Свіслацкая кругасветка асіповіцкіх журналістаў

Асіповіччына мяжуе з сямю іншымі раёнамі. Свіслацкі сельсавет мае па суседству столькі ж “калег”. Яшчэ адна цікавая адміністрацыйна-геаграфічная акалічнасць — да Свіслаччыны прылягаюць землі адразу трох сельсаветаў Клічаўскага раёна. Прычына тут простая: узгаданы сельсавет ляжыць уздоўж памежнай ракі Бярэзіна, а Бацэвіцкі, Нясяцкі і Калбчанскі — упоперак.

Абодва берагі шчыльна заселены, і вяскоўцы з прыязнасцю адносяцца да “зарэчных” суседзяў, імкнуцца да больш цесных зносін. Вось толькі гэта імкненне рэалізаваць няпроста: памежная з нашым раёнам частка Клічаўшчыны, бадай, самы цяжка даступны ўчастак “блізкага замежжа” для сярэднестатыстычнага асіпаўчаніна. А ўсё з-за таго, што бліжэйшы аўтамабільна-пешаходны мост цераз раку каля Бабруйска, таму, напрыклад, каб са Свіслачы патрапіць у вёску Віркаў, куды па прамой усяго нейкіх 5 кіламетраў, на машыне трэба зрабіць крук амаль у сотню. Можна, канечне, праехаць чыгункай з Ялізава да прыпынку Тачанка хвілін за 15, толькі цягнікі тут рушаць рэдка і не асабліва зручна, ды і потым давядзецца доўга шпацыраваць пешшу.

Названыя вёскі былі ўзяты для ілюстрацыі, зразумела, невыпадкова: многа сённяшніх свіслачан-ялізаўчан маюць віркаў-скія карані. “За рэчкай” асіповіцкія таксама сустракаюцца, хоць і ў значна меншай прапорцыі. Што ўвогуле не дзіўна: прыбярэзінская Клічаўшчына геаграфічна — тыповы аддалены рэгіён, а людзей заўсёды цягне туды, дзе развіваецца прамысловасць.

Але тут — важнае ўдакладненне: у адносінах да ўскрайку суседняга раёна вызначэнні “аддалены” і “нецікавы” нельга лічыць сінонімамі.

Падчас вандроўкі ўздоўж вонкавай мяжы Свіслацкага сельсавета рэдакцыйны “дэсант” наведаў Бацэвічы — цэнтр аднайменнага сельсавета, звычайныя вёскі Лянёўку, Віркаў, аграгарадкі Арэхаўка і Новыя Максімавічы. Убачылі там столькі, што адбор тэм для публікацыі стаў куды больш складанай справай, чым яе напісанне…

Пра адметнасці гаворка ніжэй, а вось якія агульныя асаблівасці мясцовага жыцця адразу кінуліся ў вочы.

Фермы для буйной рагатай жывёлы аднесены ад жылой забудовы на значную адлегласць — ніякіх гаспадарчых “водараў” да вяскоўцаў не далятае. У аграгарадках ёсць выразны цэнтр, дзе сканцэнтраваны праўленне гаспадаркі, сельскі Савет, пошта, аддзяленне банка, школа, Дом культуры, кварталы шматпавярховых дамоў і г.д. Вуліцы блішчаць чысцінёй, сядзібы дыхтоўныя, таму адразу відаць, што гаспадары іх — заможныя людзі. У вёсках ашчадна захоўваецца манументальная савецкая сімволіка: надпісы “Наша мэта — камунізм” на будынках, скульптуры Леніна, з густам і фантазіяй ствараюцца элементы сучаснага ландшафтнага дызайну.

Часам узнікала пачуццё, што гэта не беларускія правінцыяльныя селішчы, а якія-небудзь гарадкі Цэнтральнай Еўропы. Праўда — толькі да моманту, пакуль не выедзеш за межы паселішча. Мясцовыя дарогі тут, мякка кажучы, адчувальна саступаюць па якасці нашым.

Але гэта — не істотна. Галоўнае — людзям тут падабаецца жыць!

Спадчына Незабытоўскіх

Бацэвічы разам з іншымі маёнткамі належалі Незабытоўскім. Адзін з памешчыкаў гэтага роду ў ХІХ стагоддзі заснаваў паселішча Ялізава, заклаўшы падмурак эканамічнага развіцця прыбярэзінскай часткі Асіповіччыны.

У Бацэвічах ад магнацкай сядзібы захаваліся некалькі пабудоў былога маёнтка і вежа млына. Сядзіба пераабсталявана пад бальніцу, а вежа не выкарыстоўваецца. Некалі яе спрабавалі знесці, але зламаць зробленыя па дарэвалюцыйных стандартах сцены аказалася надта цяжка. Сёння звыштрывалы будынак належыць дрэваапрацоўчаму прадпрыемству ТДА “Элефант”, якое пакуль не знайшло яму прымянення.

 Бізнес на траіх

Адзін з найбольш незвычайных мясцовых бізнесаў — карпарацыя братоў Паддубскіх. Уяўяляе яна сабой шматфункцыянальную станцыю тэхабслугоўвання аўтатэхнікі, добра вядомую тым, што “можна зрабіць ўсё”. Зразумела, у рэчаіснасці усё больш сціпла, аднак тут сапраўды працуюць кваліфікаваныя спецыялісты, а сярод прапаноўваемых паслуг ёсць і даволі дэфіцытныя — накшталт рамонту каробак перамены перадач.

Створана СТА на ўчастку, дзе раней была сядзіба бацькоў Ігара, Аляксандра і Віталя Паддубскіх. Што ў ёй незвычайнага — кожны з братоў мае самастойную “фірму”, спецыялізаваную на нейкім адным накірунку рамонту, інакш кажучы, вядзе ўласны бізнес. Пры гэтым сферы інтарэсаў браты падзялілі разумна і прадбачліва, таму кожны займаецца любімай справай і не перабягае дарогу другім. У сукупнасці Паддубскімі створана 15 рабочых месцаў, але кампаньёны плануюць бізнес пашыраць, займаючы свабодныя нішы мясцовай прадпрымальніцкай прасторы. Нядаўна была адкрыта прадуктовая крама, у бліжэйшых планах — будаўніцтва кафэ…

 Па ўласным жаданні

Бухгалтар Юлія Фомава і інжынер па тэхніцы бяспекі Аліна Бегуновіч — маладыя спецыялісты, якія працуюць у СВК “Калгас Радзіма”. Патрапілі сюды па ўласным жаданні і, як паказаў час, не памыліліся ў выбары.

Па словах дзяўчат, у гаспадарцы выдатны калектыў, яны задаволены заробкамі, умовамі працы і пражывання. Разам з яшчэ двума маладымі спецыялістамі — брыгадзірам і прадаўцом — атрымалі ў карыстанне дом у аграгарадку Новыя Максімавічы. У вёсцы жыве нямала моладзі, ёсць магчымасць займацца спортам, мастацкай самадзейнасцю, таму пытанне “як правесці вольны час” не ўзнікае.

Юлія і Аліна збіраюцца паступаць у ВНУ, прычым хутчэй за ўсё на завочнае аддзяленне, бо слушна лічаць, што ў “Радзіме” ў іх ёсць добрая магчымасць набыць вельмі карысны практычны вопыт. Наконт свайго далейшага лёсу пакуль не будуюць доўгатэрміновых планаў, але зусім не супраць застацца ў Максімавічах назаўсёды. Яны перакананы, што тут ёсць усё, што трэба для паўнацэннага жыцця, і шукаць чагосьці лепшага проста няма сэнсу.

 Аб’ядналіся

Захаваць народную спадчыну і паказаць людзям, які скарб яшчэ захоўваецца ў шафах і куфэрках бабуль — такую задачу ставяць перад сабой удзельнікі аматарскага аб’яднання “Спадчына”, што існуе на Клічаўшчыне. Больш за 30 майстрых рознага ўзросту і схільнасцей вырашылі аб’яднацца. Сярод іх і Галіна Паражынская, якая ўзначальвае філіял Клічаўскага Дома рамёстваў, што месціцца на базе Бацэвіцкага Дома культуры.

— У нашай суполцы адны вышываюць, другія вяжуць на прутках, займаюцца бісерапляценнем, вырабляюць рэчы з бяросты, — гаворыць Галіна. — Мне падабаецца пляценне з лазы, валодаю і іншымі тэхнікамі. Галоўнае ж не гэта. Задаволена тым, што перадаю вопыт людзям, якія цікавяцца адраджэннем народных промыслаў. Збіраемся ў вольны час за кубкам кавы, гутарым, а з-пад рук нараджаюцца цудоўныя вырабы. У кагосьці дома захаваліся старадаўнія вышытыя ручнікі, вязаныя кручком рэчы, па якіх аднаўляем забытае майстэрства нашых продкаў. Затым свае творы дэманструем на выставах, кірмашах.

 Кірмашовыя справы

Пра тое, што на клічаўскай зямлі па вёсках праводзяцца кірмашы, адроджаныя на аснове гадавога цыклу народных свят, даведаліся ад работнікаў установы культуры аграгарадка Бацэвічы. Як вядома, такія народныя гулянні ладзіліся раней амаль у кожным сяле. Калі запытаць у асіповіцкіх старажылаў, з лёгкасцю ўзгадаюць, падчас якіх свят і ў гонар якіх святых праводзіліся гулянні, напрыклад, у Каменічах, Паліцкім ці Свіслачы.

Жыхары суседняга раёна вяртаюць ранейшую традыцыю, забытую на некалькі дзесяцігоддзяў. У Бацэвічах народ збіраецца на агульнае свята ў гонар святых Пятра і Паўла, Нясеце — на Спаса, у вёсцы Усоха — на Дзясятуху, у Заполлі — на Міколу. Калісьці нашы продкі запрашалі на кірмаш родных, знаёмых з суседніх вёсак, якія прыязджалі на конях у вышыванках і кажушках, усаджвалі ўсіх за сталы, спявалі, танцавалі пад дуду і гармонік, арганізоўвалі розныя забавы. Зараз жа кірмашы набываюць новае аблічча. У канве сённяшняга свята — ушанаванне працаўнікоў сяла, гандаль сельгаспрадукцыяй, выстава-продаж вырабаў народных рамёстваў, розныя забавы, спартыўныя спаборніцтвы. На Асіповіччыне таксама прыкладна такія ж сцэнарыі правядзення свят вёсак. Засталося толькі прыстасаваць іх да колішніх кірмашовых дат.

 Нашы ў тых краях

З Бацэвіч накіроўваемся ў Віркаў. Перад ім ляжыць вёска Лянёўка — паўжылая, паўраскіданая, амаль зарослая хмызняком. Многа пустых хат, уросшых у зямлю. Калісьці тут была школа, куды ў канцы 50-х гадоў накіравалі на працу маладую настаўніцу Ніну Дашук, родам з нашых Татаркавіч. Тут жанчына знайшла свой лёс. Разам з мужам, якога няма ўжо на гэтым свеце, выгадавалі 5 дзяцей. Трое з іх не здрадзілі роднай старонцы: дзве дачкі аселі ў Віркаве, працуюць у саўгасе, адна таксама недалёка — стала асіпаўчанкай.

— Вёска была вялікая, з магазінам. Чаго не хапала, хадзілі за пакупкамі ў завод (так называлі Ялізава — аўт.), прыязджаў бацюшка з Асіповіч. Людзі трымалі ўласную гаспадарку. Аж тры статкі кароў на сяло было, а цяпер — адна. Ды і вяскоўцаў ужо няма — чалавек 20 усяго. Паз’язджалі. А што тут рабіць моладзі?

Ніна Барысаўна шкадуе, што вёска памірае. Магчыма, каб быў мост цераз Бярэзіну, які б звязваў з суседнім раёнам, усё было па-іншаму?

“Прасіў жа пюрэ…”

Гэтае ж пытанне хвалюе і жыхароў Віркава, у тым ліку прадаўца мясцовага магазіна Галіну Кавалёву, якая нарадзілася ў Ясені. Часта бывае на малой радзіме, дзе жывуць бацькі. Яе калега — карэнная віркаўчанка Алена Умец успамінае, як перабіраліся на той бок Бярэзіны, каб трапіць у Свіслач за рознымі таварамі. Зімой на кані пераязджалі рэчку, як сыдзе лёд — на пароме.

— Надта ж смачныя піражкі былі ў сталоўцы, — гаворыць жанчына. — Землякі любілі паласавацца там і іншай стравай — повар добра ведаў сваю справу. Пра тыя часы ходзіць нават байка. Адзін з нашых мужыкоў пастаянна хадзіў туды падсілкавацца. Прачытаў меню і папрасіў даць пюрэ, што і прынеслі. А ён: “Прасіў жа пюрэ. Чаго вы мне падалі камы*?”. Каб быў мост, дабірацца да Свіслачы, Бабруйска, Мінска стала б зручней. І вёска наша не памірала б. Многія працавалі чыгуначнікамі на Жыраўскім пераездзе, перавозчыкамі, сплаўшчыкамі. У Свіслачы існаваў сплаўны магазін. Свіслачане і віркаўцы сябравалі, на кірмашы адзін да аднаго хадзілі-ездзілі. Зараз сувязі амаль страчаны. Хаця клічаўскі хлеб прадаецца ў вашых 7 крамах.

“Кураняты”

— Адзіны дзіцячы традыцыйны абрад “Куры”, звязаны з Калядамі, захаваўся ў Віркаве, — расказвае выхавальніца дзіцячага садка, дзе ўсяго 5 выхаванцаў, адначасова дэпутат райсавета і загадчык мясцовага клуба Жанна Васькова. — У ім удзельнічаюць выключна дзеці ад 6 да 14 гадоў, якія спяваюць песню “Куры, ня пейця рана…”. Удзельнікі ансамбля “Купалачка” выкарыстоўваюць у абрадзе пашытыя ўласнымі рукамі пальчыкавыя лялечкі — традыцыйныя калядныя персанажы: каза, мядведзь, дзед, баба. Некалькі гадоў таму абрад набыў статус нематэрыяльнай спадчыны гісторыка-культурнай каштоўнасці краіны.

Што ж, у гэтым суседзі — проста малайцы!

Што пакінем нашчадкам

Тыя, хто бывае ў Новых Максімавічах, не прамінае мясцовы Дом культуры, якім кіруе Алег Шчэпка. Перад уваходам ва ўстанову прыцягвае ўвагу камень з таблічкай, на якой — дата ўзнікнення паселішча. Дробязь, а стварае добрае ўражанне пра ініцыятараў ідэі. Чаму б і асіпаўчанам не ўзяць такі прыклад за ўзор?

— Збіраем і захоўваем шматгранную культурную спадчыну нашых продкаў, — гаворыць Алег Пятровіч падчас нашага знаёмства з унушальнай калекцыяй гадзіннікаў розных часоў і музейным пакоем, дзе на вітрынах экспануюцца ўсялякія старадаўнія рэчы і прадметы савецкага перыяду.

Чаго там толькі няма! Самавары, музычныя інструменты, посуд, адзенне… Кожны экспанат займае сваё пачэснае месца. Экспазіцыя папаўняецца дзякуючы прыхільнікам даўніны. Людзі перадаюць у дар музею дарагія сэрцу рэчы, бо ведаюць: тут яны ў надзейных руках.

— Заўсёды знаходзімся ў пошуку. Зараз, напрыклад, спрабуем знайсці магілу аднавяскоўца Заловіча, які загінуў, абараняючы вёску Свіслач. Можа, дапаможаце ў добрай справе?

Атрымаўшы станоўчы адказ і адразу некалькі кантактаў нашых краязнаўцаў, Шчэпка падвёў рысу:

— Думаем пра тое, што пакінем нашчадкам.

Камы — дыялект, тое ж, што і пюрэ або тоўчаная бульба.

Дзмітрый САЎРЫЦКІ і Ніна ВІКТОРЧЫК.

Последние новости

Спорт и туризм

Спортсмены из Осиповичей стали призёрами первенства по лёгкой атлетике

9 октября 2024
Читать новость
Спорт и туризм

Юные баскетболисты из Осиповичей вернулись с медалями с первенства области

9 октября 2024
Читать новость
Общество

В Осиповичском районе на 1 сентября из 28 600 лицевых счетов 2 131 имел просроченную задолженность по оплате жилищно-коммунальных услуг

9 октября 2024
Читать новость
Культура

В районном историко-краеведческом музее проходит выставка “Осиповичи промышленные”

9 октября 2024
Читать новость
Общество

В Осиповичском свеклоприемном пункте Слуцкого сахарорафинадного комбината идет приемка нового урожая корнеплодов

9 октября 2024
Читать новость
Культура

Экспозицию районного историко-краеведческого музея пополнит коллекция средневекового холодного оружия

9 октября 2024
Читать новость

Рекомендуем