О семейном счастье рассказывают Мария и Александр Старовойтовы

“Не расстанемся ніколі”
Калі ў Марыі Піліпаўны Старавойтавай спыталі, колькі гадоў яны з Аляксандрам Пятровічам жывуць разам, яна адказала: “Усё жыццё”
Шукаць адно аднаго ім не спатрэбілася, бо практычна з нараджэння жылі побач: іх сем’і займалі дзве паловы агульнага дома, дзеці гулялі ў двары разам, ды і бацькі сябравалі. А аднагодкі Маруся і Аляксандр, узяўшыся за рукі, хадзілі ў дзіцячы сад, а затым і ў школу пайшлі ў адзін клас.
Дзяцінства іх праходзіла ў вёсцы Гарадзішча Магілёўскага раёна. Калі рабятам споўнілася па адзінаццаць, пачалася вайна. Як цяпер, памятаюць яны цёплы, ясны дзень 22 чэрвеня. Малыя гулялі на лузе, ярка расквечаным мност-вам красак, захапляліся хараством прыроды, і тут нехта з вяскоўцаў паведаміў страшную навіну.
Прышэльцы запомніліся дзецям на ўсё жыццё. Высокія, прыгожыя, маладыя, але такія чужыя. І нават ласункі, якімі яны ў першыя дні акупацыі частавалі хлопчыкаў і дзяўчынак, здаваліся не такімі ўжо і салодкімі. А да матацыклаў Марыя Піліпаўна і праз 75 гадоў адносіцца насцярожана. Яны назаўсёды набылі асацыяцыю з небяспекай.
Абапал іх вёскі былі партызанскія лясы. Бацька Аляксандра з-за хваробы ног на фронт не трапіў, але стаў падпольшчыкам. На жаль, да перамогі ён не дажыў. У складзе аднаго з атрадаў змагаўся і старэйшы брат Марыі, іншыя родныя. А сама дзяўчынка вязала для партызан цёплыя шкарпэткі, сушыла шчаўе і грыбы для абаронцаў Айчыны, адным словам, як магла дапамагала агульнай справе.
Калі фашысты пачалі праводзіць карныя аперацыі, вяскоўцы хаваліся хто куды мог: ад эсэсаўцаў з аўчаркамі нічога добрага чакаць было нельга. У той час, як Марыя з сёстрамі і братамі туліліся ў бабулі, Аляксандра з матуляй і іншымі роднымі схапілі і адправілі ў лагер, што знаходзіўся ў абласным цэнтры. І толькі дзякуючы адной чулай жанчыне ім удалося адтуль выбрацца. Ужо ў іншым складзе, страціўшы цётку і яе 16-гадовую дачку. І ў той жа час ва ўмовах палону ў матулі нарадзілася яшчэ адна дзяўчынка, якая проста цудам выжыла.
Пасля вызвалення падлеткі пайшлі працаваць. Марыя ўспамінае, як дзяўчаты запрагаліся ў плугі і аралі калгасныя палі, бо коней нідзе ў акрузе не засталося.
Пасталеўшы, Аляксандр пачаў заляцацца да суседкі, бо менавіта такой і ўяўляў будучую жонку: цярплівай, працавітай, руплівай, спагадлівай. І калі яго прызвалі ў войска, Маруся праважала хлопца, а потым 2 гады чакала, радуючыся кожнаму пісьму, якія салдат пісаў амаль штодзень. Яго маці лічыла ўжо дзяўчыну сваёй дачкой, ды і тая адносілася да будучай свекрыві як да матулі, дапамагала па гаспадарцы.
Ніхто не думаў, што вайна для Аляксандра яшчэ не скончылася. Па трагічнай выпадковасці ў час вучэнняў ён атрымаў сур’ёзнае раненне і з арміі вярнуўся інвалідам. І толькі каханне любай дзяўчыны дапамагло пераадолець чарговае выпрабаванне лёсу.
Хлопец вырашыў набыць спецыяльнасць, якая дапамагла б яму зарабляць на жыццё і карміць сям’ю. “Пачакай зусім крышку. Атрымаю прафесію — прыеду дадому. І больш ніколі не расстанемся”, — прасіў выбранніцу. Малады чалавек адправіўся ў Буйніцкае вучылішча і вывучыўся там на электрыка.
Як казаў, так і выйшла. Пабраліся шлюбам. Жонка працавала ў калгасе, пад лапату капала і садзіла збожжа. Па тры соткі ў дзень. А муж ездзіў па камандзіроўках: ішла масавая электрыфікацыя населеных пунктаў.
Калі старшыня аднаго з калгасаў прапанаваў маладому працаўніку застацца ў яго гаспадарцы на пастаянную работу — электрыкі тады былі ў вялікай цане, — Аляксандр згадзіўся.
Так сям’я Старавойтавых апынулася ў Ліпені, дзе і жыве ўжо больш за 60 гадоў. Выгадавалі траіх дзяцей.
І заўсёды шчыра клапоцяцца адзін аб адным. Марыя Піліпаўна больш за чвэрць стагоддзя працавала даяркай, ад работы сталі вельмі балець рукі. І Аляксандр Пятровіч зранку спяшаўся на ферму, каб дапамагчы жонцы, а потым бег дадому дагледзець у печы. І вады наносіць, і бульбы свінням натаўчэ.
У час размовы жанчына не раз падкрэслівала, што да яе лёс быў не такі бязлітасны, як да спадарожніка, і час ад часу спакваля то папраўляла мужу каўнерык сарочкі, то разгладжвала рукаў. І за ўсім гэтым — такая пяшчота, клопат і жаданне аддзячыць за пастаянную падтрымку на доўгім жыццёвым шляху.
Без дзесяці гадоў век мінуў як імгненне. І хоць ужо даўно не былі ў родных мясцінах, муж і жонка Старавойтавы настальгічна ўспамінаюць хату дзяцінства з дубам у пяць абхватаў, пад якім варылі вячэру, станцыю Друць, сем кіламетраў да якой здаваліся нічым, танцы, на якія бегалі ў лапцях, бо іншага абутку не было, песні маладосці, якія надзіва прыгожа пела Марыя, і лагодныя ўсмешкі родных, якіх даўно ўжо няма побач…