Калі ў сутках мала гадзін

Дэпутат — не прафесія
Сваю дэпутацкую работу ад агульнай грамадскай дзейнасці дырэктар сярэдняй школы № 3 Анатоль Шчамялёў практычна не аддзяляе.
Ёсць такая “прафесія” — рабіць жыццё землякоў зручным і ўтульным. I займеў яе Анатоль Цітавіч яшчэ задоўга да таго, як увайшоў у склад раённага Савета дэпутатаў, дзе ён ужо чацвёртае скліканне. Колькі за гэты час звярнулася да яго людзей з Акцябрскай выбарчай акругі № 3? Сказаць складана. Пэўна толькі адно: нямала. Адным атрымалася цалкам вырашыць праблему, другім удалося толькі паспрыяць парадай, але такога, каб Шчамялёў адмовіўся дапамагчы, не было.
Нельга сказаць, што колькасць зваротаў пастаянна ўзрастае — і гэта дае падставы меркаваць, што ў людзей стала менш праблем, якія яны не могуць вырашыць самастойна. Часцей за ўсё да Шчамялёва звяртаюцца землякі з пытаннямі добраўпарадкавання. I апошняе, што было зроблена літаральна нядаўна, — падсыпка часткі вуліцы Пушкіна.
Ці маюць узаемны ўплыў пасады кіраўніка ўстановы адукацыі і дэпутата? Па вялікім рахунку — так, і толькі станоўчы. Анатоль Цітавіч ужо больш за 25 гадоў узначальвае школу, а гэта значыць, выдатна ведае свой мікрараён і яго жыхароў з іх праблемамі, заўсёды ў курсе мясцовых навін. Ну а дэпутацтва дапамагае эфектыўней рэалізоўваць некаторыя школьныя праекты. У тым сэнсе, што ёсць магчымасць даводзіць да дэпутатаў і мясцовай улады праблемы школы, прычым, не толькі сваёй, а таксама больш цесна ўзаемадзейнічаць з кіраўнікамі прадпрыемстваў. Нярэдка СШ № 3 дапамагае, напрыклад, дэпутат Аляксандр Баброў: штогод вытворчы ўчастак, які ён узначальвае, у якасці шэфскай дапамогі забяспечвае ўстанову адукацыі гароднінай. Ды і турнікеты пры ўваходзе на тэрыторыю школы з’явіліся таксама не без яго ўдзелу.
У бліжэйшых планах Шчамялёва — абсталяванне хакейнай пляцоўкі. Пакуль надвор’е дазваляе, трэба завезці гравій, паставіць слупы і драўляную агароджу. Тады застанецца толькі пачакаць маразоў, каб заліць пляцоўку, і — наперад з клюшкай да перамог! Хіба не выдатны спосаб запоўніць зімой вольны час падлеткаў?
Побач з прозвішчам Шчамялёў нярэдка стаіць пасада старшыні — мабыць, наканаванне лёсу? Зараз ён узначальвае маладзёжнае экалагічнае грамадскае аб’яднанне “Дзеля жыцця на Зямлі” ў школе, садовае таварыства “Верайцы” на дачы, пастаянную камісію па сацыяльна-культурнай сферы і сацыяльна-культурнай абароне насельніцтва ў райсавеце дэпутатаў. Дарэчы, на апошнім яе пасяджэнні, якое адбылося 23 кастрычніка, разглядалася работа з сем’ямі сацыяльнай рызыкі ў Ялізаве, райста трымала адказ па забеспячэнні гандлёвых кропак, а аб дзейнасці ўстаноў культуры расказвала начальнік аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі райвыканкама Iрына Раманчук. Гэта добрая магчымасць разам падумаць, якія меры прыняць, каб работа ішла ў патрэбным рэчышчы, а задуманае сапраўды ажыццяўлялася, не заставалася планамі на паперы.
Магчыма, менавіта з-за неабыякавасці Шчамялёва да зоны сваёй адказнасці адна з лепшых устаноў адукацыі ў раёне і ўзначальваемая ім школа. Прычым, па многіх параметрах. Узяць хаця б тое, што тут абсталяваны 4 камп’ютарныя класы, а кіраўнік яшчэ марыць, каб камп’ютар стаяў у кожным кабінеце. I няма сумнення, што так яно праз некаторы час і будзе.
Зараз дырэктар школы рыхтуецца да ўдзелу ў абласным конкурсе “Лідар адукацыі”, другі этап якога пройдзе 5 лістапада. I працоўнага дня, які звычайна распачынаецца ў Шчамялёва ў 7 гадзін раніцы, гэтаму дзейснаму чалавеку не заўсёды дастаткова: хочацца ж зрабіць так многа…
Валянціна КОРБАЛЬ.