Асіповічы: коратка аб розным

ФIЛІЯЛ АЎТАПАРК № 19 ААТ “МаГIЛЁЎАЎТАТРАНС“ сведчыць, што ў горадзе працуюць 16 аўтобусаў па 15 маршрутах, на раёне — 10 і 39 адпаведна. У сярэднім за дзень транспартныя сродкі прадпрыемства пераадольваюць шлях больш чым у 3,5 тысячы кіламетраў.
ПАСЛУГА РАДЫЁВЯШЧАННЯ РАЁННАГА ВУЗЛА ЭЛЕКТРАСУВЯЗІ становіцца ўсё менш папулярнай сярод насельніцтва: кожны квартал работнікі прадпрыемства па жаданні ўладальнікаў адключаюць каля трох соцень радыёкропак. Напрыклад, за верасень-лістапад такіх было 362. Сёння на Асіповіччыне дзейнічае больш за 8 тысяч радыёкропак.
ХУТКА АДКРЫЕЦЦА магазін № 7 “Ветразь” ААТ “Гандаль” пасля капітальнага рамонту. Тут цалкам заменена абсталяванне на новае, гандлёвая кропка пераведзена на самаабслугоўванне, узмоцнена відэаназіранне, магчыма, будзе весціся аўдыёзапіс паміж пакупніком і прадаўцом.
РАЁННАЯ АРГАНІЗАЦЫЯ РДГА “БЕЛАРУСКАЕ РЭСПУБЛІКАНСКАЕ ТАВАРЫСТВА ВЫРАТАВАННЯ НА ВОДАХ” папярэджвае, што, нягледзячы на халоднае надвор’е, лёд на нашых вадаёмах яшчэ не дастаткова трывалы, таму выходзіць на яго ні ў якім разе нельга. На жаль, ужо ёсць першыя ахвяры непрадбачлівасці: у сераду ў Гомелі пад лёд правалілася трое дзяцей, двое з якіх загінулі.
РАБОТНІКІ ДУКВП “РАЙСЭРВІС” гавораць, што на наступным тыдні землякі адчуюць надыход Новага года ў поўнай ступені: у горадзе ўжо ўстанаўліваюць і ўпрыгожваюць ёлкі. Палюбавацца імі можна будзе, як і заўсёды, у парках і пасёлку Савецкім, на цэнтральнай плошчы. Дарэчы, каб стварыць землякам святочны настрой, было патрачана каля 60 млн. руб.