Валерыя Грахоўская: “Асіповічы — гэта назаўсёды!”

Валерыя Грахоўская: “Асіповічы — гэта назаўсёды!”

Па добрай традыцыі напярэдадні навагодніх свят уручаюцца дзяржаўныя ўзнагароды тым, хто многія гады быў адданы сваёй справе і дасягнуў высокіх вынікаў. Адпаведны Указ Прэзідэнта краіны № 462 “Аб узнагароджанні” быў падпісаны 26 лістапада. Прыемна, што ў ганаровым спісе ёсць і наша зямлячка — загадчык аддзела па падрыхтоўцы законапраектаў і ўзаемадзеянні з Пастаяннай камісіяй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па бюджэце і фінансах Валерыя Грахоўская (Молчан). I “раёнка” скарысталася зручнай нагодай, каб не толькі павіншаваць былую асіпаўчанку, але і задаць некалькі пытанняў.

— У Сакратарыяце Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу працую амаль два дзясяткі гадоў, — падзялілася Валерыя Валянцінаўна. — За гэты час,  безумоўна, даводзілася перажыць нямала ўрачыстых момантаў, але ўручэнне медаля “За працоўныя заслугі” стала асаблівым пунктам у працоўнай біяграфіі. Узнагароду атрымала з рук старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Паўлавіча Андрэйчанкі. Было, канечне, і хваляванне, і гонар, і пачуццё задаволенасці, што шматгадовая праца ацэнена. З’явіўся дадатковы стымул для дасягнення новых рубяжоў.

— Валерыя Валянцінаўна, а якім быў Ваш шлях з Асіповіч у сталіцу?

— Кажуць, кожнаму чалавеку наканавана быць там, дзе яго месца. Не магу сказаць, што з дзяцінства марыла жыць у Мінску. Больш таго, пасля асіповіцкай зручнасці і прадказальнасці было дастаткова складана “злавіць” сталічны рытм, прыстасавацца да яго. Пасля заканчэння СШ № 4 спачатку пайшла працаваць на КРЗ, потым паступіла ў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі. Жыццё трывала звязала з работай фінансавых органаў. У станаўленні як дзяржаўнага служачага сваю ролю адыгралі праца ў фінаддзеле Асіповіцкага гарвыканкама і падатковай інспекцыі, мае былыя кіраўнікі Таццяна Ягораўна Сівухіна і Любоў Пятроўна Бугар. А затым ужо быў і Мінск — месца службы мужа. Сёння ён палкоўнік запасу, працуе ў міжнароднай арганізацыі. Дарэчы, у 2001 годзе таксама адзначаны дзяржаўнай узнагародай, якую  ўручаў Прэзідэнт краіны.

— Быць дзяржаўным служачым — справа няпростая і адказная. Што аказалася вызначальным пры прафесійным выбары?

— Прыклад бацькоў. Матуля Галіна Васільеўна Молчан не адзін дзясятак гадоў прысвяціла дзяржаўнай службе. Была кіраўніком спраў у выканкамах горада і раёна, загадчыкам ЗАГС, таму гэта дзейнасць, усе яе плюсы і мінусы добра былі вядомы мне яшчэ з дзяцінства. Вырасла не толькі з цікавасцю да такой службы, але і глыбокім перакананнем, што гэта важна, патрэбна людзям. Сямейны інтарэс перадаўся і дзецям: сын Валянцін спрабуе сябе ў банкаўскай сферы, дачка Уладзіслава працуе разам з мужам у мытных органах.

— А ці часта бываеце ў родным горадзе?

— Можна сказаць, што з ім ніколі і не развітвалася. Акрамя таго што заўсёды стараюся наведваць матулю, якая ўжо, на жаль, засталася адна, выдатна памятаю сяброў, школу. Першай настаўніцай была Раіса Дзянісаўна Стаблецкая, класным кіраўніком у старшых класах — Вера Сямёнаўна Варвашэня. З асаблівым задавальненнем, калі    атрымліваецца, сустракаюся са школьнымі сяброўкамі Таццянай Паляковай і Наталляй Маісеенка. Дзяўчаты, я вас вельмі люблю!

— А што найбольш радуе і засмучае ў жыцці нашага райцэнтра?

— Заўважыла, што ў Асіповічах шмат маладых матуль з дзіцячымі каляскамі. Значыць, у горада ёсць будучыня, ён жыве і развіваецца. Прыемна, што з цягам часу становіц-ца больш месцаў, дзе можна культурна і з карысцю адпачыць — толькі “Жамчужына” чаго каштуе. Яшчэ сама комплекс не наведвала, але інфармацыі ўжо сустракала шмат. А засмучае, хутчэй за ўсё, толькі адно: стан дарог. Мабыць, гэта праблема многіх малых гарадоў, разумею, што трэба больш фінансавых сродкаў, але ж неабходна з гэтым штосьці рабіць…

— Калі Вам даводзіцца расказваць іншым людзям пра сваю малую радзіму, чым найперш хочацца падзяліцца?

— Унікальнасцю нашай прыроды — без перабольшвання. Дзе вы яшчэ знойдзеце такое гарманічнае спалучэнне лясоў, лугоў, вялікіх водных артэрый і малых рачулак? Для мяне няма мілей Сіняй, каля якой праходзіла кожнае лета. Не буду гаварыць ужо пра Свіслач, чые краявіды варты палотнаў мастакоў. А нашы па-сапраўднаму шчодрыя на грыбы-ягады лясы! Люблю не толькі цэнтр горада, дзе вырасла, але і “трохвугольнік”: тут на вуліцы Гармашава жылі мае бабуля і дзядуля. Ведаеце, хоць ужо і сама маю ўнучку, кожны раз, калі зварочваю з вялікай трасы на Асіповічы, сэрца пачынае біцца часцей: хутка родны дом!

Гутарыла Валянціна КОРБАЛЬ.

Последние новости

Власть

Лукашенко: Беларусь очень хочет активизировать сотрудничество с Эфиопией

29 июля 2025
Читать новость
Афиша

Что посмотреть на неделе в Осиповичах? Афиша кинотеатра «Родина»

29 июля 2025
Читать новость
Общество

И вновь турслет! Спартакиада работающей молодежи Осиповичского района прошла 25-26 июля

29 июля 2025
Читать новость
Общество

“Знакомый мужчина при выгуле на улице бьет свою собаку. Как это остановить?” Отвечает участковый инспектор милиции

29 июля 2025
Читать новость
Общество

Хроника происшествий в Осиповичском районе с 21 по 17 июля

29 июля 2025
Читать новость
Общество

Ураджай-2025. Жніво ў лічбах

29 июля 2025
Читать новость

Рекомендуем