Навстречу Всебелорусскому Народному собранию

Насустрач падзеі
Каб жыццё землякоў стала лепшым
З якімі думкамі рыхтуецца да ўдзелу ва Усебеларускім народным сходзе адзін з асіповіцкіх дэлегатаў Мікалай Яромаў
Старшыня Дрычынскага сельвыканкама ўспрыняў сваё ўключэнне ў спіс удзельнікаў шостага Усебеларускага народнага сходу дастаткова спакойна. Чарговая адказная і тэрміновая работа, якую трэба выканаць добра. Крытэрыі выніковасці для аднаго з найбольш вопытных прадстаўнікоў мясцовай сістэмы мясцовага кіравання і самакіравання простыя: прынятыя сходам рашэнні павінны палепшыць жыццё дрычынцаў, вялікаборцаў, крамкоўцаў і жыхароў іншых паселі-шчаў самага далёкага ад райцэнтра кутка асіповіцкай зямлі.
Тут трэба ўспомніць элементарную дыялектыку, дакладней, закон адзінства і барацьбы супрацьлегласцей. Гэты закон сцвярджае, што наяўнасць супярэчнасцей выклікае рух, накіраваны на іх вырашэнне. Праблемы асобна ўзятага Дрычынскага сельсавета ў цэлым такія ж, як і іншых аддаленых мікрарэгіёнаў краіны, так што старшыня Яромаў, безумоўна, будзе мець нямала аднадумцаў сярод іншых дэлегатаў. Колькі і якіх менавіта злабадзённых пытанняў атрымаецца вынесці на парадак дня народнага сходу “сельсавецкаму лобі”, Мікалай Ягоравіч не ведае, але мае намер скарыстацца ўсімі магчымасцямі. Справа звычная, таму што для ўсяго корпуса старшынь выканкамаў сельскіх Саветаў паслядоўная ўпартасць у дасягненні пастаўленай мэты — свайго роду індыкатар прафесіянальнай прыдатнасці.
— Сяляне з аддаленых рэгіёнаў — у масе сваёй людзі асцярожныя і практычныя, таму да перамен адносяцца стрымана: маўляў, паглядзім спачатку, ці будзе з іх якая карысць, — разважае Мікалай Яромаў. — Жыццё вучыць цаніць прадказальнасць будучыні, дасягнуты ўзровень дабрабыту і сур’ёзна хвалявацца аб многім з таго, што ў меней замкнёным асяроддзі ўспрымаецца нашмат прасцей.
Вось, напрыклад, працаўладкаванне. Для аддаленых мікрарэгіёнаў гэта без перабольшвання пытанне існавання. Калі ёсць работа, канечне, з прымальным узроўнем заробкаў, на малой радзіме будзе заставацца моладзь. Сёння ж назіраецца яе стабільная міграцыя, у тым ліку за мяжу.
Пакуль на Дрычыншчыне ў стварэнні новых рабочых месцаў праблем больш, чым дасягненняў, аднак перспектывы ёсць. Замест сельгас-ААТ, якое абанкруцілася, з’явілася замежнае прыватнае прадпрыемства ТАА “Сельгасінвест”, якое працуе эфектыўна і забяспечыла занятасць большасці персаналу колішняга калгаса імя Чарняхоўскага.
Аднак новы работадаўца арыентаваны на раслінаводства, так што колькасць жывёлагадоўчых ферм у вёсках сельсавета скарацілася з 5 да 1. Забяспечыць вы-слабаненых людзей работай дапамаглі ў тым ліку і сяброўскія зносіны з сельсаветамі Старадарожчыны. Сельгаспрадпрыемствы там моцныя, а вось людзей ім не хапае. Так што нашых спецыялістаў — механізатара, цялятніц, даярак — возіць на працу ў ААТ “Залужжа” службовы аўтобус гаспадаркі.
Аднак сучасная вёска патрабуе большага. Таму ўдасканаленне сістэмы заахвочвання самазанятасці сельскага насельніцтва і прыцягненне інвестараў у аддаленыя мікрарэгіёны— справы наспеўшыя.
У Дрычыншчыны ёсць пэўны патэнцыял у абодвух кірунках. Напрыклад, раз-віццё сферы паслуг. Шаша Асіповічы-Шышчыцы апошнім часам набывае ўсё большую папулярнасць у грузаперавозчыкаў, і прадпрымальнік Міхаіл Сакалоўскі вырашыў стварыць у Вялікім Бары прыдарожнае кафэ. Адкрыццё адбудзецца ўлетку, і гэтай падзеі чакаюць не толькі тыя, хто разлічвае на працаўладкаванне.
А яшчэ аграэкатурызм, база для развіцця якога — прыгажосць і прыроднае багацце краю. Не зусім у тэму, але ў сельсавеце 8 “афіцыйных” непрацуючых, якія нядрэнна забяспечваюць сябе пераважна зборам грыбоў, ягад, рыбалкай ды наймам на сезонныя работы ў мясцовым лясніцтве.
Сур’ёзны клопат — даступнасць медыцынскіх паслуг. Падчас пандэміі COVID-19 машына хуткай дапамогі з Дрычынскай амбулаторыі часова пераведзена ў райцэнтр. Рашэнне з аднаго боку правільнае: канцэнтраваць рэсурсы медыкам сёння трэба там, дзе яны найбольш патрэбныя. Аднак для нашых вяскоўцаў, асабліва пенсіянераў, такая “ракіроўка” радасці не прынесла. Тым болей што большасць жыхароў Дрычыншчыны адносіцца менавіта да ўзгаданай узроставай групы.
Якасць мясцовых дарог — таксама праблема, поўнае вырашэнне якой без сур’ёзных арганізацыйных перамен наўрад ці магчыма. Камунальнікам трэба звяртаць на іх значна больш увагі.
Ну і нельга забывацца пра дэбюракратызацыю. Заканадаўства, якое рэгулюе дзейнасць органаў мясцовага кіравання і самакіраваня, павінна быць зручным і прос-тым у карыстанні інструментам, а не адарваным ад рэчаіснасці юрыдычным лабірынтам. Вось, напрыклад, нарматыўная база ў галіне зносу безгаспадарных сядзіб стваралася яўна без кансультацый са спецыялістамі-практыкамі. У выніку гэтая важная работа ідзе цяжка, вельмі марудна і да таго ж стратна. Пры гэтым кожны старшыня сельвыканкама ведае, якія трэба ўнесці карэктывы, каб ліквідаваць занядбанае жыллё на сваёй тэрыторыі за год-два, прычым з мінімальнымі расходамі, а можа нават і крыху зарабіўшы.
Чаму канструктыўныя прапановы “знізу” па ўдасканаленні работы сельскіх Саветаў не рэалізуюцца так хутка, як тое патрэбна? Дык выпраўленне гэтай недарэчнасці і ёсць адна з прычын, па якіх было пастаўлена рубам пытанне аб пераразмеркаванні паўнамоцтваў паміж галінамі ўлады.