Уже 10 лет семья из Лапич занимается агроэкотуризмом

Замест фунта ліха за мяжой — хутка ў Лапічы сям’ёй!
У аграсядзібе можна правесці рамантычнае спатканне, сямейны адпачынак або адзначыць дзень нараджэння ці вяселле
Зусім нядаўна гэта аграэкасядзіба насіла назву “Гасціны падворак”, але дзеці гаспадароў, пазнаёміўшыся са спісам аналагічных месцаў адпачынку, прыйшлі да высновы, што назва даволі тыповая і не запамінаецца з першага разу, а таму на сямейным савеце было вырашана прыдумаць іншую. І такая з’явілася. Яна аб’яднала прозвішча гаспадароў, а таксама кропку Беларусі, дзе яны не толькі звілі сваё гняздо, але і стварылі ўтульнае месца адпачынку для многіх суайчыннікаў, якія ў складаных эпідэмічных умовах сталі асноўнымі спажыўцамі паслуг аграэкасядзіб наогул. І адначасова — добрым выйсцем для тых, хто хоча змяніць звыклую абстаноўку і адпачыць ад гарадской мітусні, а перасякаць межы краіны не рызыкуе. Так на карце турыстычных маршрутаў з’явілася незвычайная назва — “Ліхалапічы”. Туды мы і адправіліся, каб даведацца, чым адрозніваецца гэтая сядзіба: магчымасцю адасаблення і рэлаксу або наадварот яркага правядзення ўік-энда, экзатычнай кухняй ці шансам паўдзельнічаць у незвычайных забавах?
Ужо 10 гадоў Таццяна і Уладзімір Ліхалапы прымаюць у сябе гасцей з розных куткоў краіны. Гаспадары арыентуюцца пераважна на сямейны адпачынак: такі фармат ім больш даспадобы, бо самі маюць дзяцей і ўнукаў, да таго ж Таццяна Іванаўна каля трох дзясяткаў гадоў працавала ў школе. Таму аграсядзіберы імкнуцца развівацца менавіта ў гэтым кірунку. У бліжэйшых планах — стварэнне якаснай дзіцячай пляцоўкі, рэканструкцыя спартыўнай, каб бацькі з дзецьмі маглі пагуляць у валейбол ці тэніс. Летам адпачываючым прапаноўваецца лодка, на якой можна пакатацца па рацэ, зімой — санкі. Плануюць набыць веласіпеды і лыжы.
Муж і жонка Ліхалапы ахвотна арганізоўваюць сямейныя святы, дні нараджэння дзяцей. На гэты выпадак выклікаюць знаёмых ані-матараў, ёсць у іх і памочніца, якая займаецца ўпрыгажэннем залы, дзе праводзіцца ўрачыстасць. Падрыхтоўваюць музычнае афарм-ленне. Словам, робіцца ўсё, каб свята адбылося і надоўга запомнілася.
Дарэчы, гасцінна-турыстычная дзейнасць адносна новая для сям’і Ліхалапаў: Таццяна — педагог, Уладзімір — інжынер-механік. А арганізацыі вольнага часу адпачываючых вучыліся на ўласным вопыце. Напрыклад, спачатку правялі рэканструкцыю свайго дома, адвялі паверх пакоям для наведвальнікаў. І першыя гады прымалі гасцей літаральна ў сябе дома. Толькі колькасць жадаючых павялічвалася, і здаралася, што ўласныя дзеці не маглі прыехаць на выхадныя, бо не хапала ўсім месца. Тады было вырашана будаваць асобны гасцявы дом, каб гаспадары маглі жыць у звыклым рэжыме, а наведвальнікі — адчуваць сябе больш вольна.
І вось мара здзейснілася. Узведзены гасцявы домік з вокнамі ва ўсю сцяну, камінам, печчу для барбекю, лазняй. Засталіся апошнія штрышкі, якія ў бліжэйшыя тыдні гаспадар нанясе на новую прыгожую карціну аграсядзібы. Уладзімір Леанідавіч, дарэчы, як сапраўдны мужчына ўсе рамонтна-будаўнічыя работы лічыць за лепшае праводзіць самастойна. Няхай даўжэй па часе — затое дыхтоўна!
На сцяне калідора новага збудавання Таццяна Іванаўна плануе аформіць фотагалерэю, якая бу-дзе расказваць пра населены пункт, а заадно і сядзібу. Бо многія турысты зараз вывучаюць Беларусь, падарожнічаючы па ёй. Спыняюцца на дзень-два ў адным населеным пункце, затым накіроўваюцца ў іншыя. Такім гасцям важна не столькі наяўнасць забаў, колькі магчымасць пачарпнуць нейкую інфармацыю пра кожны куточак краіны. А Лапічы — вёска з багатай гісторыяй.
У планах гасціннай сям’і — стварэнне фітабара, каб адпачываючыя маглі пасля наведвання лазні папіць чаю, настоенага на зёлках, або смачнага ўзвару. І гэтым не абмяжуецца частаванне. У гасцявым доміку ёсць руская печ, а таму гаспадынька плануе карміць сваіх наведвальнікаў стравамі беларускай кухні, якія памятае яшчэ з дзяцінства.
Таццяна Іванаўна і Уладзімір Леанідавіч захапіліся новай справай і цалкам прысвяцілі сябе сферы турызму і гасціннасці. Ім да-стаўляюць задавальненне зносіны з людзьмі і магчымасць забяспечыць тым добры адпачынак. Сёлета “Ліхалапічы” ўдзельнічаюць у кейс-чэмпіянаце “Агра 2.0”, арганізаваным ААТ “Белаграпрамбанк”. У яго ходзе студэнты ВНУ пад кіраўніцтвам вопытных спецыялістаў распрацуюць мерапрыемствы па развіцці аграэкасядзіб. Лепшыя прапановы будуць ад-значацца банкам, які не першы год аказвае падтрымку рэгіёнам і дапамагае прасоўваць агратурыстычныя паслугі.