Працаваў на ачышчальных збудаваннях

Гады дзяцінства Мікалая Калтовіча праходзілі ў вёсцы Захароўка Чэрвеньскага раёна, дзе ён нарадзіўся. Сям’я была па цяперашніх мерках шматдзетнай, а тады лічылася звычайнай — пяцёра дзяцей.
Бацькі дзень і ноч завіхаліся па гаспадарцы, у працы гадавалі і дзяцей. Тата прайшоў фінскую вайну, быў паранены. Узначальваў калгас. А потым пачалася Вялікая Айчынная, якая прынесла шмат пакут. Бацька загінуў на фронце. На долю сям’і таксама выпала нямала. У адну з бамбёжак пазбавіліся хаты. Разам з пяццю іншымі сем’ямі вырылі зямлянкі, стварыўшы “падземную” вуліцу. Не раз, хаваючыся ад карнікаў, знаходзілі паратунак у лесе. Дзесяцігадовы Мікола нёс на руках меншага брата, а матуля — дачушку, якая нарадзілася перад самай вайной, яшчэ двое хлопчыкаў беглі побач.
Мікалай стаў старэйшым мужчынам у сям’і. Выконваў розную гаспадарчую работу. Пасля вайны было не да вучобы. Працаваў на смалакурні. Калі прыйшла пара, пайшоў у армію. Служыў у Навагрудку, затым трапіў у Вялікую Гарожу. На службе праявіў сябе з найлепшага боку. Быў развадзяшчым, атрымаў званне яфрэйтара, затым сяржанта.
У гады службы пазнаёміўся і са сваёй будучай жонкай, таму і застаўся на Асіповіччыне. Ажаніўся, пайшоў працаваць кандуктарам на чыгунку. Дзевяць гадоў ад’ездзіў на таварных вагонах. Пабудаваў сваёй сям’і дом у Замошшы. А затым некалькі гадоў тушыў пажары ў наваколлі, бо працаваў у пажарнай часці.
Калі адкрыўся кардонна-руберойдавы завод, разам з іншымі гараджанамі адправіўся на новае прадпрыемства, праца на якім лічылася ганаровай. Мікалая прынялі на ачышчальныя збудаванні і адразу накіравалі на вучобу ў Мінск, дзе ён атрымаў адпаведную падрыхтоўку. А потым доўгі час працаваў — у хларатарнай, затым “паветрадуўцы”. За добрасумленную працу мае шмат узнагарод. Станавіўся пераможцам сацыялістычнага спаборніцтва, ударнікам пяцігодкі.
У Калтовічаў выраслі два сыны, адзін з якіх жыве ў Замошшы, другі ў абласным цэнтры. Ёсць унукі ды праўнукі. 90-гадовы Мікалай Аляксандравіч даўно ўжо на пенсіі. Жыве ў райцэнтры. Даволі актыўны чалавек. Вельмі любіць лес, у якім за сваё жыццё нямала пазбіраў грыбоў ды ягад. А яшчэ ахвотна займаецца грамадскай работай, удзельнічае ў розных мерапрыемствах, якія арганізоўваюцца ветэранамі СААТ “Дах”, і ўдзячны кіраўніцтву сучаснага ЗТАА “Дахавы завод “ТэхнаНІКОЛЬ”, якое не забываецца пра сваіх ветэранаў, разумеючы, што яны ўнеслі ўклад у сённяшні поспех прадпрыемства.