы, як паведамілі ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, у кінатэатры “Родина”, Жорнаўскім сельскім Доме культуры і дзіцячай музычнай школе № 1.
САЛІСТКІ ўзорнага ансамбля “Журавінка” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Дар’я Моцевіч і Лізавета Балоцька (кіраўнік — Таццяна Салімон) вярнуліся дамоў з рэспубліканскага конкурсу вакальнай творчасці “Юныя таленты Беларусі”, які праходзіў у “Зубронку”, адпаведна з дыпломамі I і III ступені.
МАГАЗІН “Радуга” камбіната бытабслугоўвання гандлюе абуткам айчыннай вытворчасці, аксесуарамі да яго, панчошна-шкарпэтачнымі вырабамі і сумкамі рознага прызначэння каля чатырох месяцаў. За гэты час прадпрыемства зарабіла больш за 210 млн. руб.
IНДЫВІДУАЛЬНЫ ПРАДПРЫМАЛЬНІК СЯРГЕЙ КУЛІКОЎ — добры фатограф і актыўны блогер. Нядаўна на блог-платформе LiveJournal (ЖЖ — Живой журнал) ён змясціў рэпартаж пра аграгарадок Дараганава “Беларуская вёска”, і за трое сутак каментарый на старонцы пакінулі каля 2 тысяч чалавек, сярод якіх шмат жыхароў блізкага і далёкага замежжа.
РЭСТАРАН “ЮБІЛЕЙНЫ” ААТ “Гандаль” штодня атрымлівае заяўкі на правядзенне навагодніх карпаратываў у перыяд з 24 снежня па 1 студзеня. Вольных месцаў становіцца ўсё менш. Ужо распрацавана меню больш, чым на 500 чалавек. Максімальна ж за 8 дзён тут можа адпачыць 720 гасцей.
НОВЫ КІЁСК філіяла ААТ “Магілёўсаюздрук” хутка ўстановяць замест сённяшняга каля гасцініцы “Асіповічы”. Аналагічных па канструкцыі ў горадзе пакуль няма, ён будзе больш прыстасаваны менавіта для вы-кладкі газет і часопісаў, асартымент стане багацейшым.
ПАПУЛЯРНАЕ МЕСЦА адпачынку з’явілася нядаўна ў гараджан: нярэдка вечарамі бацькі з дзецьмі рушаць да ёлкі, устаноўленай каля вытворчага цэха “Асіповіцкі” ААТ “Бабушкина крынка” — кіруючая кампанія холдынга “Магілёўская малочная кампанія “Бабушкина крынка”. Лясная прыгажуня прываблівае наведвальнікаў сваім цікавым афармленнем.