Асіповічы: коратка аб розным

“ШЧАДРОЎКІ-2014” ЗАПРАШАЮЦЬ! Раённае свята пачнецца ў нядзелю а 11 гадзіне ў Ясенскім сельскім Доме культуры. У праграме: беларускія нацыянальныя гульні, выступленне батлеечнага тэатра, тэатралізаванае прадстаўленне з удзелам народных калектываў Асіповіччыны.
КIНАВIДЭАСЕТКА. Летась колькасць гледачоў, якія наведалі кіназалы раёна, склала 43.100 чалавек. З іх гараджан — 25.663, сяльчан — 17.437. Найбольш запатрабаванае месца прагляду кінафільмаў — РЦК: пабывала каля 13 тысяч гледачоў. Самымі папулярнымі сталі расійскія кінафільмы “Около футбола” і “Легенда № 17”. Карыстаюцца попытам таксама камедыі для моладзі і фэнтэзі.
ЧЫТАЦКIЯ IНТАРЭСЫ. Сярод юных чытачоў нашых бібліятэк найбольшай папулярнасцю карыстаюцца кнігі Джоан Роўлінг пра Гары Потэра і Дзмітрыя Емеца аб прыгодах Тані Гротэр, а таксама пра Міфодзія Буслаева, серыі “Казкі XXI стагоддзя”, “Пераходны ўзрост” і “Таинственные приключения”. Моладзі і чытачам старэйшага ўзросту падабаюцца дэтэктывы, раманы і фантастыка. Больш сталы ўзрост цікавіцца гістарычнай літаратурай, аддае перавагу серыі дэтэктываў “Спецназ”.
СТАМАТАЛАГIЧНАЯ ПАЛIКЛIНIКА. У дзень да дактароў для лячэння зубоў звяртаецца каля 225 чалавек. Хірургічную дапамогу — выдаленне зубоў — атрымоўвае каля 50, артапедаў наведвае каля 40, а 35 пацыентам прадстаўляюцца платныя паслугі.
АДДЗЕЛ НАРЫХТОВАК РАЙСТА штогод працуе над выкананнем дзяржзаказу па нарыхтоўцы другаснай сыравіны. Летась тут, напрыклад, закуплена ў насельніцтва 3.675,3 тоны чорных металаў і 13,6 тоны каляровых, што перавышае планавую лічбу.
АЎТАПАРК № 19. За мінулы год філіялам ААТ “Магілёўаблаўтатранс” зрасходавана 847 тон дызельнага паліва, 4,3 — бензіну і 3 тоны газу.
ВОДАЗБЕРАЖЭННЕ. За 2013 год 316 лічыльнікаў вады было ўстаноўлена ў сельскай мясцовасці і 1.385 — з улікам новабудоўлі — у горадзе.
32 ЮНЫЯ IНТЭЛЕКТУАЛЫ — лаўрэаты раённага этапу — заслужана атрымалі права прыняць удзел у III этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, якая пройдзе з 13 па 17 студзеня ў Магілёве. Яны выступяць па 14 школьных дысцыплінах. Жадаем вучням поспехаў, чакаем дамоў з перамогай!