Не быць абыякавым да чужой бяды

Колькі нам трэба для шчасця? А галоўнае — што? У чым сэнс жыцця і як правільна распарадзіцца лёсам? Адказы на гэтыя пытанні можна знайсці толькі ў самім жыцці. I пачнём з асабістых прызнанняў надзеленага вялікім вопытам чалавека, які добра вядомы многім асіпаўчанам, дзякуючы карысным справам дзеля лепшага будучага, — Леаніда Антонавіча КрамIнкIна. За яго плячыма — адрэзак дарогі, роўны 75 гадам…
Нарадзіўся 19 жніўня 1938 года ў вёсцы Горы Горацкага раёна Магілёўскай вобласці.
У 1961 годзе закончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію.
Працоўную дзейнасць пачаў механікам вучэбна-доследнай гаспадаркі БСГА.
З 1965 года працаваў інжынерам, галоўным інжынерам саўгаса “Асіповіцкі”. У 1971 годзе назначаны дырэктарам саўгаса “Пратасевічы”.
З 1977 года — начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі.
З 1980 па 1990 год — старшыня выканкама Асіповіцкага райсавета народных дэпутатаў.
З 1990 па 1997 год — старшыня Асіповіцкага райсавета.
Затым 2 гады працаваў начальнікам рыбгаса “Свіслач”.
З 1999 па 2008 год — намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ДДЛГУ “Асіповіцкі доследны лясгас”.
Выбіраўся дэпутатам Магілёўскага абласнога і Асіповіцкага раённага Саветаў дэпутатаў, членам бюро Асіповіцкага гаркама КПБ.
Узнагароджаны двума ордэнамі “Знак Пашаны” (1971 і 1986), медалямі, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.
У 2011 годзе ўдастоены звання “Ганаровы грамадзянін Асіповіцкага раёна”.
Жонка Тамара Емяльянаўна працавала эканамістам, зараз на пенсіі.
Мае дзяцей — Уладзіміра і Алену, чацвёра ўнукаў — Антона, Ангеліну, Ганну і Максіма.
У кожнага з нас свая мера
Шчаслівы той, хто будуе шчасце не толькі для сябе, але і для ўсіх, хто любіць людзей, і каго яны паважаюць і любяць. Бо шчасце — гэта не толькі мець, браць, атрымліваць, а яшчэ і ў тым, каб аддаваць, дапамагаць другім, дзяліцца з імі радасцю, не быць абыякавым да чужой бяды. Важна навучыцца знаходзіць яскравыя іскрынкі ў будзённым жыцці. I калі яны збяруцца разам, можа ўспыхнуць факел, які будзе асвятляць шлях чалавечнасці, дабрыні. Гэтыя паняцці адвечныя, закладзены на генетычным узроўні, перадаюцца ад бацькоў дзецям. У нашай сям’і, напрыклад, было шасцёра дзяцей, амаль усе нарадзіліся ў нялёгкі даваенны час. Але ніколі бацькі не скардзілі-ся на лёс, з маленства прывучалі да работы, якой хапіла б яшчэ на дзесяць рук. I як бы цяжка ні было, раслі дружна, паважалі старэйшых, гатовы былі падзяліцца апошнім.
Наогул жа дзяцінства ўспамінаецца з нейкім асаблівым смакам
Цікавых момантаў у ім шмат, пералічваць можна бясконца. Але некалькі хацелася б успомніць. Сям’я была вялікая, і бацька Антон Васільевіч, былы франтавік, вырашыў пабудаваць новы дом. Аднаму не справіцца, таму ўзводзілі, як у вёсцы казалі, талакою. За ваколіцай многа гліны. Яна выратоўвала многіх вяскоўцаў. З яе і сцены ўзводзілі, і цэглу на печ рабілі. Яшчэ адна асаблівасць горацкага краю — тарфяныя балоты. Цэлымі сем’ямі выходзілі на нарыхтоўку паліва. Капалі яму глыбінёй да двух метраў і наразалі неабходныя чорныя пласты. А калі-небудзь і дуб метраў на 12-15 трапляўся — пускалі яго на слупы для агароджы. Капаць торф — праца нялёгкая: рукі ў мазалях, спіна баліць. Стомішся, ледзьве ногі прыцягнеш дадому. Дапамагалі бацькам і на касавіцы, і на жніве, і бульбу абганялі. Конь быў асноўнай цяглавай сілай. Затое зімой адпачывалі. Самаробныя лыжы, канькі, санкі. Збіраліся на гары і дарослыя, і дзеці. Смех, гоман стаяў тады на ўсю ваколіцу…
Бацькі хацелі, каб мы вучыліся
Вучыліся пры лямпе. I колькі б многа работы ні было, а да ўрокаў рыхтаваліся, заняткі стараліся без прычыны не прапускаць. Памятаю першую настаўніцу Ганну Сямёнаўну Шумейка. Добрым была чалавекам, спагадлівым, чулым. Зараз, калі прыязджаю на могілкі да сваіх бацькоў, абавязкова захо-джу і да яе. Пастаю, памаўчу… I неяк святлей становіцца на душы.
Усе набылі адукацыю, чацвёра скончылі сельгас-акадэмію, якая знаходзілася за 15 кіламетраў ад дому. Там жа, у Горках, і дзесяцігодку наведвалі. Часта дабіраліся з сябрамі туды-назад пехатою. Iдзеш гурбою — і не заўважаеш стомленасці. Студэнцкае жыццё — самая лепшая пара. Цікавыя знаёмствы, набыццё новых ведаў, грамадская дзейнасць, вечары адпачынку — вабіла ўсё. Днём вучышся, вечарам разгружаеш вагоны на станцыі, каб у кішэні пуста не было, бо таго рубля, што маці, Марыя Яфрэмаўна, давала на тыдзень, не хапала. Хадзілі на танцы. Тут пазнаёміўся з будучай жонкай, якая вучылася на эканамічным факультэце. Вяселле згулялі ўжо пасля размеркавання, калі зарабілі першыя грошы. А паколькі маладой сям’і трэба дзесьці было жыць, а ў Горках з жыллём нічога не вый-шла, то па парадзе сябра паехалі ў Асіповічы.
Горацкая зямля ўраджайная, а што ж тут расце? —
так думалася, як упершыню трапіў сюды. Кругом — лес, пад нагамі пясок. Ня-звыкла, але пасля ўбачыў, што людзі жывуць лепш, гаспадаркі моцныя, народ памяркоўны, працавіты. Але і сам не гультай — загартаванне ў бацькоўскай хаце атрымаў добрае, веды таксама такія-сякія меў, прыслухоўваўся-прыглядаўся да ўсяго. Працуючы інжынерам у саўгасе “Асіповіцкі”, дырэктарам у “Пратасевічах”, а пасля начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі, гэтую галіну вывучыў дасканала. З’явіліся аднадумцы, сябры. Не ўсё і не заўсёды атрымлівалася гладка. Можа, каго калі і крыўдзіў, хай даруюць. Але імкнуўся, каб зразумелі, што працаваць трэба не толькі з душой, але і з розумам. Людзі мне паверылі. Разам вырашалі самыя розныя злабадзённыя пытанні. Было лёгка на душы, спакойна. Бо ведаў, што на рабоце чакаюць цікавыя справы, а дома любая жонка з дзецьмі.
Нечакана атрымаў прапанову, ад якой і адказацца было няёмка
Запрасілі ў райвыканкам і сказалі, што ёсць рашэнне назначыць яго старшынёй. Некалькі гадзін на роздум — і пасля сямейнай нарады даў згоду. Ды, напэўна, інакш і нельга было. Гэта былі васьмідзясятыя гады. Як вядома, лёгкімі іх не назавеш. Калгасы, з аднаго боку, міліянеры, з другога — купіць было нечага. А запыты вялікія. Разумеў, што трэба з чагосьці пачынаць. Асабліва хвалявала бездарожжа. Як толькі пачынаецца вясна або восень, на машыне не праехаць. Як калгаснікам вазіць зерне на элеватар, сяльчанам — прадукты ў магазіны, хворых — у бальніцу? Тады пачаў абіваць парогі Міндарбуда. Дзякуючы пад-трымцы знаёмых і сяброў, дарогі ўсё ж з’явіліся. Прычым, пасля стараліся ўтрымліваць іх у добрым стане — некалькі гадоў запар пераходны Чырвоны сцяг быў нашым.
Са службовай характарыстыкі
Дзякуючы будаўніцтву новых дарог было створана некалькі аўтобусных маршрутаў і дадаткова забяспечана аўтобуснымі зносінамі каля 40 вёсак. Стварэнне сеткі аўтадарог спрыяла развіццю ў раёне базы ДРБУ-199.
Першыя асобы краіны дапамагалі
Разумеў, што трэба дапамагчы сялянам з вадой, будматэрыяламі, вулічным асвятленнем. Доўга ламаў галаву: як? Нарэшце рашэнне знайшлося: патрэбна спецыяльная служба, каб у яе руках знаходзілася неабходная тэхніка, рабочыя, невялічкія цэхі па вырабу блокаў, сталяркі. Падзяліўся ідэяй са сваім начальствам і паехаў да старшыні Саўміна Міхаіла Кавалёва. Так у райцэнтры з’явіўся селькамунгас. Марыў, што і ў вёсцы будуць працаваць невялікія брыгады, але не паспеў.
А тут — з меліярацыяй перагібы. У людзей пачала прападаць вада ў калодзежах. Зноў рушыў у Мінск па дапамогу. Дзякуй старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Георгію Таразевічу. Вы-клаў яму ўсё як на духу, абмеркавалі што да чаго — і паехаў ў Мазыр па бурмашыны. Выратавалі лю-дзей — каля 500 свідравін прабурылі.
Лепш мець сто сяброў, чым сто рублёў
Не раз у гэтым пераконваўся. Дапамагалі і ў раёне, і ў вобласці, і ў рэспубліцы. Не толькі па-плечнікамі-аднадумцамі, але і сябрамі лічыў многіх старшынь гаспадарак: Уладзіміра Пінчука, Анатолія Дзенісевіча, Рыгора Сакуна, Мікалая Кахно, Уладзіміра Роўбеля, Iвана Хічэўскага, Міхаіла Ве-раб’я, другіх. Кіраўнікі ад Бога, з разуменнем і веданнем справы, якой служылі. На жаль, некаторых няма ўжо з намі, але памяць пасля сябе яны пакі-нулі добрую. Магу з лёгкасцю пералічыць заслугі кожнага, але, баюся, не хопіць газетнай паласы. Хаця на адным усё ж спынюся. Трапіць з вёскі Краснае ў Ясень можна было толькі праз Бабруйск альбо Асіповічы, а адносіны паміж калгасамі-суседзямі існавалі не толькі сяброўскія, але і дзелавыя. Таму старшыня калгаса імя Леніна Уладзімір Пінчук і прапанаваў пракласці дарогу ад аднаго цэнтра калгаса да другога праз вёскі Татаркавічы, Асяродак, Заельнік, Матавіла, Ражнетава, Залессе. Усяго — 19 кіламетраў. Фінансаванне было агульным.
З успамінаў Уладзіміра Васільевіча Пінчука, былога старшыні калгасаў імя Чарняхоўскага і Леніна:
— Першая сустрэча з Леанідам Антонавічам адбылася ў сярэдзіне 60-х гадоў на полі саўгаса “Асіповіцкі”. Ён толькі што прыехаў у раён і ўладкаваўся сюды інжынерам. Завязалася размова, хто ды адкуль, чаго хоча ад жыцця. З той пары і пачалася дружба між намі, якая засталася на ўсе гады. Звязвалі не толькі вытворчыя пытанні, але і проста жыцейскія. Успамінаецца, як аднойчы ён прыехаў у Ясень, дзе я працаваў старшынёй. Прыйшлося нам ісці паміж школай і клубам праз парк, які толькі што пасадзілі. Сцежка такая, што не прайсці. I праз нейкі час з бюджэту райвыканкама паступілі грошы на яе добраўпарадкаванне. Яна і зараз служыць аднавяскоўцам. Многія ідэі ператварыліся ў жыццё дзякуючы яму. Хоць я старэйшы, але вучыўся ў Леаніда Антонавіча добразычлівасці, вытрымцы, узважанасці.
Пуцеправод будавалі разам з Ганнай Валянцінаўнай
Неяк у горад прыехаў старшыня Савета Міністраў Міхаіл Кавалёў. Трэба было патрапіць на паўднёвы бок. Паехалі, як у народзе кажуць, праз “гарбаты” пераезд. Як прыпыніліся, то перагаварылі пра ўсё — чакалі, пакуль пройдзе спачатку адзін, а пасля другі цягнік. “Што ж гэта за такое? — узбурыўся ён. — А калі б машына “хуткай дапамогі” альбо пажарная?”. I дапамог пасля з будаўніцтвам пуцеправода, якім ушчыльную займалася старшыня гарвыканкама Ганна Тур.
З успамінаў Ганны Валянцінаўны Тур, былога старшыні гарвыканкама:
— Удзячна лёсу, які звёў з такім чалавекам, як Леанід Антонавіч, Працаваць з ім было прыемна. Яго адрозніваюць высокая адказнасць, працавітасць, чалавечнасць. Многае са стылю работы пераняла. У яго ўсё атрымоўваецца на выдатна. Прычым, без усякіх там пампезнасцей. Помню, у горадзе збіраліся пачаць будаўніцтва радыятарнага завода. Крамінкін жа быў супраць. Аргументы прыводзіў важкія — і начальст-ва пагадзілася з ім. А яшчэ ён добры муж, бацька, дзед, сябар, сусед.
Некалькі разоў хацелі перавесці
на работу ў іншыя раёны
Толькі цвёрда вырашыў: нікуды не паеду. Падабаецца мне гэтая зямля і людзі — прырос сэрцам. Цікавай, хаця і новай, была работа ў лясгасе.
З характарыстыкі
Працуючы ў Асіповіцкім лясгасе, Леанід Антонавіч унёс дастойны ўклад у рамонт і будаўніцтва адміністрацыйных памяшканняў лясніцтваў і добраўпарадкаванню тэрыторый.
Мікалай Iванавіч Раўбель, дырэктар Асіповіцкага лясгаса:
— Зычу яму здароўя і ўдзячны за маё станаўленне як кіраўніка. Лічу сваім настаўнікам. Гэта — Чалавек з вялікай літары.
Ніна ВIКТОРЧЫК.