Асіповічы: коратка аб розным

АЗС № 70 “БЕЛАРУСНАФТА-МАГIЛЁЎНАФТАПРАДУКТ”, размешчаная каля пасёлка Сасновы на трасе М5, сёлета рыхтуецца прыняць удзел у конкурсе на лепшую аўтазаправачную станцыю краін СНД.
АУКВП “КАПIТАЛЬНАЕ БУДАЎНIЦТВА”. Больш за 24 млрд. рублёў асігнаванняў выдзелена на інжынерна-транспартную інфраструктуру ў бягучым годзе. Плануецца працягнуць будоўлю 9 ферм на тэрыторыі раёна, кааператыва “101 кіламетр”, узвесці 16-кватэрны арэндны дом на вуліцы Шамякіна. Атрыманы дзяржзаказ і на будоўлю дзвюх шматпавярховак у мікрараёне “Чарняхоўскі”.
АСIПОВIЦКI КАМБIНАТ ГРАМАДСКАГА ХАРЧАВАННЯ прапануе сваім пакупнікам шмат смачных вырабаў, у ліку якіх адкрытыя пірагі з яблыкамі ці джэмам, пірожныя “Лакомка” і “Нежность”. Набыць іх можна ў павільёнах, размешчаных на вакзале і па вул. Рабоча-Сялянскай.
ТВОРЧЫЯ КАЛЕКТЫВЫ РЦК — вакальная група “Сяброўкі”, малая група народнага аматарскага тэатра “Надежда”, народны хор ветэранаў вайны і працы — прымуць удзел у занальным туры абласнога агляду-конкурсу “Не старэюць душой ветэраны”.
У ЮРЫДЫЧНУЮ КАНСУЛЬТАЦЫЮ за дапамогай у студзені звярнулася каля 50 грамадзян. Найбольш распаўсюджанымі былі пытанні, якія тычацца працоўных зносін, спадчыны, падзелу жылых памяшканняў.
БОЛЬШАСЦЬ НАВЕДВАЛЬНIКАЎ КIНАТЭАТРАЎ – дзеці і падлеткі. Раённы аддзел кінавідэаабслугоўвання ў бліжэйшай будучыні будзе дэманстраваць для іх мультыплікацыйны фільм “Iван-Царэвіч і Шэры Воўк-2”. Кошт білета ранейшы: 4.000 рублёў.
ЗА МЕСЯЦ у рэстаране “Пралеска” святкуюць юбілеі і вяселлі сяброў і блізкіх каля 700 чалавек.
ДЛЯ ЗIМОВАГА СЯМЕЙНАГА АДПАЧЫНКУ найбольшай папулярнасцю ў землякоў карыстаюцца аднадзённыя паездкі ў Белавежскую пушчу. Аматарам гарналыжнага спорту турагенцтва “ВізітТур” прапануе трохдзённыя туры на курорт Букавель (Карпаты).
КДУП “АДЗIНЫ РАЗЛIКОВЫ ЦЭНТР” за мінулы год было складзена 165 матэрыялаў на неплацельшчыкаў на агульную суму 255 млн. рублёў, а пагасілі запазычанасць 10 чалавек (18,7 млн.). На сёння выяўлена 119 грамадзян, якія не плацяць за камунальныя паслугі больш за паўгода, — чакаюць судовых выканаўцаў?
ДЗIЦЯЧАЯ МАСТАЦКАЯ ШКОЛА МАСТАЦТВАЎ актыўна развівае такі кірунак творчасці, як кераміка. Гэтым відам мастацтва ў адрамантаванай летась майстэрні зараз займаюцца каля 50 дзяцей школьнага ўзросту. У філіялах школы, што ўжо пяты год дзейнічаюць у аграгарадках Ясень і Вяззе, займаюцца 20 дзяцей.