Лозапляценне на Асіповіччыне. Традыцыям — жыць!

Лозапляценне на Асіповіччыне. Традыцыям — жыць!

Адышлі ў мінулае плеценыя сцены гаспадарчых пабудоў, лазовыя куфры, дарожныя сакваяжы і іншае начынне, але, дзякуючы энтузіязму і таленту сучасных народных майстроў, адно з самых старадаўніх рамёстваў працягвае жыць. Вырабы з лазы можна пабачыць на выставах-кірмашах, што ладзяцца падчас правядзення розных фестываляў і свят. 76-гадовы Мікалай Юркавец з Чучча ў іх не ўдзельнічае, але яго кошыкі і карзіны карыстаюцца попытам далёка за межамі роднай вёскі.

юрковец корзины

— Хто быў настаўнікам, навучыў майстэрству пляцення?

— Стаў займацца лозапляценнем, калі пайшоў на заслужаны адпачынак, — гаворыць Мікалай Міхайлавіч. — Нават цяжка і ўявіць, колькі сплёў за гэты час карзін. Спачатку рабіў для асабістых патрэб. Лёгкія, зручныя, ці то бульбу садзіць-капаць, ці травы прынесці. Дзецям, бывала, рабіў меншыя, дарослым — каб больш чаго ўлезла. Затым і суседзі сталі звяртацца: кош — патрэбная ў гаспадарцы рэч.

А навуку асвоіў яшчэ ў далёкім дзяцінстве. Рос без бацькі, каб неяк пракарміцца, наймаўся падпасавічам да пастухоў авечак — пасля вайны іх разводзілі ў калгасах. Пакуль жывёліны мірна пасвіліся, старэйшыя дзядзькі бавілі час за пляценнем кашоў. Было цікава назіраць за імі і слухаць размовы, якія прыадчынялі таямніцы дадзенага рамяства, запатрабаванага ў тую пару. Цяпер дзяцей цяжка зацікавіць такой справай, бо не надта ім гэта і патрэбна: людзі амаль не трымаюць гаспадарку. А праца гэта карпатлівая, патрабуе руплівасці і часу. Зараз людзі, на жаль, увесь час некуды спяшаюцца і ім няма калі вышываць, ткаць і плесці. А нам, беларусам, патрэбна ўсё ж захоўваць народныя традыцыі і звычаі. У іх многа станоўчага. Лаза, напрыклад, дапамагае супрацьстаяць усяму дрэннаму.

— Дзе бярэце матэрыял для работы?

— У межах вёскі няма добрай лазы, таму сын возіць пад Бабруйск і Асіповічы. Дапамагае яе нарэзаць, прывезці. Каб сплесці невялікі кошык, трэба прыкладна 100-120 пруткоў. На аснову ідуць больш тоўстыя. Калі раблю святочныя карзіны, то зачышчаю галінку, вобразна кажучы, здымаю з яе адзенне.

— І колькі патрабуецца часу, каб сплесці кош?

— Хапае дня, калі нічога іншага не рабіць. Яшчэ залежыць ад памеру, формы, а таксама прызначэння. Многім падабаюцца святочныя карзіны, з якімі добра ў царкву хадзіць. Некаторым — з крышкай. Атрымліваю асалоду ад работы. Працуючы, забываеш пра ўсе балячкі. У паветры стаіць прыемны водар. Застаешся адзін на адзін з дрэвам і вядзеш з ім задушэўную бяседу. Галінкі, як і дзеці, бываюць непаслухмяныя. Пачынаеш іх ушчуваць, пагладжваць, глядзіш — і палагаднелі.

Наогул, калі працуеш з натуральнымі матэрыяламі, адчуваеш нейкі прыліў сіл. Працэс робіць звычайны дзень больш яркім, насычаным. Прыемна назіраць, як сваімі рукамі паступова ствараеш рэч, якая падабаецца не толькі табе, але і другім.

— Ці перадаеце каму сваё майстэрства?

— Сын, думаю, што ўмее, калі спатрэбіцца, справіцца з задачай. Унучкі любяць назіраць за мной: то пруток пададуць, то песеньку спяюць. І мне тады працуецца весялей. Не так даўно зацікавіўся няхітрай навукай хлопец са сталіцы: спецыяльна прыязджаў, каб узяць некалькі ўрокаў. Для мяне за шчасце перадаць камусьці свае навыкі. Патрэбна, каб традыцыі жылі.

Ніна ВІКТОРЧЫК.

Фота Ніны ЦАРЫК.

Последние новости

Спорт и туризм

«Дикий трейл-2025» прошел в Осиповичском районе

4 ноября 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко видит возможность в разы нарастить товарооборот Беларуси с Индией

4 ноября 2025
Читать новость
Общество

Льготные кредиты на жилье: кто может получить и куда обращаться

4 ноября 2025
Читать новость
Общество

Самый молодой инженер-конструктор Осиповичского завода транспортного машиностроения рассказал о своей работе

4 ноября 2025
Читать новость
Общество

Хотите улучшить организацию работы общественного транспорта в области?

4 ноября 2025
Читать новость
Общество

Гороскоп на 4 ноября: кому стоит быть внимательнее с деньгами и обещаниями

4 ноября 2025
Читать новость

Рекомендуем