Правілы добрага тону, або Як не сапсаваць свой імідж “Вконтакте”

Правілы добрага тону,  або Як не сапсаваць свой імідж “Вконтакте”

Сёння сацыяльныя сеткі трывала ўвайшлі ў жыццё сучаснай моладзі. “Вконтакте”, “Аднакласнікі”, “Фэйсбук” — многія не ўяўляюць сябе без іх і пры першай жа магчымасці абнаўляюць фота, статусы, вядуць перапіскі, пакідаюць “камэнты”… Разам з тым, ёсць шмат ліній паводзін у сацыяльных сетках. Але існуюць пэўныя правілы добрага тону, абавязковыя для ўсіх карыстальнікаў. Бо калі іх не выконваць, вы рызыкуеце стварыць сабе вельмі неадназначны імідж. Дык ад чаго ж варта ўстрымацца:

Пакутаваць на ўсеагульны агляд

Гаротныя статусы, музыка, карцінкі з трагічнымі надпісамі… Так і бачыш, як чалавек моліць: “Пашкадуйце мяне, гаротніка!” А заадно паругайце і крыўднікаў, пра якіх пакутнік усё-ўсё рэгулярна расказвае. Вось толькі такія “прадстаўленні на публіку” хутка стамляюць знаёмых, а часам прымушаюць і выдаліць з сяброў звыш-эмацыянальную асобу.

 Выдаляць старонкі

…Потым аднаўляць. А потым зноў выдаляць і зноў аднаўляць. Пакуль сябры не пачнуць жартаваць на гэтую тэму або патрабаваць вы-значыцца з выбарам. Верагодна, хтосьці жадае такім чынам прыцягнуць да сябе ўвагу, у кагосьці так выяўляецца дэпрэсія, а нехта ніяк не вырашыцца пачаць новае жыццё — у рэальным свеце, а не інтэрнэт-прасторы. Калі такім глупствам займаецца дзяўчына — яшчэ паўбяды: эмацыйная нестабільнасць і ўсё такое. Але вось калі “істэрыку” закатвае мужчына — гэта выглядае па меншай меры дзіўна.

 “Троліць”

А дакладней — старацца зняважыць усіх і ўся з любой нагоды, будзь то няправільна пастаўленая коска або сур’ёзны заган у знешнасці. Часцей за ўсё прычына падобных забаў — патрэба адчуваць сваю перавагу над усімі, аснова якой уласныя комплексы. Такія людзі адчуваюць сябе ў бяспецы, бо ў любы момант могуць  “знікнуць з онлайн”. Але трэба мець на ўвазе, што цяпер тэхналогіі дазваляюць даведацца, хто і адкуль напісаў чарговую порцыю гадасцей. І невядома, што ў гэтай сітуацыі лепш: трапіць у міліцыю за абразы або быць пабітым у цёмным завулку сябрамі “пацярпелага”. Аматарам “тролінга” хочацца параіць: лепш пазбаўляцца ад комплексаў на рынгу, а не здзекавацца над навакольнымі. І людзей “даставаць” не будзеце, і сумленне застанецца чыстым.

 Выдаваць чужыя фотаздымкі за свае

Даволі часта здараецца такое, што замест сваёй фатаграфіі карыстальнікі сеткі ставяць выявы іншых людзей. Хтосьці саромеецца сваёй знешнасці, нехта проста не хоча, каб усе ведалі, як ён выглядае ў “рэале”. Варыянт тут адзін: выкарыстоўваць чужыя фота нельга. Гэта як мінімум парушэнне аўтарскіх праў. Лепш проста не ставіць фота зусім.

 Адзначаць сяброў на кампраметуючых фотаздымках

Учора прайшла вясёлая вечарынка, а сёння вы з жахам бачыце надпіс “Мае здымкі +1”. І сэрца замірае ад прадчування: што ж там? Сяброў падстаўляць непрыгожа. Перш чым паставіць пазнаку на фота, варта іх папярэдзіць пра гэта, а лепш атрымаць згоду. Далёка не ўсе жадаюць дзяліцца падрабязнасцямі свайго жыцця з грамадствам. Не забывайце пра гэта!

 Вывучаць старонкі былых каханых

Прагортваць “сцяну”, пакідаць бессэнсоўныя каментарыі, нібы выпадкова ставіць “лайкі”, шукаць пацвярджэнне, што вас памятаюць, кахаюць і пакутуюць… Некаторыя даходзяць да таго, што ствараюць акаўнты ад чужога імя і пачынаюць перапіску з былым аб’ектам кахання, спрабуючы высветліць падрабязнасці яго асабістага жыцця. Адным словам, відовішча, вартае жалю. Паважайце сябе.

 Прасіць прагаласаваць у конкурсах-бязглуздзіцах

Ці яшчэ лепш: прасіць незнаёмых людзей, каб іх сябры прагаласавалі за вас. Рэакцыю большасці на гэта лёгка ўявіць. У крайнім выпадку, прагаласуюць за саперніка — каб была навука.

Дзіўна, але падобныя з’явы існуюць. Прычым, многія з нас хоць аднойчы, але сутыкаліся з нечым падобным. І ў асноўным маладыя жыхары Асіповіч салідарныя з тым, што гэта несур’ёзна:

Яўген Александрэнка, студэнт 5 курса:

— Лічу тых, хто падобным займаецца, мякка кажучы, дурнямі. Навошта тады рэгістравацца ў сацыяльных сетках? Каб звярнуць на сябе ўвагу такім чынам? Дзякуй Богу, у мяне такіх сяброў няма — усе цалкам адэкватныя людзі. Увогуле, сапраўды непрыстойна займацца падобным глупствам.

Аляксандра Арсенева, вучаніца 8 класа:

— З чаго вы ўзялі, што гэта лічыцца непрыстойным? Нармальная з’ява. Хоць асабіста я так не рабіла.

Раман Сіліцкі, вадзіцель пагрузчыка:

— Вельмі негатыўна стаўлюся да флуду*, розных незразумелых фотаздымкаў на аватарках. Цярпець не магу непрыстойных выказванняў і каментарыяў. Нехта, магчыма, лічыць сябе вельмі асаблівым, на самой жа справе — падае ў вачах акружаючых. На шчасце, ад знаёмых такога пакуль не заўважаў. І, спадзяюся, не заўважу. Ну а сам тым больш да такога глупства не апушчуся.

Вольга Каменява, маладая мама:

— Карыстаюся сацыяльнымі сеткамі не часта. Але калі бачу адкрытае хамства, заўсёды гэтага чалавека выдаляю з сяброў. Што тычыцца выкарыстання чужых фота — глупства, але не смяротна. Так звычайна дзяўчынкі-школьніцы забаўляюцца, ім даравальна.

Такім чынам, рабіце высновы, ці варта рызыкаваць сваім іміджам і рэпутацыяй дзеля няпэўнага задавальнення прыцягнуць да сябе ўвагу апісанымі спосабамі. Кожнаму вырашаць самастойна…

*Флуд — паведамленні ў інтэрнэт-форумах і чатах, якія займаюць вялікія аб’ёмы і не нясуць ніякай карыснай інфармацыі.

Марыя ТАЛЕЙКА.

Последние новости

Актуальнае

Жыхарка Асіповіцкага раёна Наталля Малая з павагай ставіцца да матулінай спадчыны

19 апреля 2025
Читать новость
Культура

У Асіповіцкім раённым цэнтры народных рамёстваў праходзяць майстар-класы па падглазураваным роспісе керамікі

19 апреля 2025
Читать новость
Новости

Расписание пасхальных богослужений

18 апреля 2025
Читать новость
Новости

А ведь кто-то из них победит

18 апреля 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко рассчитывает на наращивание динамики межгосударственных отношений с Зимбабве

18 апреля 2025
Читать новость
Новости

В Осиповичском государственном колледже прошел необычный мастер-класс

18 апреля 2025
Читать новость