Собственный фотокорреспондент. Николай Иванович Гришанович

Калі бярэш у рукі свежы нумар газеты, то спачатку, згадзіцеся, звяртаеш увагу на фотаздымкі, а ўжо потым паступова чытаеш прапанаваныя навіны ды аповеды. Друкаванае выданне наогул цяжка ўявіць сабе без здымкаў, бо яны добра расказваюць чытачам і пра людзей, што жывуць побач, і пра падзеі, якімі насычана жыццё гэтых жа самых людзей. А іншы раз становяцца і абвінавачваннем у безгаспадарчасці — і такое права ў любой газеце дадзена ўласнаму фотакарэспандэнту.
Менавіта на такіх правах доўгі час працаваў у раённай газеце “Запаветы Леніна” Мікалай Iванавіч Грышановіч. I якраз пра такіх, як Мікола, часта гавораць: адораны ад прыроды. Гэта і сапраўды быў таленавіты чалавек. I да сваіх абавязкаў адносіўся добрасумленна. Свайго героя Мікалай Iванавіч фатаграфаваў дзясятак разоў — з розных ракурсаў і пастановак. I толькі потым, калі на стале ўжо ляжыць стос гатовых здымкаў, выбіраў самы ўдалы, адпавядаючы яго задуме.
Гэта цяпер камп’ютарныя тэхналогіі дазваляюць зрабіць усё проста і хутка, пераносячы з лічбавых фотаапаратаў любую зрокавую інфармацыю. У час жа чорна-белага фота тэхналогія вырабу была доўгай: праяўка фотастужкі, негатывы, фотапапера, праявіцель, фіксаж, сушка… Але і гэта яшчэ не канец: здымкі адсылаліся ў Мінск ці Бабруйск для вырабу цынкавага клішэ — друкаванай формы для ўзнаўлення ілюстрацый. На гэта гублялася шмат часу, але прафесіянал сваёй справы Мікалай Грышановіч умеў апярэджваць гэты час. З рання да вечара ён мудраваў у сваёй лабараторыі над здымкам. Гэта была яго любімая работа: праз фотааб’ектыў глядзець на свет і адлюстроўваць жыццё горада і раёна. I ён аддаваў ёй практычна ўвесь свой уласны час, жыў ёю. Таму кожны нумар газеты, кожная старонка былі насычаны і партрэтамі перадавікоў вытворчасці, і фотарэпартажамі з месцаў падзей, і фота-эцюдамі.
Пяць гадоў таму… Урачыстасці з нагоды 75-годдзя раённай газеты… На іх Мікалай Iванавіч Грышановіч быў запрошаны ў якасці ганаровага былога супрацоўніка, а вось сёлетні юбілей выдання пройдзе ўжо без яго. Так надарылася, што заўчасна пайшоў ён з жыцця. Пайшоў, пакінуўшы пасля сябе добрую памяць і ўспаміны, што належным чынам датычаць гісторыі і летапісу “Асіповіцкага краю”…
Людміла Баскакава.