На мясцовым Парнасе

На мясцовым Парнасе

“Ты мяне заваражыла ды натхненнем закружыла, і табе адной клянуся, што з табой не развядуся. А душа мая — бы ў раю, бо цябе люблю-кахаю”, — такімі жартаўлівымі, але шчырымі словамі прызнаецца ў адданасці паэзіі і роднай мове Міхась Мельнік — педагог і паэт, які нарадзіўся і вырас у Майсеевічах.

Асіповіцкая зямля стала калыскай наогул для многіх людзей з паэтычнай душой, лірычнай мовай, пачуццём адданасці роднаму краю і матчынаму слову, а галоўнае — чыстымі думкамі і памкненнямі. Частка з іх друкуецца ў раённай газеце, іншыя пішуць для сябе і блізкіх або да пары-часу трымаюць напісаныя творы ў шуфлядзе.

Сёння гаворка пра тых, хто радуе землякоў паэтычнымі радкамі, весяліць і дае магчымасць забыцца на нейкі час пра надзённыя клопаты або выклікае пяшчоту, лёгкі сум, замілаванне, шчымлівае пачуццё незваротнасці, — словам, агаляе тонкія струны душы і высвечвае тое, аб чым чалавек не можа прызнацца нават самому сабе.

Паэтычныя радкі нашых творцаў заўсёды кранаюць, даюць магчымасць адчуць дачыненне да таго, аб чым напісана. Майстры слова маюць розныя прафесіі — настаўнік матэматыкі і бібліятэкар, тэхнолаг і журналіст, — а родняць іх уменне па-мастацку выяўляць свой унутраны свет, бязмежная любоў да роднай мовы і вельмі тактоўнае абыходжанне з ёй.

Шлях да Паэзіі ў кожнага творцы таксама быў свой. Аб тым і расказалі пры сустрэчы, якая адбылася напярэдадні Дня беларускага пісьменства.

Ларыса Гарбайчук:

— Расла ў афіцэрскай сям’і, ездзіла разам з бацькамі па гарнізонах. І калі прыйшла працаваць у Асіповіцкую гімназію, вельмі перажывала, што ўзнікнуць моўныя праблемы, таму што беларускай мовы і літаратуры ў расійскіх школах не выкладалі. Але аказалася, што жыватворная мова Коласа і Купалы заўсёды жыла ўва мне. На ёй размаўляла матуля, якая нарадзілася ў Жорнаўцы, а ў час вайны была беларускай партызанкай. Роднае слова гучала дома, на старонках газет і часопісаў. Аказалася, што і ў маёй душы. І з цягам часу яно выйшла на свет, каб занатавацца ў паэтычных радках. Напісала каля 200 вершаў на абедзвюх дзяржаўных мовах, якія аднолькава люблю і паважаю.

Лёля Багдановіч:

— З паэзіяй сябрую з дзяцінства. Асабліва падабаецца творчасць Пушкіна. А сама пісаць стала не так даўно, бо тую даўнюю спробу пяра, калі ў дзяцінстве напісала песню, не бяру ў разлік. Механізмам, які “ўключыў” у маёй душы паэтычны дар, лічу з’яўленне ўнукаў. Тады ўпершыню ўзялася за пяро. Цяпер пішу пастаянна. Думкі і пачуцці самі знаходзяць вершаванае адлюстраванне. Дзялюся імі з людзьмі розных узростаў і рада, што знаходжу падтрымку. Рэгулярна друкуюся ў часопісах “Бярозка”, “Маладосць”, “Полымя”, газетах “Зорька”, “Женский калейдоскоп” і іншай перыёдыцы. Выдала некалькі зборнікаў.

Анатоль Тамашэўскі:

— Вершы пішу з малых гадоў. Першае выданне, з дапамогай якога мае творы ўбачылі свет, — школьная насценгазета, у стварэнні якой прымаў самы актыўны ўдзел. Сябрую і з раённымі газетамі. У розныя часы вершы друкаваліся ў круглянскай, кіраўскай, клімавіцкай “раёнках”. І, само сабой, родны “Асіповіцкі край” рэгулярна размяшчае мае творы. Плённа супрацоўнічаў з часопісам “Вожык”. У біяграфіі былі розныя вехі, звязаныя з літаратурай: нядоўгая работа бібліятэкарам, кіраўніцтва драмгуртком, шматгадовая праца галоўным рэдактарам газеты, удзел у літаратурных аб’яднаннях, сустрэчы з чытачамі. Адным словам, друкаванае слова трывала ўвайшло ў жыццё і надзейна там усталявалася, каб падарыць шмат шчаслівых момантаў.

Тамара Пятровіч:

— Любімы занятак на працягу ўсяго жыцця — чытанне. З кнігай у руцэ мяне можна было застаць у любым узросце. З радасцю знаёмлюся з паэтычнымі і празаічнымі творамі разнастайных жанраў, ахвотна адкрываю для сябе новых пісьменнікаў. Прызвычаіліся да гэтага карыснага занятку і дочкі. А беларуская мова асабліва блізкая майму светаўспрыманню.

Некалькі гадоў таму словы сталі складацца ў вершаваныя радкі, і я неяк спакваля стала пісаць вершы, у якіх дзялюся сваімі думкамі і разважаннямі. Ёсць і яшчэ адно захапленне — вельмі люблю кветкі, якіх на маёй сядзібе шмат. Яны таксама нібы размаўляюць са мной на паэтычнай мове.

 

Последние новости

Актуальнае

Жыхарка Асіповіцкага раёна Наталля Малая з павагай ставіцца да матулінай спадчыны

19 апреля 2025
Читать новость
Культура

У Асіповіцкім раённым цэнтры народных рамёстваў праходзяць майстар-класы па падглазураваным роспісе керамікі

19 апреля 2025
Читать новость
Новости

Расписание пасхальных богослужений

18 апреля 2025
Читать новость
Новости

А ведь кто-то из них победит

18 апреля 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко рассчитывает на наращивание динамики межгосударственных отношений с Зимбабве

18 апреля 2025
Читать новость
Новости

В Осиповичском государственном колледже прошел необычный мастер-класс

18 апреля 2025
Читать новость