Интересное о страховании

Страхаванне
Выплаты, якіх лепш пазбегнуць
Любоў Дубіна пачала займацца страхавой работай у 1983 годзе, пасля заканчэння фінансава-эканамічнага тэхнікума. І ўвесь гэты час працуе на адным месцы. Завочна скончыла Мінскі інстытут народнай гаспадаркі. Зараз з’яўляецца вядучым спецыялістам. Зона яе адказнасці — страхаванне ад няшчасных выпадкаў. Аб сваёй рабоце гатова расказваць шмат і цікава:
— Абавязковае страхаванне ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў праводзіцца ў краіне больш за 15 гадоў. Сутнасць яго ў тым, што наймальнікі плоцяць страхавыя ўзносы за сваіх работнікаў, а калі з кімсьці адбудзецца няшчасны выпадак пры выкананні абавязкаў, то Белдзяржстрах забяспечвае пацярпеламу страхавыя выплаты. Прычым гэтыя сумы з наймальніка не ўтрымліваюцца. Вельмі важна, каб працоўныя адносіны работніка з наймальнікам былі аформлены, інакш, калі што здарыцца, на страхоўку разлічваць не прыйдзецца.
А няшчасныя выпадкі, нягледзячы на меры па ахове працы, што прымаюцца ў вытворчых калектывах, усё ж адбываюцца. Так, за перыяд дзейнічання гэтага віда страхавання па выплату ў выніку наступстваў няшчаснага выпадку на вытворчасці звярнуліся 476 чалавек, з якіх 19 — у сувязі са стратай кармільца.
Выплаты па няшчасных выпадках істотна дапамагаюць людзям, якія атрымалі працоўнае калецтва ці пазбавіліся кармільца. Дарэчы, пры страце кармільца назначаюцца штомесячныя страхавыя выплаты дзецям, а ў некаторых выпадках іншым родным. Акрамя таго, ажыццяўляецца аднаразовая выплата ў памеры 12 штомесячных, пакрываюцца выдаткі на пахаванне, выраб і ўстаноўку помніка. Тым, хто атрымаў працоўнае калецтва і пазбавіўся прафесійных здольнасцей, назначаюцца штомесячныя страхавыя выплаты і аднаразовая ў памеры 6 штомесячных.
Белдзяржстрах таксама аплочвае бальнічныя лісты і робіць даплату да сярэдняга заробку пры пераводзе на лёгкую працу ў сувязі з вытворчымі траўмамі. Па заключэнні МРЭК ці УКК дадаткова аплочвае выдаткі на лекі, санаторна-курортнае лячэнне, рэабілітацыю.
Памер выплат залежыць ад зарплаты пацярпелага, працэнта страты дзеяздольнасці і наяўнасці віны ў няшчасным выпадку.
Усе наймальнікі абавязаны рабіць страхавыя ўзносы не радзей аднаго раза ў квартал. Калі іх не ўносіць своечасова, то сума запазычанасці накопліваецца, з’яўляюцца пені і разлічыцца потым бывае цяжка.
Да страхавых тарыфаў па абязковым страхаванні ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў штогод устанаўліваюцца зніжкі і надбаўкі. Даведацца пра памеры страхавога тарыфа наймальнік павінен самастойна на сайце Белдзяржстраха.
Кожны год у выніку зверкі з Фондам сацыяльнай абароны насельніцтва выяўляюцца выпадкі, калі страхавальнікі, асабліва дробныя прыватныя прадпрыемствы і індывідуальныя прадпрымальнікі, уносяць страхавыя ўзносы толькі ў ФСАН, а Белдзяржстрах ігнаруюць. І адпаведна не прадастаўляюць справаздачу ў страхавую кампанію, за што атрымоўваюць штраф. А дадзеным відам страхавання ў прадстаўніцтве Белдзяржстраха займаецца адзін спецыяліст, які фізічна не можа патэлефанаваць 900 індывідуальным прадпрымальнікам, 545 юрыдычным асобам і 22 адасобленым падраздзяленням. Таму ўсім ім трэба часцей заходзіць на сайт Белдзяржстраха або званіць на нумар 27-001.