Асіповічы: Коратка аб розным

З 28 КАСТРЫЧНІКА пачалі працаваць школьныя аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем. На працягу 6 дзён пройдуць аздараўленне 366 вучняў. У дзень на харчаванне аднаго дзіцяці вы-дзяляецца ў сярэднім каля 27 тыс. руб. Бацькоўская даплата складае ад 70 да 100 тысяч.
У МАГІЛЁВЕ прайшоў адборачны этап міжнароднага дзіцячага конкурсу “Музыка надзеі”. У ім удзельнічалі і 2 юныя асіпаўчанкі-піяністкі з ДШМ №№ 1 і 2 — Ульяна Кудзельская (настаўнік Любоў Цвірко) і Варвара Арцыменя (Таццяна Панасенка). Дзяўчынкі атрымалі заахвочвальныя дыпломы.
АКТЫЎНЫМI КАРЫСТАЛЬНІКАМI ПАСЛУГІ “IНТЭРНЭТ-БАНКІНГ” ААТ “Белаграпрамбанк” з’яўляюцца каля 500 чалавек (на 01.01.2013 г. — 350).
14,5 ТЫС. АБАНЕНТАЎ РАЁНА ГАЗАЗАБЕСПЯЧЭННЯ карыстаюцца прыродным газам. Летам за суткі аб’ём ужытага газу складае каля 9 тыс. кубаметраў, зімой — ад 55 да 60.
АСІПОВІЦКІ БУРАКАПРЫЁМНЫ ПУНКТ ужо прыняў ад сельскіх гаспадарак нашага, Бабруйскага і Кіраўскага раёнаў каля 9 тысяч тон салодкіх караняплодаў — звыш 29, 17 і 44 тысяч тон адпаведна. Адгрузілі на завод больш за 55 тыс. тон.
ПЕНСІІ ЗА АСАБЛІВЫЯ ЗАСЛУГІ, як паведамілі ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацабароне раёна, атрымліваюць 14 чалавек з 15.200.
РАЁННЫ ЦЭНТР КУЛЬТУРЫ за студзень-верасень аказаў платных паслуг амаль на 228 млн. руб. Грошы паступаюць ад сумеснага правядзення мерапрыемстваў і канцэртнай дзейнасці.
ВЯЗЗЕЎСКІ СЕЛЬСАВЕТ сёлета па рашэнні суда пазбавіўся ад 4 старых дамоў, непрыгодных для пражывання. Зараз вядзецца работа па добраўпарадкаванні могілак, у тым ліку — у вёсцы Орча. Прылягаючая да іх тэрыторыя ачышчана ад смецця, выдалены зараснікі.
КАФЭ “ЮНОСТЬ” I РЭСТАРАН “ЮБИЛЕЙНЫЙ” ААТ “ГАНДАЛЬ” штомесяц наведвае звыш 6 тыс. чалавек. Выручка ад аказаных паслуг за апошні месяц тут склала 280 млн. руб.