Осиповчанка Татьяна Симанович с 1987 года является народным заседателем

Iх выбар
Народны засядацель
Таццяна Сімановіч стала народным засядацелем у 1987 годзе і з кароткімі перарывамі застаецца ім дагэтуль
Сістэмы, па якіх ажыццяўляецца правасуддзе, могуць быць розныя, аднак у шэрагу краін лічыцца абавязковым удзел у разглядзе судовых спраў непрафесійных суддзяў.
У нашай краіне інстытут народных засядацеляў можна лічыць спадчынай колішняга СССР, дзе ён быў уведзены ў 1961 годзе. Адрозненні паміж былым і сучаснасцю ёсць, але сутнасць не змянілася: удзел у рабоце суда прадстаўнікоў грамадскай супольнасці забяспечвае максімальны ўлік абставін, якія могуць паўплываць на баланс паміж злачынствам і пакараннем.
Засядацелі ўдзельнічаюць у пасяджэннях судовага працэсу і перад яго заканчэннем разам з суддзёй праводзяць нараду, падчас якой галасуюць за вынясенне прысуду.
Пра тое, як усё пачалося і пра самы незвычайны працэс
— Мяне выбралі ў калектыве — распавядае пра абставіны ўваходу ў судовую сістэму Таццяна Паўлаўна. — Працавала тады на Асіповіцкім малочным заводзе старшым інжынерам па падрыхтоўцы кадраў, лічылася прынцыповым спецыялістам — напэўна, таму і аказалі людзі такі давер. Успрыняла дадатковы грамадскі абавязак хутчэй з інтарэсам: працоўнае заканадаўства ведала добра і была ўпэўнена, што гэта дапаможа асвоіцца ў новай справе. А ўвогуле, тады эпоха была своеасаблівая — усіх выбіралі, нават дырэктароў прадпрыемстваў.
Некаторы час калегію засядацеляў фарміравалі судовыя інстанцыі, а потым — і сёння — гэта абавязак органаў дзяржаўнай улады. Канешне, заўсёды ўлічваецца жаданне чалавека: браць на сябе такую адказнасць можна толькі добраахвотна.
Першы працэс у памяці не захаваўся. Тады народныя засядацелі ўдзельнічалі ў працэсах не на канкрэтных кірунках — зараз гэта крымінальныя справы, за якія прадугледжана пакаранне звыш 10 гадоў пазбаўлення волі і ўсе крымнальныя справы з удзелам непаўналетніх, — а працавалі цэлымі днямі разам з суддзёй. Патокам разглядаўся і сур’ёзны крымінал і адміністратыўная “драбяза”.
А вось першая справа, у якой на прысуд сур’ёзна паўплывала пазіцыя народных засядацеляў, у душу запала. Гэта было забойства ў стане афекту. Муж ніяк не мог пераканаць жонку кінуць піць і, зноў убачыўшы жанчыну ў амаль непрытомным стане, некалькі разоў ударыў яе нагамі — не выбіраючы куды.
Злачынца быў добрым бацькам і ўвогуле нядрэнным чалавекам — тое было бачна па адносінах яго дачок і нават маці забітай жонкі. Нетыповасць сітуацыі і паўплывала на пазіцыю засядацеляў, якія пераканалі суддзю вынесці мінімальна магчымае ў дадзеным выпадку пакаранне: шэсць гадоў зняволення. На чвэрць менш, чым патрабавала абвінавачванне…
Пра адносіны народных засядацеляў паміж калегамі і з іншымі ўдзельнікамі
судовых працэсаў
— На суд звычайна запрашаюцца два засядацелі. Калі справа доўга разглядаецца, то можа ўдзельнічаць запасны, ён заменіць калегу ў выпадку яго хваробы, камандзіроўкі па асноўным месцы работы і іншых прычын, — тлумачыць спецыфіку асобасных кантактаў Таццяна. — У нашым раёне 180 народных засядацеляў, і кожны прыцягваецца да ўдзелу ў рабоце суда не болей чым на 21 дзень за год, прычым з даволі працяглымі інтэрваламі. Так што для неафіцыйных зносін часу небагата.
Канешне, на працэсах назіраеш за работай суддзяў, пракурораў і адвакатаў. Аднак тут няма нагоды для параўнання. Усе вельмі разумныя, эрудыраваныя спецыялісты, якія максімальна эфектыўна дзейнічаюць у межах свайго прававога статусу.
Адзначу толькі, што заўсёды пакідае моцнае ўражанне, як суддзі ўмеюць раздзяляць учынак і чалавека, які яго здзейсніў. Нават калі на лаўцы падсудных знаходзіцца настолькі небяспечны злачынца, што яго трэба трымаць пад узброенай аховай.
Пра апошнюю судовую справу бягучага года
— Ужо даволі доўгі час мяне запрашаюць да ўдзелу ў судах над наркадылерамі, — пачынае з абагульнення народны засядацель. — Аднак апошні працэс з агульнага шэрагу ўсё ж выдзяляўся. Гэта быў суд над “закладчыкам”, які набываў папулярны ў моладзі сінтэтычны наркотык у інтэрнэт-краме, забіраў оптавыя партыі ў Бабруйску і потым раскладваў дозы ў нашым раёне.
Два месяцы так “працаваў”, потым быў арыштаваны — як раз у момант, калі фасаваў атруту. Мужчына яшчэ малады, 38 гадоў, з якіх за кратамі правёў 19. Зноў на волю злачынца выйдзе, калі яму будзе ўжо амаль 50…
Абвінавачваемы з цяжкасцю карыстаўся нармальнай мовай: у звыклым для яго асяроддзі размаўляюць выключна на турэмным слэнгу.
Чамусьці пасля сутыкнення з такім уплывам крыміналу на чалавечую псіхіку асабліва востра адчула, якое гэта шчасце — жыць у асяроддзі адэкватных, законапаслухмяных людзей…