Стабільнасць. Сяброўства. Праца

Дэпутат — не прафесія
Вось на гэтых трох кітах і трымаецца свет Аляксандра КРАЎЧАНКІ. А грунтоўна будаваў ён яго нямала часу і зараз упэўнены: усё, што адбываецца з чалавекам, не выпадкова. Напрыклад, хаця б тое, што ў мінулым месяцы ўзначаліў самае буйное сельгаспрадпрыемства раёна — філіял “Белшына-агра” ААТ “Белшына”.
Цікавасць да сельскагаспадарчай працы ў Краўчанкі была заўсёды, таму некалі абраў для атрымання прафесіі Мар’інагорскі саўгастэхнікум, дзе асвоіў спецыяльнасць тэхніка-механіка. Потым была вучоба ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі на факультэце эканомікі і кіравання ў галіне аграпрамысловага комплексу, паступленне там жа на факультэт права. Карацей, 24 гады свайго жыцця чалавек ужо прысвяціў вучобе, і, хутчэй за ўсё, гэта яшчэ не мяжа: хоць атрыманы ўжо два дыпломы аб вышэйшай адукацыі, зараз Краўчанка ў спісе саіскальнікаў навуковай ступені на званне кандыдата эканамічных навук.
Свае веды заўсёды падмацоўваў практыкай: былі і такія пасады, як вадзіцель на кардонна-руберойдавым заводзе, начальнік аддзела збыту і маркетынгу на Бабруйскім піваварным заводзе і цэха грамадскага харчавання і гандлю на Асіповіцкім камбінаце хлебапрадуктаў, дырэктар ПУВП “Хлебпрадуктгандаль”.
Асаблівае значэнне ў жыцці належыць ФГ “Гаспадар”, якую ён арганізаваў і ўзначаліў у няпростыя гады, калі фермерскі рух толькі набіраў сілу ў нашай краіне. І яму, чалавеку са здаровымі амбіцыямі, цікава было паспрабаваць, а, можа, і выпрабаваць сябе ў новай справе. Намаганні аказаліся недарэмнымі: фермерская гаспадарка існуе ўжо 20 гадоў. Нельга сказаць, што ўсе яны былі аднолькава паспяховымі, аднак ужо тое, што прадпрыемства захавалася — прыкмета яго стабільнасці. “Гаспадар” — гэта і зямля, і тэхніка, і жывёла. Словам, шырокі спектр для прымянення рознабаковых ведаў.
Увішнага і мэтанакіраванага асіпаўчаніна не маглі не заўважыць землякі — стаў дэпутатам райсавета 26 склікання. Аляксандр Анатольевіч уваходзіць у пастаянную камісію па пытаннях сацыяльна-культурнай сферы і сацыяльнай абароны насельніцтва, дзе і праяўляе сваю актыўную пазіцыю. 21 акруга, па якой ён абраны, — гэта ў асноўным мікрараён індывідуальнай забудовы “Паўночны”, — участак, дзе практычна пастаянна вядуцца пэўныя будаўнічыя работы. Нямала праблем узнікае з добраўпарадкаваннем і камунікацыямі. І часцей Краўчанка не чакае, калі выбаршчыкі наведаюцца, а сам прыязджае ў мікрараён і праводзіць сустрэчы з людзьмі. У час такіх гутарак і даведваецца, чым “дыша” мясцовы народ.
Цяпер жа ўзнікла магчымасць змяніць жыццё і тых, хто працуе ў філіяле “Белшына-агра” ААТ “Белшына”, і жыхароў адпаведных населеных пунктаў. Хіба дэпутат, ведаючы аб праблемах вяскоўцаў, мае права быць абыякавым? Тым больш, калі існуюць варыянты штосьці змяніць у лепшы бок.
Захапленняў у Аляксандра Краўчанкі некалькі. Напрыклад, запраста спраўляецца з ударнікамі — інструментам авалодаў яшчэ ў класе шостым. Асаблівыя поспехі чакалі ў стэндавай стральбе: кандыдат у майстры спорту! Не апошняе месца адводзіць валейболу — часцей за ўсё рэалізуе сябе на пляцоўцы ў клубе “Бадзёрасць”.
Але як бы ні складваліся кар’ера і грамадскае жыццё, галоўным усё ж застаецца сям’я. Жонка Людміла Аляксандраўна заўсёды падзяляла інтарэсы Аляксандра Анатольевіча. Працуе ў “Гаспадары” — і чалавек проста незаменны: і менеджар, і інспектар па кадрах, і старшыня прафсаюзнай арганізацыі. Старэйшы сын ужо вырас, а дачушкі Ліза і Каця наведваюць тую ж навучальную ўстанову, куды некалі бегаў з партфелем і іх тата — сярэднюю школу № 4. Стабільнасць — што тут яшчэ скажаш?
Валянціна КОРБАЛЬ. Фота Ніны ЦАРЫК.