Янка Непачаловіч: “Я атрымаў права пісаць вершы на роднай мове”

Нарадзіўся Янка Непачаловіч 25 мая 1917 года ў вёсцы Мінкавічы Старадарожскага раёна ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1934 годзе 17-гадовы юнак працаваў загадчыкам Крываносаўскай хаты-чытальні Старадарожскага раёна. У 1935 годзе паступіў на літаратурны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага, аднак з трэцяга курса будучаму паэту давялося спыніць вучобу. Яго накіравалі працаваць у Дзяржынскую сярэднюю школу, дзе ён выкладаў беларускую мову і літаратуру ў 1937-1939 і 1944-1947 гадах.
Вучобу заканчваў завочна ў 1940-м. Напрацягу 1939-1941 гадоў Іван Данілавіч настаўнічаў у Мар’інагорскай сярэдняй школе Пухавіцкага раёна. Падчас Вялікай Айчыннай вайны дапамагаў партызанам, а пасля вызвалення Беларусі працаваў настаўнікам у Дзяржынску (1944-1947), інспектарам Старадарожскага раённага аддзела народнай адукацыі (1947-1948).
З 1948 года пачынаецца асіповіцкая старонка ў біяграфіі Непачаловіча. Амаль 20 гадоў (да 1967 года) ён выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Дараганаўскай сярэдняй школе. У сваім артыкуле, надрукаваным у часопісе “Роднае слова”, доктар гістарычных навук прафесар Эмануіл Іофе ўспамінае: “У час працы ў Крамокскай сярэдняй школе Старадарожскага (потым Слуцкага, а цяпер Асіповіцкага) раёна мне неаднаразова давялося наведваць вёску Дараганава і Асіповіцкі раённы аддзел народнай адукацыі і чуць самыя добрыя водгукі пра настаўніка беларускай мовы і літаратуры Дараганаў-скай сярэдняй школы Івана Данілавіча, пра актыўнасць яго вучняў, пра тое, што гэтыя прадметы ў вялікай пашане сярод вучняў і настаўнікаў школы, што ён умела выкарыстоўваў на ўроках беларускія прыказкі і прымаўкі”.
У 1967 годзе літаратар пераязджае ў Мінск, дзе становіцца рэдактарам у выдавецтве “Народная асвета”.
Пачатак літаратурнай дзейнасці Янкі Непачалові-ча датуецца 1936 годам, калі на старонках часопіса “Полымя рэвалюцыі” з’явіліся першыя вершы “Марыула” і “Вячэрняя сустрэча”. Праз год там жа былі надрукаваны “Садоўнік” і “Чаканне”. Знакавым для Янкі Данілавіча стаў 1958 год. Тады выйшла першая кніга “Мера любві” і аўтара прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Другі зборнік “Позні паром” выйшаў у 1967 годзе ў выдавецтве “Беларусь”. На грамадскіх пачатках яе адрэдагаваў Анатоль Вялюгін.
Апошняе лета жыцця Янка Непачаловіч праводзіў у вёсцы Дараганава, дзе трагічна загінуў 3 ліпеня 1969 года. Як адзначаў Эмануіл Іофе, “Анатоль Вялюгін, які прысутнічаў на пахаванні Янкі Непачаловіча, успамінаў у 1977 годзе: “Я ўсё думаў і думаў, а што там здарылася? Дні тры таму ён заходзіў да мяне, здаровы, вясёлы.
— Дам дэпешу, як палезуць з моху баравікі, — смяяўся Янка. — Адпачынак сёлета, уга! Месяц… ды яшчэ — дамовіўся ў выдавецтве — два тыдні на свой кошт. Кніжку хачу закончыць.
Баравая сіла кіпела ў ім, здавалася, яшчэ паўвека ў запасе. Што здарылася? На чыгуначным пераездзе ў Асіповічах дарожны інспектар, распытаны мною, папярхнуўся ад цыгарэтнага дыму: “Куля п’янага барыгі…”, — прамовіў ён”.
Нягледзячы на тое што Янка Непачаловіч пражыў усяго 52 гады, ён пакінуў даволі багатую літаратурную спадчыну: тры зборнікі вершаў (зборнік выбраных вершаў “Перад заходам сонца” выйшаў у 1977 годзе), дзясяткі вершаў у часопісах “Полымя”, “Маладосць”, “Беларусь”, “Вожык” і газетах на беларускай мове, цікавыя вершы на рускай і ўкраінскай мовах, надрукаваныя ў беларускіх і ўкраінскіх выданнях. На верш Янкі Данілавіча таленавіты беларускі кампазітар Юрый Семяняка напісаў папулярную песню “Табе маё прызнанне”.
Выходзілі вершы Непачаловіча і на літаратурнай старонцы раёнкі. Вось некалькі з апошніх, надрукаваных у № 62 ад 25 мая 1967 года.
Радзіме
Ты свяціла нам яркаю зоркаю,
Ведучы па дарогах крутых.
Хоць калісь жалуды елі горкія,
Ліст альховы служыў нам махоркаю,
Ды натхняла на подзвігі ты.
Кожны ведаў — калі давядзецца
Пасці ў бітве за долю сваю,
Ярасць сэрца яго разальецца
Па сяброўскіх разгневаных сэрцах,
І сябры смертаносцаў даб’юць.
Справа наша, мы верылі, выслыве,
Нашу мужнасць ацэніць народ.
Сабіраючы хлопцаў на Зыславе,
Ты ўрачыста паліла кастры свае,
Рыхтавала ў вялікі паход.
Мы, прайшоўшы дрыгвой і чаротамі,
Там, дзе чэрці прайсці не маглі,
Смела рушылі ў бой з жываглотамі,
Што хацелі фашысцкімі ботамі
Растаптаць славу роднай зямлі.
Азараючы нас перамогаю,
Рвала рэйкі, крышыла масты.
Мы ішлі тваёй вернай дарогаю,
Здраду мерай караючы строгаю, —
Нас, як сталь, загартоўвала ты.
Калі сэрцы надзеяй заселены,
На шляху перашкоды — не страх.
Славай нашыя справы авеяны,
Як ніколі, мы сёння ўпэўнены,
Што ў жыцці выбран правільны шлях.
* * *
Зрываючы лісток календара,
Рука ад хвалявання не дрыжыць:
Наш дзень звычайным днём не вымяраць,
Бо дню пражытаму яшчэ нямала жыць.
У каляндар упісаныя дні —
Нямала дзён мы ведаем такіх —
Прайшлі яны, а слава іх звініць
Аж рэха коціцца ў наступныя вякі.
Любы наш дзень сабой здзіўляе свет:
Адзін мог землі новыя адкрыць,
Другі — сузор’е цэлае планет,
А трэці — атамам прасторы азарыць…
Рука ад хвалявання не дрыжыць,
Зрываючы лісток календара:
Мне выпала ў дні такія жыць,
Якім не суджана ніколі паміраць.
Маё крэда
Само жыццё дало мне крэда,
Яно праверана як след:
Як паважаеш ты суседа,
Цябе шануе так сусед.
Як ты гукнеш, так адгукнецца,
А што пасееш, тое жнеш.
Сваё сябрам адкрыеш сэрца —
Душу сяброў пазнаеш лепш.
Дабро прыносіш добрым людзям —
З табою людзі як браты:
Ніхто ніколі не забудзе
Сапраўднай шчырай дабраты.
Сумленне нашае правераць
Па строгіх правілах гады.
Патрэбна сем разоў адмераць,
Каб раз адрэзаць назаўжды.